Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан на бабруйскіх дачах


Дачнікі пад Бабруйскам пратэстуюць супраць будоўлі ля іх дзялак дарожнай базы, дзе маюць захоўвацца рэагенты, каб пасыпаць дарогі. Каб іх супакоіць, прыйшлі дарожнікі, эколягі, прадстаўнікі раённай землеўпарадкавальнай службы. Рэпартаж Свабоды.

«Па закону ўсё чыста»

Некалькі дзясяткаў дачнікаў сабраліся за горадам у працоўны час. Больш за дзясятак прадстаўнікоў уладаў і замоўнікі будаўніцтва дзьве гадзіны спрабавалі адбівацца ад гнеўных пытаньняў бабруйчан. Дачнікі былі ўзброеныя лістом раённага выканкаму ад 16 сакавіка пра тое што «ў дадзены час афармляюцца матэрыялы папярэдняга ўзгадненьня месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастка пад будаўніцтва аб’екту». На гэта чыноўнікі прадэманстравалі ім паперу з процьмай пячатак — падрабязны плян будаўніцтва, ужо зацьверджанага рознымі інстанцыямі менавіта ў гэтым месцы. Чаму менавіта на краю лецішчаў, а не на якім вольным пляцы, пытаюцца людзі.

— Ня мы выбіралі ўчастак,— кажуць у адказ дарожнікі.

— Людзей падпісала шмат, а чалавека ніводнага! — крычыць абураны дачнік. — Ніхто не падумаў пра бесчалавечнае стаўленьне да нас!

— Ну чаму бесчалавечнае? — дзівяцца дарожнікі. — Пакажыце: што мы парушылі?

— Мяне ваша дакумэнтацыя не пераконвае, — працягвае другі дачнік. — Я ведаю, што такое соль: яна мае ўласьцівасьць распускацца ў вадзе й праточвацца ў зямлю. А дакумэнты — ведаем мы, як ствараюцца дакумэнты.

— Мы не жадаем канфлікту, не жадаем рабіць шкоду грамадзянам, — кажа галоўны інжынэр «Магілёўаўтадору» Барыс Іваноў і атрымлівае ў адказ:

— Ужо зрабілі!

Але са схемай у руках ён працягвае пераконваць сабраных у поўнай бясьпецы аб’екта. Кажа што ўсё будзе закрыта, заасфальтавана й забэтанавана, ліўневая й тэхнічная вада будзе сьцякаць у даражэзныя імпартныя фільтры, а потым у велічэзны бэтонны басэйн, каб выпарвацца.

— Пасьля ачыстных у ім будзе такая вада, што мы вам тут рыбу запусьцім!— І паўтарае што ніякіх зьліваў і наагул кантакту з глебай ня будзе.

У высечцы ж лесу між дарогай і лецішчамі абласныя эколягі праблемы ня бачаць, бо яшчэ сто мэтраў ахоўнай паласы застаюцца. А пра тое, што высеклі дубовы гай, Аляксей Стасюкевіч нічога ня ведае, бо паводле акту лясгасу на гэтым месцы былі толькі сосны ды бярозы. Але, кажа, нават калі дубы — і іх высякаць можна.Кіраўнік аддзелу экалягічнай экспэртызы праектаў абласнога камітэту аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксей Стасюкевіч дадае, што паводле першага варыянту праекту быў зьліў ліўневай вады на зямлю, але экспэртыза яго забараніла. Пераконвае, што цяпер нешта праліцца ў бок дачных паселішчаў можа толькі ў надзвычайных абставінах, і то гэта будзе чыстая вада з басэйну. А машыны будуць мыцца паводле водазвароту: адну машыну памылі, ваду сабралі, пачысьцілі й ёю ж памылі наступную.

— Паводле заканадаўства тут усё чыста, толькі не магу зразумець, чаму таксацыя (ацэнка колькасных і якасных характарыстык лесу. — РС) так складзеная...

Пашпарт аб’екту з малазразумелай назвай

Пашпарт аб’екту з малазразумелай назвай

Жыцьцё нібы ў розных краінах

У дачнікаў жа баліць душа й па дубах, і па грыбах, якія яны раней зьбіралі проста па дарозе ад аўтобуса да сваіх дамкоў.

— Я яшчэ дзіцем тут дрэвы саджала, — ледзь ня плача Валянціна Пагодзіна, — Для мяне гэта настолькі дорага, як бы мне адрэзалі руку. Ведаю тут кожную травінку, кожнае дрэўца, дзе адзіная ялінка была. А цяпер перарылі ўсё, перамалолі — навошта, калі ёсьць вольныя месцы? Хто ў нас што спытаў? Мы ніхто й нішто.

Каб стары сарай зьнесьці, мне пятнаццаць інстанцыяў трэба прайсьці, будку сабаку пераставіць ня маю права, а тут ніхто ні з кім не ўзгадніў — і раз, пабудавалі. Мы што, у іншай краіне жывем? Ім можна, нам нельга?

Улады і ў пісьмовых адказах, і на гэтай сустрэчы ўпіраюць на тое, што грамадзкія абмеркаваньні па праблемах будаўніцтва дарогі абвяшчаліся й прайшлі, і ніякіх заўваг па гэтым аб’екце не прыходзіла. Але караценькая абвестка пра тыя слуханьні была надрукаваная ў раённай газэце «Трыбуна працы», пра існаваньне якой многія бабруйчане даведаліся толькі на гэтым сходзе. Дый пісалася там пра «гаспадарчую дзейнасьць рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М-5 Менск — Гомель км 131–187». Як дачнікі маглі зразумець, што гэта будзе тычыцца й будоўлі базы рэагентаў на першым кілямэтры дарогі Бабруйск — Жлобін, якая сальецца з гомельскай трасай толькі праз 3 км?

Дзе будаваць, вырашым потым, а пакуль пабудуем.

Дзе будаваць, вырашым потым, а пакуль пабудуем.

Дачнікі настойваюць, што паводле дакумэнтаў усе дапаможныя аб’екты падпадаюць пад назву «рэканструкцыя аўтадарогі Менск — Гомель», і паводле закону грамадзкія абмеркаваньні гаспадарчай дзейнасьці на тэрыторыі раёну павінны абвяшчацца ў дзяржаўнай раённай прэсе. Яны не разумеюць, як можа ісьці будоўля, калі праект для яе яшчэ толькі робіцца. Як паводле закону дапускаецца падобнае будаўніцтва побач з жылымі дамамі й падворкамі. Ня дзіва, што з тэхнічных падрабязнасьцяў будоўлі дачнікі пераходзілі на тое, як жыць у краіне з такімі законамі.

— Мы ж разумеем што нічога вам не дакажам, у гэтай краіне заўсёды праўду мае чыноўнік. Але, — нагадвае пэнсіянэр прысутным прадстаўнікам улады, — праз колькі год і вы станеце пэнсіянэрамі. І да вас прыедзе гэткі чыноўнік і будзе «бакі забіваць».

«Трапілі пад раздачу»

А яшчэ на фоне афіцыйных папер, якія супярэчаць адна адной, у якіх дуб называецца бярозай, на фоне нядаўняга зьнішчэньня парку ў Бабруйску, якое таксама дазволілі ўлады й эколягі, людзі ня вераць словам і запэўніваньням ад дзяржавы і ўсё ўспрымаюць у штыкі. Відавочна зьбянтэжаныя эколягі прапануюць знайсьці незалежных экалягічных экспэртаў, дарожнікі прапануюць заасфальтаваць дарогу да лецішчаў ці звазіць ахвотных на падобную базу пад Магілёвам. Учора стала вядома, што неспадзяваны дачны Майдан зьбіраецца наведаць і старшыня Хімоўскага сельсавету, каб паглядзець, што робяць і як пратэстуюць на яго тэрыторыі.

Дачнікі ж, так і не зразумеўшы, чаму спатрэбілася будаваць на мяжы іхніх гародаў, калі й побач праз дарогу ёсьць вялікая паляна ў лесе, і далей, ля самой гомельскай трасы ўжо была высечаная пляцоўка, выстаўляюць свае патрабаваньні. Ад ідэальнага «прыбраць гэта ўсё й пасадзіць лес на месца» да пабудовы на аб’екце цэнтральнай каналізацыі, а сабе крамы, і каб аўтобус хадзіў на кілямэтар далей, да дальніх каапэратываў.

Дарожнікі кажуць што «можна разгледзець пытаньне», і сумна ўздыхаюць:

— Людзі на дзяржаву злыя, а мы пад раздачу трапілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG