Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вэртыкаль» у Менску кліча на дапамогу жыхароў


У спрэчцы з кампаніяй «Саўт Вэстэрн», якая хоча забудаваць сквэр, адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менска спадзяецца на падтрымку мясцовых жыхароў.

Цягам 2012 году жыхары вуліцы Заслаўскай у Менску з дапамогай грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» двойчы адстаялі маленькі зялёны сквэр паміж дамамі №№ 11 і 17, дзе інвэстыцыйная кампанія «Саўт Вэстэрн» плянавала пабудаваць 15-павярховы офісны будынак з банкам і аўтамабільную стаянку на 125 месцаў.

Тады мясцовыя жыхары ініцыявалі грамадзкія слуханьні з удзелам забудоўнікаў, мясцовай вэртыкалі, Мінпрыроды, сабралі больш за 3 тысячы подпісаў супраць будаўніцтва офіснага гмаху з банкам — ужо чацьвёртым на Заслаўскай.

За подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Сяргея Рамадана ў ліпені 2012 году жыхары атрымалі афіцыйны адказ:

«Дэталёва вывучыўшы сытуацыю, якая склалася ў працэсе грамадзкага абмеркаваньня, прынята рашэньне аб немэтазгоднасьці разьмяшчэньня аб’екта „Офісны будынак з прыбудаваным банкам“ на Заслаўскай. Замежнаму прыватнаму прадпрыемству „Саўт Вэстэрн“ рэкамэндавана разгледзець альтэрнатыўнае месца разьмяшчэньня аб’екта».

І вось праз паўтара года кампанія «Саўт Вэстэрн» зноў спрабуе адстаяць свае інтарэсы, распавяла Радыё Свабода актывістка кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч:

«Саўт Вэстэрн» падала ў суд на Менгарвыканкам і робіць чарговую спробу распачаць будаўніцтва на тым жа самым месцы. Прычым, што цікава, сама адміністрацыя Цэнтральнага раёну ініцыявала правесьці грамадзкія слуханьні супраць ушчыльненьня Заслаўскай. Чыноўнікі зьвярнуліся да мясцовых жыхароў, якія некалі ўжо адстаялі сквэр, з просьбай дапамагчы яшчэ раз і паставіць канчатковую кропку. Мяркуецца, там будуць і старшыня райвыканкаму, і прадстаўнікі Камітэту па архітэктуры і будаўніцтве, і, натуральна, мясцовыя жыхары. Пачатак сустрэчы — 1 красавіка а 18-й гадзіне ў гімназіі № 29 па вуліцы Мельнікайце, 13 «.

Падрабязнасьці слуханьняў — пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG