Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША віталі дамоўленасьці з Іранам, Ізраіль — занепакоены


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама гаворыць пра рамачнае пагадненьне па ядзернай праграме Ірана, абвешчанае падчас перамоваў у Швайцарыі. Вашынгтон, 2 красавіка 2015

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама гаворыць пра рамачнае пагадненьне па ядзернай праграме Ірана, абвешчанае падчас перамоваў у Швайцарыі. Вашынгтон, 2 красавіка 2015

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама адразу пасьля паведамленьняў з Швайцарыі пра пасьпяховае завяршэньне ядзерных перамоваў шасьці буйных дзяржаў з Іранам выступіў у падтрымку гэтага пагадненьня.

«Пасьля многіх месяцаў жорсткай прынцыповай дыпляматыі мы ўзгаднілі аснову гэтага пагадненьня, і гэта добрая зьдзелка, якая адпавядае нашай галоўнай мэце. Гэтая дамоўленасьць будзе адразаць усе шляхі, да якіх Іран можа зьвярнуцца, каб стварыць ядзерную зброю », — падкрэсьліў амэрыканскі лідэр.

Абама патэлефанаваў прэм’еру Ізраіля Нетаньяху з борта прэзыдэнцкага самалёта Air Force One і запэўніў, што ЗША будуць і надалей падтрымліваць Ізраіль у пытаньнях бясьпекі.

У адказ Нетаньяху, як паведаміў прадстаўнік урада Ізраіля Марк Рэгеў, заявіў Абаме:

«Дасягнутае на падобнай аснове пагадненьне пагражае далейшаму існаваньню Ізраіля», — перадае Бі-бі-сі.

Ізраільскія афіцыйныя асобы ў сваіх камэнтарах назвалі пагадненьне з Іранам «небясьпечным» і «гістарычнай памылкай».

Раней Нетаньяху апублікаваў паведамленьне ў «Твітэры»: «Любое пагадненьне павінна істотна скараціць здольнасьць Ірана да стварэньня ядзернай зброі і спыніць яго тэрарыстычную і агрэсіўную палітыку».

Увечары 2 красавіка дыпляматы Ірана і шасьці буйных дзяржаў узгаднілі асноўныя моманты зьдзелкі па ядзернай праграме Тэгерана, якая павінна быць канчаткова ўзгодненая да 30 чэрвеня.

Захад падазрае Тэгеран у спробах стварыць ядзерную зброю. Іран абвяргае гэтыя здагадкі, сьцьвярджаючы, што распрацоўкі вядуцца выключна ў мірных мэтах.

XS
SM
MD
LG