Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя шукаюць мастака, які зрабіў Юрыю Рубцову тату «Лукашэнка сыходзь»


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Сьледчыя з Берасьця адмыслова прыязджалі ў вёску Куплін Пружанскага раёну, каб дапытаць «хімікаў» з мясцовай спэцкамэндатыры.

Сьледчыя шукаюць таго, хто зрабіў на целе Юрыя Рубцова тату — напісаў на ім «Лукашэнка сыходзь». Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў «хімік» Юры Рубцоў.

«Спачатку апытвалі мяне, але я „мастака“ ня выдаў. Тады апыталі 8 нашых „хімікаў“, адносна якіх, відаць, мелі падазрэньні. Наколькі ведаю, хто зь іх мяне „размаляваў“ высьветліць не ўдалося і таму зьехалі. Але мяркую, гэтак проста ўсё не закончыцца, бо ім быў дадзены загад зьверху, каб разабраліся. Адным з наступстваў зьяўленьня ў мяне гэтага тату стала тое, што цяпер мяне не пакідаюць без нагляду. Кожныя паўгадзіны ў пакой нехта заходзіць, каб праверыць, чым займаюся. Нават калі пайшоў па спартовую пляцоўку пацягаць штангу, то адразу і туды зьявіліся. Сочаць ва ўсе вочы».

Перад Днём Волі Юрый Рубцоў зрабіў татуіроўку «Лукашэнка сыходзь». Тлумачычы гэты ўчынак, палітвязень нагадаў, што год таму яго арыштавалі пасьля Чарнобыськага маршу за майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь», якую міліцыянты сарвалі і зьнішчылі. «Цяпер не сарвуць, хіба што са скурай», — сказаў Юрый Рубцоў.

Ці пачаў «хімік» Рубцоў працаваць?

У сакавіку адміністрацыя папраўчай ўстановы знайшла для яго працу кіроўцы ў мясцовым шпіталі, на якую спадар Рубцоў пагадзіўся, але ня стаў падпісваць працоўны кантракт, бо лічыць гэта незаконным. Ці знайшлі яму іншую працу?

«Не, на працу я гэтак і не ўладкаваўся. Міліцыянты ужо нічога не шукаюць, кажуць, што з сярэднемесячным заробкам, як па краіне, які я патрабую, ў Пружанскім раёне працы няма, хіба толькі ў начальнікаў ды саміх міліцыянтаў. А „хімікі“ зарабляюць, працуючы штодня, крыху больш як па сто тысяч за тыдзень. У мяне ўражаньне, што адміністрацыя зацікаўленая, каб „хімікі“ атрымлівалі мінімальныя грошы, бо калі людзі галадаюць, дык на ўсё згодныя. І з гэтых заробкаў яшчэ мусяць плаціць за пражываньне ў тым інтэрнаце тысяч па 300. Я асабіста плаціць адмовіўся і публічна пра гэта заявіў: што не абавязаны плаціць за турму, у якую мяне зьмясьцілі. А што гэта сапраўдная турма, у мяне не ўзьнікае сумневу. Апошняя прыдумка адміністрацыі — пачалі амаль на ўвесь дзень адключаць сьвятло, не даюць „хімікам“ падсілкаваць батарэі тэлефонаў, немагчыма карыстацца бытавой тэхнікай».

_______________________________________

Грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» паводле абвінавачаньня ў зьнявазе судзьзі Кірыла Полулеха з Савецкага суду Менска. Юры Рубцоў словам «падонак» адрэагаваў на тое, што судзьдзя пагадзіўся судзіць яго голага па пояс, як прывезьлі з ізалятару на Акрэсьціна. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць Юрыя Рубцова палітвязьнем.

XS
SM
MD
LG