Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Статкевіч сам хоча быць вязьнем. Мне гэтага ня трэба і нават шкодна


Экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч сам хоча знаходзіцца ў турме. Уладзе тое, што ён сядзіць, непатрэбна і нават шкодна. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію мэдыяхолдынгу Bloomberg, тэлевэрсію якога паказаў тэлеканал Беларусь-1.

Адказваючы на пытаньне журналіста, ці трэба, каб пяць кандыдатаў у прэзыдэнты пасьля выбараў 2010 году апынуліся ў турме, а адзін (Мікалай Статкевіч) да гэтага часу там сядзеў, Лукашэнка заявіў: «Абсалютна ня трэба. Гэта шкодна , перш за ўсё для мяне. Але яны ж пайшлі [у турму] не таму, што яны былі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Вы ж пагадзіцеся, што яны для мяне ніякімі канкурэнтамі не былі? .. Але яны парушылі закон, груба парушылі закон. Гэта было зьвязана з дэстабілізацыяй становішча ў краіне», - цытуе Лукашэнку Tut.by.

«Чацьвёра не хацелі быць у турме. Яны не ў турме. Адзін, які сёньня знаходзіцца там, ён хоча быць вязьнем, і ён лічыць, што „вось я буду вязьнем, гэта зробіць мяне героем у Беларусі“. Ну, думаць не забаронена, хочаш так — хай будзе так», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Тымчасам жонка зьняволенага апазыцыйнага палітыка Марына Адамовіч паведамляе, што Міколу Статкевіча ў калёніі пазбавілі харчовай перадачы, кароткатэрміновага спатканьня і ён ужо адбыў трое сутак у ШЫЗА. Яна мяркуе, што супраць яго рыхтуецца новая справа.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG