Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновы фініш руху «За свабоду» ў прэзыдэнцкай гонцы


Актывісты кампаніі «Народны рэфэрэндум» Андрэй Дзьмітрыеў, Ірына Вештард, Аляксей Янукевіч і Юрась Губарэвіч з подпісамі за рэфэрэндум.
Актывісты кампаніі «Народны рэфэрэндум» Андрэй Дзьмітрыеў, Ірына Вештард, Аляксей Янукевіч і Юрась Губарэвіч з подпісамі за рэфэрэндум.

Нягледзячы на адмову руху «За свабоду» ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, кааліцыя «Народны рэфэрэндум», у якую ўваходзіць рух, зьбіраецца вылучаць свайго кандыдата.

Рада руху «За свабоду» заявіла, што арганізацыя «ўстрымліваецца ад вылучэньня свайго кандыдата і падтрымкі іншых кандыдатаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году». Прычына такой заявы — адсутнасьць працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

Губарэвіч: Лічым для сябе немагчымым распыляць увагу на кампаніі іншых кандыдатаў

Паводле намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, гэтае рашэньне ня ёсьць нечаканым. Яно насьпявала ў выніку няздольнасьці апазыцыйных палітыкаў выступіць на выбарах адзінай калёнай, абраўшы агульнага кандыдата:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Ад моманту прыняцьця рашэньня пра ўдзел руху „За свабоду“ ў працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата мы заяўлялі, што адзін кандыдат — гэта найбольш рэальны шлях дамагчыся ўвагі беларускага грамадзтва. Павінна быць супольная пазыцыя беларускіх палітычных сілаў, якую будзе трансьляваць адзіны кандыдат. Разам з калегамі мы доўгі час спрабавалі прыйсьці да згоды ў гэтым пытаньні, але сёньня ўжо відавочна, што тут пастаўленая кропка — адзінага кандыдата ня будзе. Усе іншыя варыянты ўдзелу ў выбарчай кампаніі нам падаюцца значна слабейшымі. Таму рух „За свабоду“ палічыў для сябе немагчымым распыляць увагу на кампаніі іншых кандыдатаў. Замест гэтага мы сканцэнтруемся на грамадзкіх кампаніях, што не абавязкова сьведчыць пра дэпалітызацыю — рух ніколі ня быў палітычнай партыяй. Тыя рэчы, якія мы робім у грамадзкім сэктары, у адсутнасьць адзінага кандыдата выглядаюць больш эфэктыўнымі».

Паводле заявы руху, арганізацыя сканцэнтруецца на распрацоўцы прапановаў эканамічных рэформаў у рамках «Народнай праграмы», ініцыятыве дзеля мірных пераменаў «Народны рэфэрэндум», а таксама на кампаніях за вызваленьне палітычных вязьняў і па назіраньні за ходам выбараў.

Рух «За свабоду» ўваходзіць у кампанію «Народны рэфэрэндум», якая ўжо мае дзьве кандыдатуры на прэзыдэнцкую пасаду: Партыя БНФ вылучыла Рыгора Кастусёва, грамадзкая ініцыятыва «Гавары праўду» — Тацяну Караткевіч. Юрась Губарэвіч тлумачыць, што, застаючыся ў кампаніі «Народны рэфэрэндум», рух «За свабоду» ня будзе ўдзельнічаць у абмеркаваньні асобы агульнага кандыдата:

«Вылучэньне кандыдата ў межах „Народнага рэфэрэндуму“ магло б стаць прыступкай у працэсе абраньня адзінага ад усіх дэмакратычных сілаў. Але відавочна, што гэтага ня здарыцца. Адносна супрацы ў рамках „Народнага рэфэрэндуму“ — мы яе працягнем, бо „Народны рэфэрэндум“ ствараўся як кампанія, якая ня ставіць у якасьці канчатковай мэты вылучэньне кандыдата на якія б там ні было выбары. Гэта кампанія, якая ахоплівае цэлы цыкль выбарчых працэсаў, пачынаючы мясцовымі выбарамі 2014 году і сканчаючы парлямэнцкімі выбарамі 2016 году. Канчатковая ж мэта — правядзеньне ў Беларусі рэфэрэндуму па шасьці пытаньнях».

Янукевіч: Усё роўна мы дамовімся на супольнага кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму»

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч згодны з тым, што адмова руху «За свабоду» ад вылучэньня і падтрымкі кандыдата — не перашкода для ўдзелу арганізацыі ў кампаніі:

«Народны рэфэрэндум» не ствараўся выключна для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Таму рашэньне руху «За свабоду» адмовіцца ад выбарчай кампаніі не зьмяняе ідэю «Народнага рэфэрэндуму». Я разьлічваю на тое, што ў межах «Народнага рэфэрэндуму» мы надалей будзем эфэктыўна супрацоўнічаць з рухам «За свабоду». Што тычыцца вылучэньня супольнага кандыдата, то на дадзены момант Партыя БНФ і кампанія «Гавары праўду», а таксама нашы калегі з БСДП (Грамада) будуць далей удзельнічаць у абмеркаваньні. Усё роўна мы дамовімся на супольнага кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму». Нават калі рух «За свабоду» як арганізацыя ня будзе цэнтралізавана падтрымліваць гэтую асобу, я перакананы, што шмат хто зь сябраў Руху будзе ўдзельнічаць у кампаніі такога кандыдата».

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Караткевіч: «Упэўненая, што актывісты руху падтрымаюць мяне»

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад «Народнага рэфэрэндуму» Тацяна Караткевіч выказалася, што вельмі разьлічвае на падтрымку яе кандыдатуры актывістамі руху «За свабоду»:

«Са зьяўленьнем заявы пра няўдзел руху ў выбарах нічога не памянялася. Кааліцыя „Народнага рэфэрэндуму“ ёсьць, яна працуе. Гэта самае галоўнае. У сувязі з выбарамі мы ставім высокія мэты менавіта для кааліцыі. І ўнутры кааліцыі мы будзем разьмяркоўваць дзейнасьць такім чынам, каб у межах двух галоўных кірункаў — палітычнага і грамадзкага — кожны суб’ект змог рэалізавацца: ці падчас працы на кандыдата, ці падчас збору подпісаў у падтрымку „Народнага рэфэрэндуму“. Разам з тым я ўпэўненая, што сябры руху „За свабоду“ асабіста будуць мяне падтрымліваць у якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта».

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Юрась Губарэвіч падкрэсьліў, што пазыцыя руху «За свабоду» што да ўзаемадзеяньня з кандыдатам ад «Народнага рэфэрэндуму» будзе разгледжаная кіруючым органам арганізацыі толькі пасьля таго, як іншыя суб’екты кааліцыі — а гэта Партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду» і БСДП (Грамада) — назавуць узгодненага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.

Раней пра свае пляны ўзяць удзел у выбарах прэзыдэнта 2015 году заявіў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG