Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За нявыплату «падатку на дармаедзтва» будуць штрафаваць і арыштоўваць


Цэнтар занятасьці насельніцтва

Цэнтар занятасьці насельніцтва

Міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар’яна Шчоткіна выступіла з афіцыйным камэнтаром да дэкрэта аб дармаедах.

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», які пачынае дзейнічаць «заднім чыслом».

Дэкрэт уступае ў сілу пасьля афіцыйнай публікацыі і будзе тычыцца тых, хто не працуе зь 1 студзеня гэтага году.

Дэкрэтам прадугледжаны абавязак па штогадовай выплаце збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў для грамадзянаў, якія ў каляндарным годзе ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў альбо ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш за 183 дзён у годзе.

Памер збору складае 20 базавых велічынь, што на цяперашні час — роўна 3,6 мільёна рублёў.

Тых, хто ад гэтага збору будзе ўхіляцца, чакае пакараньне: штраф ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Дэкрэт пракамэнтавала міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна:

— Дэкрэт распаўсюджвае сваё дзеяньне на дачыненьні, якія ўзьніклі зь 1 студзеня 2015 году.

— Спагнаньне збору распаўсюджваецца на працаздольных грамадзянаў, якія стала пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

— Ня будуць плаціць збор тыя, хто прыбыў у Беларусь на сталае жыхарства пасьля 31 сакавіка ці зьехаў на сталае жыхарства з рэспублікі, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія фактычна знаходзіліся па-за яе межамі больш за 183 дзён.

— Вызваляюцца ад выплаты збору наёмныя работнікі, салдаты ваеннай службы, пэнсіянэры, студэнты дзённай формы навучаньня, прадпрымальнікі, рамесьнікі; тыя, хто выконвае работы паводле грамадзянска-прававой дамовы; творчыя супрацоўнікі; тыя, хто аказвае паслугі ў сфэры аграэкатурызму; адвакаты, натарыюсы; тыя, хто мае асабістую гаспадарку ў сельскай мясцовасьці; тыя, хто стаіць на ўліку па беспрацоўі, часова непрацаздольныя і інваліды; адзін з бацькоў у сям’і, дзе выхоўваецца дзіця да 7 гадоў ці дзіця-інвалід да 18 гадоў, трое і больш непаўнагадовых дзяцей.

— Грамадзяне вызваляюцца ад выплаты збору, калі яны мелі даходы і заплацілі падаткі, напрыклад, падаходны падатак з фізычных асобаў, у памеры 20 базавых велічынь і больш. Пры выплаце падаткаў у памеры менш за 20 базавых велічынь сума збору памяншаецца на суму выплачаных падаткаў.

— Грамадзяне могуць самастойна заплаціць збор. Яны павінны ў пэрыяд зь 1 жніўня гэтага году і не пазьней за 31 траўня 2016 году паведаміць у падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі пра няўдзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў і выплаціць збор не пазьней за 1 ліпеня 2016 году. У гэтым выпадку сума збору памяншаецца на 10 адсоткаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG