Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Памяранцаў

Што мох і лішайнік зусім не пазбаўленыя прывабнасьці, разумееш у Старым Лісабоне. Бываюць гарады, — прынамсі, гэты горад такі, — якія, як скалы, валуны, бутэлькі — замшэлыя. Нават недаголенасьць лісабонцаў таго самага роду, тых самых каранёў. Нават віно зь недасьпелага вінаграду тут называюць «зялёным» — «вэрдэ». На ўсходнім полюсе вульгарнай лаціны, у Кішынэве, зь лісабонскім мохам калісьці канкуравалі вэлюравыя капелюшы ржавага і бутэлечнага колеру. Каб пераканацца ў гэтым, давялося прайсьці праз увесь кантынэнт. Замшэласьць, што паўзе з хуткасьцю мілімэтар за год пад акампанэмэнт швейных машынак, трамваяў і акардэонаў — гэта і ёсьць Лісабон. Ён — сталіца ўсіх правінцый Эўропы. Можна навязаць яму іншы вобраз. Тут так шмат сьценаў, выкладзеных кафляю, быццам ты трапіў у гіганцкі ванны пакой. Але ж ванны пакой — гэта таксама правінцыя кватэры, дома. Або яшчэ адзін вобраз. Да барахолак бэсарабскіх мястэчак — Едзінцаў, Бельцаў, Ліпканаў — звычайна лепяцца крамы саматужнікаў, магазінчыкі арцельшчыкаў, фургоны каапэратараў. Купіць у іх можна і напраўду ўсё, але «ўсё» трэцяга гатунку: ад несьмяротных жаночых трыко да мармэлядных долек. Гандаль ідзе сьпехам, упрытык, нібы ў любую хвіліну можа завішчаць сьвісток і наляцець аблава. Гэта таксама Лісабон. І зноў безабаронна правінцыйны.

У прывакзальным лісабонскім кінатэатры я паглядзеў амэрыканскую шпіёнскую мэладраму паводле раману ангельскага пісьменьніка, у якой зьняты Стары Лісабон. Гэта самыя чароўныя кадры фільму. Так у рэцэнзіі або ў літаратуразнаўчым артыкуле крытычны тэкст раптам пачынае зіхацець ў сьвятле цытаты. Вядома, цытаваць Лісабон — суцэльная мілата. Любы фільм выйграе дзякуючы яго прысутнасьці. Гэты шпіёнскі фільм завяршаецца хэпі-эндам. Прыдэкадэнчаны лёнданец, які ў сілу абставінаў выканаў ролю агента «Інтэліджэнс Сэрвіс» у Расеі, пасьля ўсіх пэрыпэтыяў сустракае ў лісабонскім порце сваю маскоўскую каханую. Жыцьцё ў Лісабоне — такі вясельны падарунак абраў брытанец расейскай нявесьце. На жаль, фільм на гэтым абрываецца, і гледачу ня дадзена даведацца, ці спадабаўся масквічцы падарунак. Жонкі, якіх замежнікі вывозяць з Расеі, часам чакаюць ад Захаду — у абмен на сваю высокую духовасьць — ультрасучаснага камфорту.

Я памятаю, у сярэдзіне сямідзясятых мінулага стагодзьдзя ў кіеўскай гасьцініцы «Либідь» заежджая маскоўская call girl, яна ж гід, распавядала пра сваё няўдалае сямейнае жыцьцё ў Бялградзе. У тыя часы ў кампаніі можна было сустрэць каго заўгодна: праваабаронцу, падпольнага мастака, сэкс-дысыдэнтку. У такіх цытрусавых гаях мы жылі тады, у адзін голас праклінаючы Соф’ю Ўласьеўну. Дык вось, скардзілася сэкс-дысыдэнтка на тое, што «югі» «некультурныя», што яны жлабы. Я ўспомніў пра скаргі гэтай дамы паўцемры, выйшаўшы з прывакзальнага лісабонскага кінатэатру. Як склалася б жыцьцё маскоўскай кінагераіні, калі б яна засталася ў Лісабоне? Калі б яна не змагла зразумець, што культура — гэта ня толькі і ня столькі запаленчыя цытаты з Дастаеўскага, але мох і лішайнік, які па-чарапашаму паўзуць па сьценах гораду пад акампанэмэнт швейных машынак, трамваяў і акардэонаў, то справы яе пайшлі б дрэнна, а жыцьцё склалася б глыбока, па-сапраўднаму неталенавіта.

Пераклад: Сяргей Шупа

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG