Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым бліжэй выбары, тым больш візытэраў


Канфэрэнцыя "Менскі дыялёг 2015". Майра Мора, Яўген Прэйгерман, Аляксандар Міхневіч

Канфэрэнцыя "Менскі дыялёг 2015". Майра Мора, Яўген Прэйгерман, Аляксандар Міхневіч

Меркаваньні на гэты конт беларускіх палітолягаў і палітыкаў запісаў Уладзімер Глод.

Адзін з прыкладаў падвышэньня ўвагі да Беларусі з боку Эўразьвязу — буйная міжнародная канфэрэнцыя з удзелам першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Міхневіча. Яна прайшла ў Менску 27 сакавіка. Сярод арганізатараў імпрэзы, якую хочуць зрабіць традыцыйнай у фармаце «Менскі дыялёг», — і Цэнтар аналітычных ініцыятываў «Лібэральны клюб».

Дырэктар па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу» Яўген Прэйгерман кажа Свабодзе, што ўжо сёньня можна фіксаваць пэўны пераход ад колькасьці кантактаў да іх якасьці:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Апошнім часам — і гэта, магчыма, таксама паказьнік нейкай якасьці — ровень гэтых кантактаў становіцца больш высокім, а пытаньні для абмеркаваньня — больш сур’ёзнымі і больш публічнымі. Напрыклад, у дачыненьнях з Эўразьвязам акрэсьлівацца канкрэтны парадак дня. Ён, у прыватнасьці, зводзіцца да візавых пытаньняў, да шырэйшай мабільнасьці і таксама да так званай часовай фазы, то бок магчымай супрацы ў сфэры мадэрнізацыі».

Спадар Прэйгерман называе некалькі фактараў, якія ўплываюць на пашырэньне кантактаў экспэртаў Беларусі і Захаду:

«Беларуская палітыка звычайна цыклічная. Чым бліжэй прэзыдэнцкія выбары, тым больш намаганьняў робіцца дзеля таго, каб дачыненьні з Захадам не былі замарожаныя.

А самы галоўны фактар — гэта рэгіянальная сытуацыя. Гэта тое, што адбываецца ва Ўкраіне, і тая пазыцыя, якую заняў афіцыйны Менск. Менавіта з-за гэтага цікавасьць і нават у пэўнай ступені ўвага да Беларусі падвысіліся».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч нярэдка ўдзельнічае ў сустрэчах з замежнымі экспэртамі. Ён адзначае, што падыходы эўрапейцаў да беларускіх праблемаў апошнім часам зьмяняюцца:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Розьніца яўная і бачная. Яна палягае ў тым, што тэма Ўкраіны стаіць цяпер на першым месцы ў парадку дня. А тэма абароны беларускай незалежнасьці і пошуку альтэрнатыўнага варыянту, які Захад мог бы прапанаваць беларускім уладам, відавочна адыходзяць на другі плян.

Можа, не называючы канкрэтнага прозьвішча, але адзін з такіх замежных гасьцей на сустрэчы з апазыцыйнымі палітыкамі сказаў, што на сёньняшні момант магчымая „пуцінізацыя“ Беларусі значна горшая за магчымую „азэрбайджанізацыю“».

Інтэнсіўнасьць візытаў замежных палітыкаў і палітолягаў у Беларусь пакуль не дае істотнага плёну — мяркуе дырэктар Цэнтру палітычнай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Гледзячы на тое, што кажуць усе гэтыя экспэрты пасьля сустрэч асабіста з Лукашэнкам, прадстаўнікамі беларускага ўраду і грамадзянскай супольнасьці, бачна: яны не атрымліваюць таго, што хацелі б атрымаць. У іх няма разуменьня, куды зьбіраецца рухацца Беларусь, наколькі яна сапраўды зьбіраецца збліжацца з Эўразьвязам, што азначае для Беларусі ўваходжаньне ў Эўразійскі эканамічны саюз, наколькі гэта адцягвае яе ад эўрапейскай прасторы. Усе гэтыя пытаньні фактычна застаюцца без адказу.

Таму мне падаецца, што гэтая дыпляматыя пакуль не прыносіць канкрэтных вынікаў. Усё застаецца так, як ёсьць, на тым жа роўні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG