Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апостальскі нунцый пажадаў беларусам «быць здольнымі бачыць рэчаіснасьць вачыма грамадзян сьвету»


Клаўдыё Гуджэроці
Клаўдыё Гуджэроці

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці павіншаваў беларусаў з Вялікаднем.

«Як прадстаўнік папы на беларускай зямлі, я хацеў бы пажадаць усім, каб уваскрослы Хрыстус дапамог зламаць бар’еры, якія людзі ўпарта працягваюць узносіць, і каб усе змаглі адчуць сябе адной сям’ёй, — адзначаецца ў велікодным віншаваньні нунцыя, тэкст якога разьмешчаны на афіцыйным сайце беларускага касьцёла (catholic.by). — Жадаю ўсім быць здольнымі бачыць рэчаіснасьць вачамі грамадзян сьвету, нікога не адпіхваючы і не выключаючы».

Гуджэроці зьвярнуўся з просьбай: «Сьвяты Ян Павел II, выпрасі ў Бога для „сваіх славян“ дар адзінства і міру, бяз зайздрасьці, подласьці, барацьбы, без трагедыі насільля ва Ўкраіне».

«Жадаю, каб беларусы лепш разумелі сваю адмысловую ролю ў будаваньні славянскай еднасьці, з павагай да разнастайнасьці і са сьвядомасьцю агульнай спадчыны. У гэтым працэсе таксама і розныя цэрквы ўцягваюцца ў пераадольваньне бясплённых падзелаў, незразумелых і непрымальных для сучаснага чалавека, якія асудзіў сам Хрыстус», — гаворыцца ў віншаваньні.

Апостальскі нунцый прагадаў нядаўні візыт у Беларусь дзяржаўнага сакратар папы Францішка кардынала П’етра Параліна (12–15 сакавіка).

«Пасьля свайго вяртаньня ён расказаў папу пра гэты візыт. Пантыфік быў вельмі ўзрушаны сьведчаньнем свайго бліжэйшага супрацоўніка. Папа Францішак благаслаўляе ўсіх беларусаў і жадае таго, што найбольш каштоўнае ў жыцьці: дарыць любоў і быць любімымі. Таксама і кардынал П’етра Паралін перадае вам прывітаньне і дзякуе за вашу гасціннасьць, якую ён у размове са мной назваў «незабыўнай», — адзначыў арцыбіскуп Гуджэроці.

«Спадзяюся, што прыйдзе той дзень, калі не толькі прадстаўнік, але сам папа Францішак зможа прыехаць сюды, каб абняць вас, дазваляючы гэтым адчуць, як моцна Бог вас любіць», — дадаў апостальскі нунцый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG