Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі хочуць задарма аддаць увесь тавар аўтарам указу № 222


Ці супакоіў прадпрымальнікаў прэзыдэнцкі ўказ, які адтэрмінаваў пакараньне за тавары без дакумэнтаў і адначасова павялічыў падатковую нагрузку? Пра гэта разважаюць гандляры на рынку ў Гомелі.

На Цэнтральным рынку, дзе працуюць сотні індывідуальных прадпрымальнікаў, адтэрміноўка санкцыяў за тавары без дакумэнтаў задавальненьня ці палёгкі ня выклікала.

Гаворыць прадпрымальніца, якая назвалася Соф’яй:

«Адтэрмінавалі. Але на што адтэрмінавалі? На рэшту тавараў! За гэта трэба плаціць шалёны падатак. Гэта ж залатая рэшта атрымліваецца. Лепей ужо дома сядзець, чым столькі грошай плаціць дзяржаве. Адкуль, з чаго плаціць? Тавараў мала засталося. Як цяпер працаваць? Мы прасілі, каб указ № 222 быў поўнасьцю перагледжаны і нам, прадпрымальнікам, далі спакойна працаваць да тае пары, пакуль краіны, што ўвайшлі ў склад Мытнага саюзу, не перабудуюцца і пачнуць выдаваць дакумэнты — такія, які патрабуе ЭўрАзЭС, а ня толькі Беларусь».

Суразмоўніца сьцьвярджае, што ўжо першыя дні працы ў так званых палепшаных умовах паказалі: зарабіць на пражытак прадпрымальнікам, якія гандлююць прамысловымі таварамі, практычна немагчыма:

«Мы нічога ня зможам зарабіць. Па-першае, пакупніцкая здольнасьць насельніцтва ўпала. Людзей на рынках няма, бо заробкі іхнія зьменшыліся. Нас паставілі ў рамкі, у якіх мы працаваць нармальна ня можам. Мы хутка самі сыдзем. Пятля зацягваецца. Сыдзем самі, добраахвотна».

Прадпрымальнікі кажуць, што прасілі дазволіць ім увоз тавараў з той жа Расеі без дакумэнтаў, пакуль такія суправаджальныя дакумэнты там ня стануць абавязковымі. Зрабілі іначай. Паводле зьменаў ва ўказе, дробныя бізнэсоўцы за рэалізацыю рэшткаў тавараў павінны цяпер плаціць падвойны адзіны падатак і падвойны падатак на дададзеную вартасьць. Апошні з кожным кварталам павялічваецца, і ўжо сёлета ў кастрычніку падатак на дададзеную вартасьць вырасьце ў чатыры разы супроць мінулага году. Гэта, як сьцьвярджае спадарыня Ала, і абурае прадпрымальнікаў:

«Нам павялічылі падатак на дададзеную вартасьць. Але на што павялічылі? На рэшту! З гэтым таварам мы працуем зь ліпеня — і ўжо сакавік скончыўся. Лічыце, колькі месяцаў мы плацім за гэтыя рэшткі тавараў, якія не прадаюцца. Вось кашуля — яе ні летась у ліпені, ні сёлета ў сакавіку не ўдалося прадаць. Мы кожны месяц за яе плацім ПДВ, ПДВ... Яна ўжо залатая. І, выбачайце, цяпер яшчэ й павялічылі падатак на дададзеную вартасьць. Дык мы ўжо бескаштоўна аддаём гэтую кашулю — абы забралі. І з чаго ў такім разе дзяржаве плаціць павялічаны падатак? З чаго? Мы ўжо нічога не зарабляем! Гэта ўжо трызьненьне. І якая толькі галава магла такое прыдумаць?!»

Павелічэньне падаткаў немінуча вымагае й супастаўнага падвышэньня коштаў. Але тавары й без таго не купляюць. Дробныя бізнэсоўцы і жартам, і ўсур’ёз хочуць бясплатна аддаваць рэшту тавараў распрацоўшчыкам паправак да ўказу № 222 — можа, хоць у такім разе ўлада ўнікне ў праблему існаваньня прадпрымальнікаў:

«Ды мы ўжо дарма аддамо ім гэтыя тавары — і няхай ужо што хочуць, тое зь імі й робяць. Няхай ужо адзяваюцца».

У свой час улады дэкляравалі, што падмога прадпрымальніцтву будзе празь стварэньне ў краіне аптовых складоў і базаў, якія будуць запоўнены прывабнымі і недарагімі мадэлямі адзеньня айчыннай лёгкай прамысловасьці. Хацелі як найлепей, а што атрымалася:

«Няхай наша лёгкая прамысловасьць зробіць прыгожыя і элегантныя мадэлі — і будзе праца і нам, і прамысловасьці. Зайдзіце ў краму фабрыкі „8 сакавіка“. Вы што-кольвечы там купіце? Наўрад ці. А моладзь купіць? Там няма прыгожых мадэляў. Там шмат тавару, але ж яго, выбачайце, нават бабулі ня хочуць купляць».

Распродаж тавараў у ГЦ «Сакрэт»

Распродаж тавараў у ГЦ «Сакрэт»

Прадпрымальніца Кацярына тым часам лічыць зачыненыя ралеты — у адным толькі радзе такіх набралася чатырнаццаць. З-за новых парадкаў і падвышаных падаткаў дробныя бізнэсоўцы банкрутуюць:

«Два мільёны — арэнда ралета, два мільёны 950 тысяч — адзіны падатак і падатак на дададзеную вартасьць, 735 тысяч — у фонд сацыяльнай абароны. Гэта атрымліваецца ў месяц пяць зь лішнім мільёнаў. У нас усяго тавару на 5–6 мільёнаў, а 5 мільёнаў трэба заплаціць падаткаў. Сытуацыя цяпер абвастрылася. Паступова людзі сыходзяць. Як мінімум 80 адсоткаў прадпрымальнікаў пакінуць рынкі».

Цэнтральны рынак. У адным толькі гандлёвым радзе - 14 зачыненых ралетаў

Цэнтральны рынак. У адным толькі гандлёвым радзе - 14 зачыненых ралетаў

Зрэшты, рыначным прадпрымальнікам, якіх толькі на Гомельшчыне каля 28 тысяч, няма асабліва куды й падзецца. Іх чакае вуліца і беспрацоўе. Пра гэта гаворыць немаладая ўжо прадпрымальніца з таго ж Цэнтральнага рынку:

«Што прасілі і што нам далі? Што нам дала дзяржава? Мы самі працуем, дзяржаве плацім. Яшчэ й найманага чалавека возьмем і за яго плацім. А што ж нам застаецца? Ну, добра, звольню я зараз найманага. Закрыю сваю справу. Мне самой год застаўся да пэнсіі — і куды падацца? Хто мяне возьме ў нашай дзяржаве, калі мне год да пэнсіі? У нас і маладых цяпер ніхто не бярэ. Хочацца плакаць!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG