Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: сьмяротнае пакараньне ў 2014 годзе


Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая выносіць сьмяротныя прысуды і выконвае сьмяротныя пакараньні. Паводле Amnesty International, у 2014 годзе ў Беларусі былі выкананыя прынамсі тры пакараньні сьмерцю. Пакараньні адбываюцца ў атмасфэры сакрэтнасьці, сваякам і адвакатам паведамляюць пра пакараньне толькі пасьля яго выкананьня.

Пра гэта гаворыцца ў сёлетняй штогадовай справаздачы арганізацыі. Паводле справаздачы, прынамсі 607 чалавек былі летась пакараныя сьмерцю ў 22 краінах. Большасьць пакараньняў адбыліся ў Кітаі, Іране (289), Савудаўскай Арабіі (90), Іраку (61) і ЗША (35). У Кітаі статыстыка пакараньня сьмерцю засакрэчаная, але, паводле зьвестак Amnesty International, там летась было пакарана сьмерцю больш людзей, чым у астатнім сьвеце разам узятым.

140 краінаў сьвету адмянілі сьмяротнае пакараньне заканадаўча або не выконваюць яго на практыцы.

У 2014 годзе рэзка павялічылася колькасьць сьмяротных прысудаў, іх было вынесена 2466 ў 55 краінах. Гэтае павелічэньне адбылося ў асноўным з-за падзеяў у Эгіпце (прынамсі 109 сьмяротных прысудаў у 2013 годзе, прынамсі 509 ў 2014 годзе) і ў Нігерыі (прынамсі 141 прысуд у 2013 годзе, прынамсі 659 — ў 2014 годзе).

Асноўныя віды выкананьня сьмяротнага пакараньня: адсячэньне галавы, павешаньне, сьмяротная ін’екцыя і расстрэл.

Прынамсі 14 чалавек маладзейшых за 18 гадоў былі нягледзячы на парушэньне міжнароднага права пакараныя сьмерцю ў Іране. У многіх краінах, дзе людзі былі прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня або пакараныя, разборы справаў не адпавядалі міжнародным стандартам справядлівага судовага разбору. У некаторых выпадках гэта ўключала здабываньне «прызнаньняў» з дапамогай катаваньняў або іншых відаў жорсткага абыходжаньня, напрыклад, у Аўганістане, Бахрэйне, Кітаі, Іране, Іраку, Паўночнай Карэі, Саудаўскай Арабіі.

У такіх краінах, як Паўночная Карэя, Іран і Сырыя, урады працягвалі ужываць сьмяротнае пакараньне ў якасьці інструмэнта для здушэньня палітычнага іншадумства. Публічныя пакараньні сьмерцю былі праведзеныя ў Іране і Савудаўскай Арабіі. У шэрагу краінаў каралі сьмерцю за такія злачынствы, як рабаваньне, распаўсюд наркотыкаў, і нават сужэнскую здраду, блюзьнерства і вядзьмарства, якія ня варта разглядаць як злачынствы наагул.

«Урады, якія ўжываюць сьмяротнае пакараньне дзеля выкараненьня злачыннасьці, памыляюцца. Няма доказаў, што пагроза гэтага пакараньня стрымлівае злачынцаў у большай ступені, чым любое іншае пакараньне. Тым нешматлікім краінам, якія ўсё яшчэ выконваюць сьмяротнае пакараньне, трэба сур’ёзна зірнуць на сябе ў люстэрка і спытаць, хочуць яны працягваць парушаць права на жыцьцё абодалучыцца да пераважнай большасьць краінаў, якія адмовіліся ад гэтага максымальна жорсткага і бесчалавечнага пакараньня», — адзначае Саліл Шэці, генэральны сакратар Amnesty International.

XS
SM
MD
LG