Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Вайна і мір» з Андрэем Першазваным на шыі


Ордэн Андрэя Першазванага

Ордэн Андрэя Першазванага

Сёньня ў беларускіх кінатэатрах – масавы паказ расейскай стужкі «Бітва за Севастопаль».

У падручніках яна заўсёды была проста «абаронай Севастопаля», але ў сьвятле анэксіі абарону ўзьнялі вышэй — да бітваў за Маскву, Сталінград і Бэрлін. Сама анэксія цяпер патрабуе эпапэі. На вялікім экране і, само сабой, у тоўстых раманах.

Як вядома, у першай абароне Севастопаля, у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, удзельнічаў сам Леў Талстой. Панюхаўшы пораху, ён пазьней рашыўся напісаць эпапэйны ваенны раман. Назва «Вайна і мір» і сёньня гучыць даволі надзённа. Галоўнае: у паветры лунае ня так патрэба, як запатрабаваньне ад пэўнага начальства — напісаць штосьці такое на сучасным матэрыяле.

Мы пазнаёміліся з Андрэем С. выпадкова ў адной крымскай кнігарні (я гартаў мэмуары Ўрангеля, але набыў, калі шчыра, штосьці іншае), ён аказаўся мясцовым літаратарам. Апошнім часам у нас творчая перапіска. У маскоўскім лягеры празаікаў-баталістаў бражэньне, подых часу бударажыць думкі. Раман пра Крым просіцца на паперу.

Крымскі празаік Андрэй па-свойму раўнуе. Закаркавалі як у бутэльцы крымчан, а як шампанскае піць, то масквічы пішчом лезуць… Хаця замахвацца на сучасную «Вайну і мір» нібыта страшна, адзіны козыр — ён зь месца падзеяў напіша. Яму хочацца са мной параіцца. Хоць яму вядома, што я супраць «крымскага сцэнару», але для яго я нэўтральны бок: ні з Расеі, ні з Украіны. Значыць, ён хутчэй адштурхоўваецца ад маёй крытыкі, выпрабоўваючы свае думкі.

Вось у Крамлі замовілі ордэн Андрэя Першазванага, вышэйшую вайсковую ўзнагароду — са скрыжаванымі мячамі. Значыць — за ўдалыя баявыя апэрацыі, прычым грандыёзныя. І недзяшовая цацка, між іншым. У Сталіна быў адпаведнік — ордэн «Перамогі», абсыпаны адамантамі. За менш значныя апэрацыі існавалі іншыя ордэны — Суворава, Кутузава, Аляксандра Неўскага, а таксама Нахімава — для маракоў. Усе так і зразумелі — асабіста для Пуціна, для каго ж яшчэ? У Крамлі пачалі адмаўляцца: не, няпраўда, не для Пуціна! А для каго тады? «У запас»! — быў адказ. Прагучала непераканаўча. Ну значыць сапраўды для яго, для Пуціна: калі так рашуча адмаўляюцца — сумненьняў быць ня можа.

У майго крымскага знаёмага таксама іх няма. Канечне, перамылі ордэну з мячамі косткі як мае быць: якіх толькі меркаваньняў не прагучала! І што «героя прызначаць», і што таму, «хто зьбіў Боінг» дастанецца. І што апошняму дыктатару прышпіляць, і што Брэжнева падымуць (які, як вядома, у мірны час сябе ўзнагародзіў тым сталінскім ордэнам «Перамогі», таксама спэцзаказ быў, таму што «ў запасе» не знайшлося). А можа Сувораў новы паявіўся, а ніхто не заўважыў, пакуль не ўзнагародзілі? Самы дасьціпны прапанаваў: калі зь мячамі, то Стралкову, калі бязь іх, то — Гіркіну.

Андрэй з Крыму стараецца падыходзіць да дыскусіі прагматычна, адстаронена, зьбірае матэрыял. Нехта абураецца: навошта ордэн баявы, калі галоўнакамандуючы сьцьвярджае, што Расея ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях? Каго і за што ўзнагароджваць? Краіна ж не ваюе, а нечыя грудзі чакаюць грандыёзны ордэн! На кой чорт ён, мы ж самая мірная краіна!.. Крымскі літаратар проста хоча выкарыстаць свой пісьменьніцкі шанец. Ён перакананы, што 9 траўня ў Маскве ордэн гэты дадуць Пуціну. А каму ж яшчэ? Бо калі вяртацца да назвы рамана Талстога, то Пуцін ажыцьцявіў крымскую вайну, але мірнымі сродкамі. І гэта праўда.

Канечне, калі браць клясыку — «вайна в Крыму, всё в дыму», то з батальнымі сцэнамі нічога ня выйдзе, порах не панюхаеш, як звычайна на вайне бывае. Андрэй разважае безь лізаблюдзтва: Міхаіл Іларыёнавіч вытрымаў бітву пад Масквой, каб адступіць, пакінуў горад непрыяцелю, каб выйграць саму вайну. Хоць і ня ўбачыў Бэрліна і Парыжа, памёр па дарозе. Нічога такога Пуціну і ня сьнілася. Як ня можа сябе ён параўнаць і з Георгіем Канстанцінавічам, якому была даручана бітва за Бэрлін. Побач зь вядомымі палкаводцамі Пуцін проста чалавек у пінжаку. Тут мы з крымскім пісьменьнікам сыходзімся ў думцы.

Але я лічу патрэбным нагадаць яму: слухай, Андрэй, украінцы не захапілі ў Расеі твой Крым, яны ваявалі за яго, але супраць немцаў, разам з усімі. Трэба глядзець праўдзе ў вочы.

Ясна, я Амэрыкі для яго не адкрыў, ён сам зьбірае ўсё, што можна, у свой «партфэль». І мае нават даволі шалёную ідэю наконт карабля, што ўзарваўся на рэйдзе ў Севастопалі шэсьцьдзесят гадоў таму. Шалёную з пункту гледжаньня фактаў. Але ў літаратурным сэнсе мабыць удалую. А што калі той лінкор у Севастопалі ўзарвалі самі ўкраінцы? — піша ён. Ты што, з глузду зьехаў? Навошта, чаму? Пісалі, што італьянцы, што ў іх была крыўда, падстава, каб адпомсьціць. Крым жа ўкраінскім толькі стаў, хіба дрэнна? Не, нядрэнна, але западэнцы не хацелі, каб авеяны рускай марской славай флёт стаяў ва ўкраінскім Крыме. Ну ты вар’ят! Вар’ят ні вар’ят, але гэта пойдзе, я ж раман свой не ў Кіеве друкаваць буду. Паслухай, кажу яму, а раптам гэта патрыёты іншыя, тагачасныя Стралковы так свой пратэст выказалі, што Крым быў аддадзены ўкраінцам, пра гэта ты не падумаў?

Вось бачыш, якая цікавая тэма, адказвае ён, з падвойным дном, ты сам цяпер уключыўся ў гульню, а то ўсё трымаўся сваіх фактаў, быццам ты не сачыніцель…

Я ня ведаю, ці можа сапраўды правінцыйны крымскі аўтар цягацца з маскоўскімі акуламі, я сумняваюся, але няхай напіша, а мы пачытаем. Прынамсі мне здаецца псыхалягічна апраўданай і даволі плённай думка аб тым, што ў Пуціна ў галаве можа сядзець той Брэжнеў, які з Наварасійску (успомнім пуцінскі праект «Наваросія»!) высадзіўся пад Керчу, быў кантужаны, але вызваліў Крым і Севастопаль. Разам з усімі, канечне, але ў пазьнейшыя гады ў галаве Леаніда Ільліча ўласная роля вырасла да такіх памераў, што ён вырашыў, што заслужыў вышэйшы вайсковы ордэн «Перамогі», як праслаўлены палкаводзец. Крымскі пісьменьнік лічыць, што з Пуціным адбылася падобная мэтамарфоза. Што ж, пісьменьнікі людзі цынічныя, работа ў іх такая.

XS
SM
MD
LG