Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: мы б’ем танкамі і БТРамі па беспрацоўі


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што дзякуючы разьвіцьцю абароннай прамысловасьці, у краіне ствараюцца новыя працоўныя месцы.

«Украінскі Абаронпрам, які перайшоў на трохзьменную працу, хутка нарошчвае баявую моц Украіны. Танкамі і БТРамі мы б’ем па беспрацоўі», — сказаў Парашэнка 4 сакавіка падчас паездкі ў навучальны цэнтар Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці.

Паводле Парашэнкі, на абаронных прадпрыемствах Украіны былі створаныя тысячы новых працоўных месцаў. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што, нягледзячы на абвяшчэньне рэжыму спыненьня агню на Данбасе, узброеныя сілы павінны быць гатовыя даць адпор.

«Нягледзячы на перамір’е, нягледзячы на тое, што ўзброеныя сілы, выконваючы мой загад, жорстка прытрымліваюцца рэжыму спыненьня агню, у выпадку яго парушэньня нам ёсьць чым адказаць агрэсару», — адзначыў Пётар Парашэнка.

12 лютага ў Менску былі падпісаныя пагадненьні, якія павінны былі пакласьці канец баявым дзеяньням на Данбасе, але канчатковага спыненьня агню не адбылося. Таксама менскія дамоўленасьці прадугледжвалі адвод цяжкіх узбраеньняў ад лініі разьмежаваньня на Данбасе. Аднак рэжым спыненьня агню парушаецца. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў зрыве дамоўленасьцяў.

Як заявіў прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк, з 15 лютага, калі на Данбасе быў абвешчаны рэжым спыненьня агню, там загінула 75 украінскіх вайскоўцаў. Сэпаратысты не прыводзілі зводных лічбаў сваіх страт. Паводле дадзеных ААН, ад пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе, якія пачаліся летась у красавіку, там загінула больш за 6000 чалавек.

XS
SM
MD
LG