Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч: Хрыстос патрэбны нам, каб разбудзіць пачуцьцё адказнасьці за нашу Айчыну

  • БелаПАН

Сёньня каталіцкія, грэка-каталіцкія вернікі і пратэстанты ўсяго свету адзначаюць свята Ўваскрэсеньня Хрыстовага — Вялікдзень, альбо Пасху. Сьвяточныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх храмах і малітоўных дамах Беларусі.

У пастырскім пасланьні да аднаверцаў і ўсіх людзей добрай волі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае: Вялікдзень нагадвае вернікам пра тое, што «ў грахоўнай цемры засьвяціла нязгаснае сьвятло Уваскрэсеньня», таму штодня людзі павінны ўваскрасаць са сваіх грахоў і «аднаўляцца ласкай уваскрэслага Хрыста».

«Зважаючы на вельмі небясьпечныя выклікі нашага часу, кожны з нас асабіста і наша Айчына — Беларусь — патрабуем Хрыста, каб дапамог супрацьстаяць ім, — падкрэсьліваецца ў пасланьні мітрапаліта. — Нам патрэбны ўваскрэслы Езус, каб бараніў нас перад цемрай бязьвер`я і холадам абыякавасьці, які ўсё больш і больш апаноўвае свет. Найбольш небясьпечным ворагам хрысьціянства зьяўляецца не ваяўнічы атэізм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысьціян бяз моцнай веры і хрысьціянскага сьведчаньня».

Паводле словаў каталіцкага гіерарха, Хрыстос патрэбны ў час, калі «дэвальвуецца Богам усталяваны інстытут сям`і», каб ён вучыў сужэнцаў перамагаць эгаізм, прымаць усе цяжкасьці, шанаваць дар жыцьця ды быць адказнымі бацькамі. У пасланьні таксама адзначаецца, што уваскрэслы Езус патрэбны ў грамадзкім жыцьці, дзе «расьце алькагалізм, наркаманія, карупцыя, усё больш праяўляецца эканамічны крызіс, паўстаюць розныя канфлікты, у тым ліку сацыяльная і палітычная напружанасьць, працоўная міграцыя, якая нэгатыўна ўплывае на крызіс сям`і і страту веры», патрэбны, каб дапамог «разбудзіць пачуцьцё адказнасьці за нашу Айчыну і салідарнасьці паміж яе жыхарамі, каб паміж усімі панаваў дух узаемнай любові і згоды».

Жыхары Беларусі «з радасьцю і гонарам успрынялі той факт, што Менск стаўся месцам перамоваў і падпісаньня мірных пагадненьняў па Ўкраіне, якія зьяўляюцца новым этапам на шляху да вырашэньня гэтага братазабойчага канфлікту ў цэнтры Эўропы», упэўнены мітрапаліт Кандрусевіч. «Беларусь, будуючы сваю тоеснасьць на прынцыпах Эвангелля, таксама павінна быць краінай міру, узаемапавагі і талерантнасьці яе грамадзян, людзей розных веравызнанньяў і нацыянальнасьцяў, але ў той жа час сыноў і дачок адной Бацькаўшчыны», — падкрэсьліў ён.

Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў са сьвятам Уваскрэсення Хрыста ўсіх каталікаў ды іншых хрысьціян, што адзначаюць Вялікдзень сёньня, а таксама засьведчыў сваю павагу да праваслаўных вернікаў, якія будуць адзначаць гэтае сьвята 12 красавіка. ​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG