Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні Мэджліса: што збліжае Крым зь Беларусьсю


Намесьнік старшыні Мэджліса крымска-татарскага народа Аслан Амэр Кырымлы распавёў Свабодзе, што страціў ягоны народ за год расейскай акупацыі Крыму.

Крымска-татарскі тэлеканал ATR учора завяршыў сваё вяшчаньне. Тэлеканал некалькі разоў падаваў дакумэнты для перарэгістрацыі ў наглядны орган акупацыйнай улады «Роскомнадзор», але іх вярталі назад з розных прычын. Аналягічныя праблемы маюць іншыя СМІ, якія ўваходзяць у мэдыяхолдынг ATR, — дзіцячы крымска-татарскі тэлеканал Lale, FM-радыёстанцыі «Мэйдан» і «Лідэр», а таксама інтэрнэт-выданьне «15 хвілін».

Ліквідацыя нацыянальных СМІ — адна з праяваў брутальнага парушэньня правоў крымскіх татараў расейскай акупацыйнай уладай, заявіў Свабодзе намесьнік старшыні Мэджліса крымска-татарскага народа

Аслан Амэр Кырымлы

Аслан Амэр Кырымлы

Кырымлы. Паводле ягоных слоў, сытуацыя ў Крыме цяпер моцна нагадвае стан правоў чалавека ў Беларусі. За тым выключэньнем, што ў Беларусі такая сытуацыя трывае ўжо вельмі доўга, а ў Крыме склалася ўсяго за год акупацыі.

—Аслан Энвэравіч, якім чынам паўплывае спыненьне працы крымска-татарскага тэлеканала ATR і шэрагу іншых мэдыяў на сытуацыю крымскіх татараў, якія жывуць у Крыме?

— Вядома, вельмі нэгатыўна паўплывае. Таму што ўсе крымска-татарскія СМІ — гэта нацыянальныя СМІ, арыентаваныя ў тым ліку і на крымска-татарскую аўдыторыю. Праз тое, што спынілі працу тэлеканал, радыё, газэты, часопісы, вялікая частка насельніцтва Крыму застанецца ў безынфармацыйным вакуўме.

— Гэтыя СМІ вымушаныя зачыніцца, бо не былі зарэгістраваныя паводле расейскага заканадаўства. А што менавіта не адпавядае заканадаўству?

— Яны ня вымушаныя зачыняцца, яны якраз гатовыя працягнуць сваю працу. Але цяперашняя акупацыйная адміністрацыя не рэгіструе іх паводле расейскага заканадаўства, не дае ім права на вяшчаньне на акупаванай тэрыторыі. Такім чынам, расейская ўлада абмяжоўвае свабоду слова, бо ёй ня трэба іншадумства. Яна як можа цісьне на ўкраінскія і крымска-татарскія СМІ, каб зьмясьціць іх у інфармацыйную рэзэрвацыю і выдаваць толькі тую інфармацыю, якая, на яе погляд, асноўная.

— Тэхналёгіі ў любым разе дазваляюць не знаходзіцца ў інфармацыйнай рэзэрвацыі. Як праблема доступу да інфармацыі можа быць вырашана?

Створацца новыя інтэрактыўныя рэсурсы, інтэрнэт-рэсурсы, мэдыярэсурсы, якія будуць вяшчаць праз інтэрнэт ці спадарожнік.

— Так, дзякуючы тэхналёгіям усе забароны вельмі спакойна можна абысьці. Створацца новыя інтэрактыўныя рэсурсы, інтэрнэт-рэсурсы, мэдыярэсурсы, якія будуць вяшчаць праз інтэрнэт ці спадарожнік. І свабода слова будзе прабівацца на паўвостраў у любым разе.

— Якія яшчэ рэпрэсіі зазнаюць крымскія татары з боку расейскай адміністрацыі?

— Цяпер Крымскі паўвостраў перажывае самы горшы час ад моманту распаду СССР. На дадзены момант рэпрэсіі, пагрозы, беззаконьне і шантаж, якія там назіраюцца, нагадваюць 1937 год: за іншадумства чалавека могуць пасадзіць, фабрыкуюцца крымінальныя справы, зьяўляюцца палітвязьні. Напрыклад, адзін з намесьнікаў старшыні Мэджліса Ільмі Ўмераў цяпер у зьняволеньні, яму інкрымінуюць арганізацыю 26 лютага 2014 году масавых беспарадкаў, хоць тое мерапрыемства (26 лютага 2014 году пад крымскім парлямэнтам сабраліся некалькі тысяч прыхільнікаў крымска-татарскага Мэджліса і «Рускага адзінства». — РС), ладзілася супольна старшынём Мэджліса Рэфатам Чубаравым і лідэрам «Рускага адзінства» Сяргеем Аксёнавым. Цяпер пад сьледзтвам прадстаўнік Мэджліса. Хутчэй за ўсё, крымскімі татарамі і абмяжуюцца. Складаная сытуацыя. Крымскія татары пад ціскам як адзіны праўкраінскі фактар на паўвостраве, які падае голас свабоды і супраціву, не прымае рабства. Расейская адміністрацыя хацела б бачыць у Крыме шэрую масу, якая б выконвала загады, хадзіла на працу і насіла фуфайкі. Але мы ня хочам вяртацца ў Савецкі Саюз, мы хочам жыць прагрэсіўна і цывілізавана.

— Як складаюцца адносіны паміж крымскімі татарамі і ўкраінскай уладай пасьля анэксіі Крыму? З прычыны збройнага супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны ці ня зьменшылася ўвага да праблемаў, зь якімі сутыкнуліся крымскія татары ў Крыме?

Сёньня самае важнае пытаньне — гэта захаваньне Ўкраіны як дзяржавы, праблемы насельніцтва на акупаваных тэрыторыях — на другім месцы.

— Цяпер вельмі добрыя адносіны. Сёньня самае важнае пытаньне — гэта захаваньне Ўкраіны як дзяржавы, праблемы насельніцтва на акупаваных тэрыторыях — на другім месцы. Але ўкраінцы не забываюць, што ў акупаваным Крыме засталося 2 мільёны грамадзянаў. Важна абараніць правы і свабоды гэтых грамадзянаў на міжнародным і лякальным узроўнях, а таксама даць магчымасьць атрымліваць мэдычнае абслугоўваньне, адукацыю на мацерыку, забясьпечыць бесьперашкодны доступ да мацерыковай Украіны, каб цесныя сувязі, якія ёсьць цяпер, захаваліся. Гэта праца, якая павінна пачацца ўжо зараз.

— Як вы ставіцеся да пазыцыі Беларусі, якая, з аднаго боку, дэкляруе неабходнасьць цэласнасьці Ўкраіны, а зь іншага — жыцьцёва залежыць ад эканомікі Расеі?

— У вас вельмі прагматычны прэзыдэнт. Калі ён робіць заявы, то самае галоўнае, каб яны былі на карысьць як Беларусі, так і Ўкраіне. Мы ўсе суседзі, і вельмі важна асэнсоўваць сказанае, дбаць, каб яно прынесла карысьць у будучыні. Для нас вельмі важна тое, што адбываецца ў Беларусі, бо гэта суседняя краіна. Працэсы, якія ў вас адбываюцца, маюць дачыненьне і да нас.

Мітынг у падрымку тэлеканала ATR

Мітынг у падрымку тэлеканала ATR

— Як вы можаце параўнаць сытуацыю ў Крыме і ў Беларусі, дзе таксама парушаюцца правы чалавека, ёсьць палітвязьні, сфабрыкаваныя справы, ціск на незалежныя мэдыі?

— У вас вельмі складаная сытуацыя. Але адрозьненьне ў тым, што ў вас яна трывае ўжо вельмі доўгі час. Але вы жывяце ў сваёй краіне, і ніхто не аспрэчвае грамадзянства, якое вы маеце. Разам з тым мы ўсьведамляем, што ёсьць рэпрэсіі, ціск на іншадумства, праблемы са свабодай слова і апазыцыйнымі партыямі, якія ня могуць актыўна працаваць. Калі б мяне спыталі, што вам рабіць, я б сказаў, што Беларусь мае пайсьці кансэнсусным шляхам — дамаўляцца, знаходзіць рашэньні і выхады. Тое, што адбываецца ў Расеі — ня прыклад. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне — таксама ня прыклад для вас. Беларусь павінна знайсьці цывілізаваны варыянт вырашэньня пытаньняў.

XS
SM
MD
LG