Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыш Ягода застаўся шпіёнам


Генрых Ягода зь Мікітам Хрушчовым, 1935
Генрых Ягода зь Мікітам Хрушчовым, 1935

Сваякі сталінскага «генэральнага камісара дзяржбясьпекі» расчараваныя. Вярхоўны суд РФ адмовіўся рэабілітаваць іхнага продка.

Нічога ня можам зрабіць: віна яго застаецца цяжкай і асабліва цяжкай. Таму ляжаць яму надалей у безназоўнай магіле без рэгалій (расстраляны ў турме на Лубянцы ў 1938-м).

На што былі спадзяваньні? На тое, што астатнія асуджаныя разам зь ім у справе гэтак званага «праватрацкісцкага блёку» былі потым прызнаныя невінаватымі. Адзін Ягода па-ранейшаму – здраднік радзімы і шпіён.

Цікавае супадзеньне: Генрых Ягода (сапраўднае імя Енох Гершонавіч) нарадзіўся ў Рыбінску, які ў 1984 годзе быў перайменаваны ў горад Андропаў. Пасьля сьмерці былога шэфа КДБ. Праўда, усяго на пяць гадоў. Гарбачоў адмяніў (хоць яны былі землякамі, між іншым). У Рыбінску Андропаў закончыў тэхнікум і стаў камсоргам суднавэрфі, а таксама ажаніўся. Яго першая жонка служыла ў НКВД, генэральным камісарам якога быў тады менавіта Ягода.

Рыбінск пераназывалі ня раз, у 1945-м ён стаў называцца Шчарбаковым. Пасьля сьмерці і пахаваньня ў крамлёўскай сьцяне загадчыка аддзела ЦК ВКП(б) таварыша Шчарбакова. Хрушчоў навёў парадак, вярнуў старую назву.

Хто ведае, калі з рэпутацыі Ягоды некалі змыюць шпіёнскую пляму, ці не паўстане перад Рыбінскам здань новай назвы?

Каб ён ведаў, дык прасьлязіўся б напэўна: і проста юрысты, і нават праваабаронцы перакананыя сёньня, што Ягода не зьдзяйсьняў «прышытых» яму злачынстваў. «Трацкісцка-фашысцкай» змовы ў НКВД, падрыхтоўкі замаху на Сталіна і Яжова, а таксама – дзяржаўнага перавароту ды інтэрвэнцыі. Не вінаваты ён быў! — заяўляюць яны. Выснова? Значыць, падлягае рэабілітацыі. Як, сам Ягода? Генэральны камісар дзяржаўнай бясьпекі ўласнай асобай? Так точна! Але юрысты яшчэ не закончылі: яго тады трэба будзе судзіць за ўчынены тэрор, за створаны ім ГУЛАГ. Вось маеш! Так проста, мёртвага, невядома дзе пахаванага?

А калі першы крок зробяць, з рэабілітацыяй, а да наступнага ня дойдзе? А? Перадумаюць, напрыклад. Што тады? Акажацца, што Генрых Ягода чысты як шкельца, бязьвінны як анёл?

І гэта будзе цалкам магчыма. Чаму? Таму што расейцы сёньня ўсё болей любяць ня толькі Пуціна, але таксама Сталіна, і ўсё больш рашуча апраўдваюць сталінскія рэпрэсіі. Ну, могуць, канечне, прад’явіць Ягоду нешта няжорсткае, бяз «вышкі», безь вялікай палітыкі і, вядома, шпіянажу. Напрыклад, асабістую нясьціпласьць, дробнамяшчанства, прагу да назапашваньня рэчаў. Карацей кажучы, учынкі, несумяшчальныя з высокім званьнем бальшавіка-ленінца-сталінца.

Як дарэчы будзе тады славуты сьпіс сканфіскаваных пад час арышту рэчаў наркама дзяржбясьпекі! Там столькі ўсяго, што ня ведаеш, з чаго пачаць. Ня проста крама, а цэлы склад дэфіцытных, пераважна замежных тавараў. 1229 бутэлек віна, 3904 парнаграфічныя здымкі, 11 такога ж роду фільмаў і чамусьці толькі адзін «гумовы штучны палавы член», які ўчорашнія падначаленыя Ягоды запісалі пад нумарам 105. Праўда, быў яшчэ запас капіталістычных прэзэрватываў.

Як вынікае з далейшага пераліку, галоўны чэкіст страшэнна любіў жанчын і марыў аб дзясятках і сотнях. У сьпісе «панчохаў шаўковых і фільдэпэрсавых (аб якіх пісаў некалі Зошчанка) замежных 130 параў», 22 жаночыя капелюшы, 68 сарочак дамскіх і 57 блузак, 70 дамскіх «трыко», усё выключна замежнае і шаўковае. Што праўда, хапала і рэчаў з мужчынскага гардэробу, асабліва многа «кальсонаў, замежных, шаўковых».

У сьпісе рэчаў усяго 130 пазыцый. Чытаеш як цікавы аповед. 19 рэвальвэраў, разам зь іншай зброяй 33 «ствалы». 101 камплект дзіцячых цацак, зразумела, замежных. Больш за 11 тысяч цыгарэт, ясна, несавецкіх, усё «Турцыя» ды «Эгіпэт». Футры, шкуры леапарда, белага мядзьведзя і ваўкоў, 10 футраных шапак (міжволі прыпомняцца сучасныя Януковіч і Пшонка), 74 тузіны буржуйскіх гузікаў і кнопак, 37 параў пальчатак. Далей: 399 кружэлак замежнага паходжаньня плюс чатыры скрынкі «ненаіграных». 112 параў шкарпэтах, безумоўна шаўковых, з-за мяжы. Сярод прэзэрватываў і футраных шапак пазначана «контррэвалюцыйная, фашысцкая літаратура», 542 асобнікі, раялі і піяніна, тры, і ўсяго адна пішучая машынка. Хаця што тут дзівіцца? Пісаць і друкаваць пры савецкай уладзе было небясьпечна заўсёды!

Былі яшчэ забраныя на Лубянку 24 чамаданы і куфры Ягоды, выключна замежнай вытворчасьці. Хаця наўрад ці гэтага хапіла б, калі б давялося рабіць ногі з фантастычнай колькасьцю «асабістых рэчаў».

Любіў чалавек шыкануць. У НКВД увёў залатыя ды срэбныя галуны, а для сябе – белы кіцель з залатым шыцьцём, блакітныя нагавіцы і лякаваныя чаравікі. Такіх у краіне саветаў не было, выпісаў з-за мяжы. І яшчэ вырашыў насіць пазалачоны корцік, як на царскім флёце было прынята…

Так, мог сабе дазволіць таварыш Ягода найлепшыя шаўковыя споднікі і фільдэпэрсавыя панчохі, старыя гатунковыя віны і 95 фляконаў францускай парфумы. І на што ўсё гэта цягне, як вы думаеце? Калі безь ніякай палітыкі? Як мінімум на абрабаваны «Торгсин» («Торговля с иностранцами»), тагачасны аналяг позьнесавецкага раю для абмежаванай лічбы пакупнікоў пад назваю «Берёзка». Адным словам, на крадзёж у асабліва буйным памеры. Што таксама пры Сталіне цягнула адназначна на славэтную «вышку». Такія справы быў абавязак разглядаць «з максымальнай хуткасьцю», прысуджаць расстрэл. А ў НКВД быў створаны аддзел барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасьці і спэкуляцыяй.

Дык ці вартай была вырабу аўчынка з рэабілітацыяй, калі б суд раптам прызнаў, што таварыш Ягода сапраўды шпіёнам не зьяўляўся?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG