Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер daroha робіць мульты пра мову і свабоду ВІДЭА


Ад пачатку сакавіка на сайце Белсату зьявіўся незвычайны праект — «Прабел». Сродкамі мультыплікацыі ягоны аўтар — «аніматар daroha» — спрабуе выказаць сваё стаўленьне да нейкіх базавых рэчаў — свабода, мова, дзяржава, фашызм.

«Усё пачалося з таго, што папросту захацелася паспрабаваць сябе ў чым-небудзь новым — вось і ўзяўся за анімацыю. Наагул цяперашняе разьвіцьцё тэхналёгіяў дае папросту неверагодныя магчымасьці праявіць сябе кожнаму — была б ахвота ды было што сказаць. Вучыўся анімаваць па начох, прыходзіў з працы дадому й сядаў да раніцы за мульты. Гэтак і малюю іх дагэтуль па начох. Мабыць, найперш для сябе самога — адказваю на важныя для мяне пытаньні, акрэсьліваю важныя для мяне паняткі. Ну а калі гэта яшчэ і камусьці іншаму цікава — ну дык файна ж!» — сказаў daroha Радыё Свабода.

Аўтар, які нарадзіўся ў Гародні, кажа, што пачынаў займацца анімацыяй з зусім іншаю задумкаю — хацеў стварыць мультсэрыял пра двох гарадзенскіх сяброў, гэткія вельмі лякальныя гісторыі. Але калі зьявілася магчымасьць выстаўляцца на інтэрнэт-пляцоўцы «Белсату», пачаў маляваць «прабелы». Пакуль існуе дамоўленасьць, што прынамсі да ліпеня штопятніцу на сайце будзе зьяўляцца новая сэрыя.

«Вельмі прыемна, калі ёсьць зваротная сувязь — пасьля кожнай сэрыі мне абавязкова хтосьці дый напіша, ды яшчэ і тэму прапануе для наступнае сэрыі: у мяне іх назьбіралася гара — да наступнага году не разгрэбсьці», — кажа daroha.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG