Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чэхіі пасварыўся з амбасадарам ЗША з-за Расеі


Уладзімір Пуцін і Мілаш Зэман

Уладзімір Пуцін і Мілаш Зэман

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман лічыць недапушчальнымі публічныя крытычныя выказваньні пра ягоны будучы ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 70-годзьдзя перамогі ў Маскве з боку пасла ЗША ў Чэхіі Эндру Шапіра.

Зэман — адзін зь нямногіх эўрапейскіх лідэраў, які даўно вызначыўся і пастаянна заяўляе пра свой прыезд у Маскву.

«Для пасла Шапіра дзьверы Праскага граду (рэзыдэнцыя кіраўніка дзяржавы) зачыненыя», — заявіў Зэман

«Не магу ўявіць, каб чэскі амбасадар у Вашынгтоне раіў амэрыканскаму прэзыдэнту, куды яму ехаць, — падкрэсьліў Зэман. — Я не дазволю ніводнаму паслу ўмешвацца ў праграму маіх замежных візытаў».

Шапіра нядаўна заявіў Чэскаму тэлебачаньню, што прысутнасьць Зэмана на маскоўскіх ўрачыстасьцях прывядзе да дыскрэдытацыі пазыцыі Захаду па Ўкраіне. Ён падкрэсьліў, што рашэньне аб удзеле ў сьвяткаванні перамогі лідэра адной зь дзяржаваў — чальцоў Эўразьвязу зьяўляецца недальнабачным.

Прэзыдэнт Чэхіі выказаўся таксама супраць спробаў ізаляцыі Расеі. «З Расеяй неабходна падтрымліваць і развіваць адносіны, якія базуюцца ня толькі на гандлі, але і, напрыклад, на стратэгічным партнэрстве ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам», — адзначыў ён.

Раней Зэман запэўніў, што перамоваў з Пуціным не плянуе: «Магу вас запэўніць, што ніхто з гасьцей 9 мая дакладна ня будзе весьці перамовы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, у лепшым выпадку абмяняемся зь ім поціскамі рукі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG