Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія татары Турцыі заклікалі сьвет вызваліць Крым ад расейскай акупацыі


Пікет супраць акупацыі Крыма пад сьценамі амбасады Расеі ў Анкары. 28 лютага 2015 году

Пікет супраць акупацыі Крыма пад сьценамі амбасады Расеі ў Анкары. 28 лютага 2015 году

Удзельнікі пасяджэньня плятформы крымскататарскіх арганізацыяў Турцыі выступілі з патрабаваньнем да ўсяго цывілізаванага сьвету «прыкласьці максымальныя намаганьні для вызваленьня Крыму — радзімы крымскіх татар — ад расейскай акупацыі і да аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Пра гэта паведамляе сайт «Крим.Реалии» са спасылкай на распаўсюджаную Мэджлісам рэзалюцыю пасяджэньня плятформы, якое праходзіла 4-5 красавіка ў Анкары.

«Плятформа крымскататарскіх арганізацыяў Турцыі падкрэсьліла, што прадстаўнічыя органы крымскататарскага народа, выбраныя дэмакратычным шляхам у свабодным грамадзтве, не прызнаюць незаконнай акупацыі паўвострава і працягнуць сваю барацьбу за аднаўленьне законнага парадку ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі прынцыпамі вяршэнства права», — гаворыцца ў паведамленьні.

У рэзалюцыі ўдзельнікі пасяджэньня асудзілі «рэпрэсіўныя дзеяньні ў дачыненьні да крымскіх татар, накіраваныя на абмежаваньне свабоды грамадзянаў, перасьлед лідэраў Мэджлісу і сябраў нацыянальнага руху, ціск на незалежныя крымскататарскія СМІ, парушэньні правоў чалавека».

У заяве гаворыцца, што гэтыя «бясчынствы павінны быць разгледжаныя на ўзроўні Міжнароднага суду».

Акрамя таго, на пасяджэньні плятформы крымскататарскіх арганізацыяў у Анкары было прынятае рашэньне аб правядзеньні 17 траўня ў горадзе Эскішэхір жалобных мерапрыемстваў з нагоды гадавіны дэпартацыі. Дэлегаты таксама дамовіліся правесьці ў канцы ліпеня — пачатку жніўня ў Турцыі Сусьветны кангрэс крымскіх татараў.

16 сакавіка 2014 году на тэрыторыі Крыма і горада Севастопаля адбыўся так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Ні Ўкраіна, ні Эўрапейскі Зьвяз, ні ЗША не прызналі дадзенае галасаваньне і лічаць, што Крым Расея анэксавала.

XS
SM
MD
LG