Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Музэі гісторыі беларускага кіно адкрылася выстава пра самагонку


Традыцыя самагонаварэньня ў Беларусі вядомая з XV стагодзьдзя. Выраб гарэлкі кантраляваўся дзяржавай, а часамі станавіўся несанкцыянаваным.

Часы ваеннага ліхалецьця, частай зьмены ўлады прымушаў насельніцтва шукаць стабільную «валюту» для ўзаемных разьлікаў. Самагонаварэньне залежала ў першую чаргу ад наяўнасьці жыта ў сялян, таму ў ХХ стагодзьдзі спачатку істотна распаўсюдзілася ў Заходняй Беларусі, не абцяжаранай калгасным ладам. У найноўшай гісторыі самагонаварэньне стала аб’ектам перасьледу з боку дзяржавы. З дапамогай пяра, пэндзля і слова з гэтай зьявай змагалася сатыра і наглядная агітацыя.

Сёння самагонка — частка нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны; як і беларуская кухня, яна вызначае рэгіянальную адметнасьць і нават можа раскрываць турыстычны патэнцыял краіны. У якасьці дэманстрацыі самагону як культурнай спадчыны яго прапануюць сёньня турыстым, наведнікам аграсядзібаў, музэйных комплексаў.

Экспазыцыя выставы прэзэнтуе ўзоры самагонных апаратаў, атрыбуты, якія суправаджалі працэс самагонаварэньня. Значную частку экспанатаў складаюць узоры савецкіх плякатаў антыалькагольнай накіраванасьці. Жанр сатыры, які выкрываў сацыяльныя стэрэатыпы, зьвязаныя з п’янствам, сёньня ўжо зьяўляецца гісторыяй.

Сатырычная графіка на гэтую тэму па-асабліваму выяўляе творчасьць такіх вядомых беларускіх мастакоў як Барыс Забораў, Мікалай Гурло, Леанард Чурко, Аскольд Чуркін, Яўген Бусел і іншых. Грамадзянская лірыка, якую стваралі да плякатаў, належыць ня менш вядомым беларускім аўтарам-літаратарам: Рыгору Барадуліну, Генадзю Кляўко, Івану Стадольніку.

Наведнікам выставы прапануюцца відэагіды, якія раскрываюць цікавыя старонкі з гісторыі самагонаварэньня. З культуралягічнага пункту гледжаньня асаблівасьці культуры спажываньня алькаголю ў беларусаў разглядае Ірына Дубянецкая. Агляд гісторыі самагонаварэньня, яго ролю ў сыстэме гаспадаркі, цікавыя архіўныя спасылкі прапануе доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў. Партнэрам праекту выступіў музэйны комплекс «Дудуткі», які адраджае старадаўнія тэхналёгіі і рэцэпты, у якасьці дэманстрацыі культурнай спадчыны ў межах выставы ладзіць дэгустацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG