Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Статкевіча за тыдзень склалі 8 актаў і зьмясьцілі ў ПКТ на два месяцы


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Верагодна, што рыхтуецца новая справа супраць Мікалая Статкевіча — заяўляе жонка палітзьняволенага Марына Адамовіч.

Мікола Статкевіч пазбаўлены харчовай перадачы, кароткатэрміновага спатканьня і ўжо адбыў трое сутак у ШЫЗА — піша сайт statkevich.org

«Пазбавілі харчовай перадачы, кароткатэрміновага спатканьня, — а доўгатэрміновага нас пазбавілі адразу ж пасля этапаваньня ў Шклоў, — далі трое сутак ШЫЗА, а сёньня — зьмясьцілі яго на два месяцы ў ПКТ, то бок, памяшканьне камэрнага тыпу. З ПКТ, адпаведна, і тэлефанаваньняў ня будзе. Усё гэта — меньш, чым за тыдзень», — паведамляе Марына Адамовіч.

Прычына прэсынгу на экс-кандыдата ў прэзыдэнта і палітзьняволенага ў ягонай адмове ад «незаконнай працы па самаабслугоўваньню».

«Гэтую працу павінны выконваць усе зьняволеныя па чарзе. Прыцягваць да яе выкананьня людзей могуць не больш, чым на дзве гадзіны на дзень. У дачыненьні да Мікалая гэтыя нормы і па працягласьці, і па аб’ёме перавышаліся ў дзясяткі разоў. Таму, адразу ж, як ён палічыў сваю задачу па дакументаваньню парушэнняў заканадаўства ў калёніі выкананай, ад гэтага „узаконенага“ зьдзеку адмовіўся.

Тыдзень на Мікалая штодня пісалі акты аб адмове ад працы. Ён ад тлумачэньняў адмовіўся, бо ўсё патлумачыў пісьмова ў заяве яшчэ 24 сакавіка. Потым пачалі выносіць спагнаньні».

Марына Адамовіч мяркуе, што колькасьць спагнаньняў будуць павялічваць.

«Ужо сёння, пакуль Мікалай знаходзіўся ў ШЫЗО, на яго склалі чарговы акт, хаця, нават пасля ўсіх пералічаных спагнанняў, яшчэ па пяці папярэдніх актах „за адмову ад працы“ спагнанні не вынесеныя, яны не разгледжаныя».

____________________________

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Пасьля трох гадоў у крытай магілёўскай турме на пачатку 2015 году Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калёнію, дзе ён ужо адбыў больш за паўгода ў 2011 годзе. Тады Мікалай Статкевіч працаваў на лесапілцы, атрымаў траўму, але ад працы не адмаўляўся.

XS
SM
MD
LG