Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры стадыі ператварэньня беларуса ў дранік


Пітная вада «Бульбашъ»

Пітная вада «Бульбашъ»

Ня буду казаць, што слова «бульбаш» для беларуса – абразьлівае. Гэтаксама як жыд, пшэк, маскаль, хахол, лабус – адпаведна для габрэя, паляка, расейца, украінца і літоўца. Кожны народ, мабыць, мае для суседа нейкую зьняважлівую мянушку, на якую той рэагуе як на абразу.

Беларусы на «бульбаша» не рэагуюць, бо і беларусам сябе ўсьведамляе далёка ня кожны беларус. Таму – «хоць гаршком назаві, толькі ў печку ня стаў». Бульбаш дык бульбаш. Зьняважлівая мянушка ня тое каб замяняла сабою самаўсьведамленьне беларуса – яна нівэлюе, сьцірае, затушоўвае само гэтае ўсьведамленьне. Якая розьніца, хто я і хто ты, усе роўныя – даўняя ілюзія, якая ператварае асобу з суб’екта ўласнага жыцьця ў аб’ект чыйгосьці ўзьдзеяньня (дзяржавы, начальства, суседа). Зачыстка – першая стадыя ператварэньня самаідэнтыфікацыі беларуса ў рандэлю ачышчанай бульбы. Апошнюю бульбачку туды – плюх!

Але на гэтым бульбашызацыя не сканчаецца.

Другая стадыя – зьяўленьне гарэлкі «Бульбашъ», якая прадаецца ва ўсіх крамах краіны і ў нацыянальным аэрапорце – гэта значыць, выконвае ролю нацыянальнага брэнда. Беларус ужо ня проста сам сябе называе бульбашом, але і ўсім іншым прадстаўляецца такім чынам, сьцьвярджаючы: я – бульбаш, то бок ня нацыя, а ў лепшым выпадку насельніцтва, у горшым – проста ніхто. Немагчыма ўявіць падобнае ў народаў, якія хоць крыху гонар маюць, паважаюць сябе. Таму нерэальна, каб габрэі расьпівалі бутэльку «Жыда», палякі – «Пшэка», расейцы – «Маскаля», украінцы – «Хахла», а літоўцы – «Лабуса». У нас – магчыма. Ачышчаная самаідэнтыфікацыя дзярэцца на тарцы і ператвараецца ў вадзяністую бульбяную масу, якая чарнее на вачах. Вось і апошняя бульбачка да кучы – хрум!

Трэцяя стадыя бульбашызацыі мае на мэце гатовы прадукт. Самаідэнтыфікацыя беларуса павінна быць ня толькі сьцёртая дазваньня, але і запечаная ў такім выглядзе – на пакаленьні наперад.

У дзяцінстве, вядома, пахі і смакі асаблівыя, запамінаюцца на ўсё жыцьцё. Нездарма вытворцы зноў прадукуюць каўбасу доктарскую, марозіва «Пламбір» ці якую-небудзь «Крэм-соду». Прадукты, зразумела, ня тыя ж і не з таго робяцца, але этыкеткі і лягатыпы – тыя самыя, знаёмыя зь дзяцінства. Так і сёньняшнім малым беларусам на ўсё жыцьцё запомніцца «вада дзяцінства» пад назваю «Бульбашъ». Некалі, у сваім сталым жыцьці наш цяперашні малы беларус ня зможа безь любові глядзець на «Бульбашъ», толькі ўжо зь іншым, саракаградусным зьместам. Пагатоў, і лягатып і дызайн этыкеткі і нават форма бутэлькі тыя самыя.

Ясна, што не адзін «Бульбашъ» займаецца такой падступнай справай ва ўмовах забароны рэклямаваць гарэлку. Маніторы і цэлыя сьцены ў мэтро запоўненыя маляўнічай рэклямай пітной вадзічкі «Сваяк», «Налібакі» і нават «Крышталь». Дызайн вадзічкі нічым не адрозьніваецца ад дызайну гарэлкі і, калі па-расейску, уся розьніца ў адной літары, якую можна і не заўважыць. Цікава было б у Швэцыі сустрэць мінэралку «Абсалют» ці ў Польшчы – «Выбарову». Толькі не сустрэнеш, бо справа амаральная. У выпадку з «Бульбашом» яна нават не амаральная – гэта проста незаўважная вайна з самаідэнтыфікацыяй беларусаў, а да таго яшчэ і зь іхнай цьвярозасьцю.

На завяршэньні трэцяй стадыі бульбашызацыі вадзяністую масу разьліваюць па патэльні. Апошнюю лыжку на паверхню – плясь!

Дранік – штука смачная, духмяная. Але калі дранік – ты сам, есьці яго будзеш ужо ня ты.

Пітная вада «Бульбашъ»

Пітная вада «Бульбашъ»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG