Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс, былы кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Швэцыі Карл Більт, экс-прэм’ер Славаччыны Мікулаш Дзурында, цяперашні старшыня камітэту па міжнародных справах Эўрапейскага парлямэнту немец Эльмар Брок, былы віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту паляк Яцак Сарыюш-Вольскі, вядомы эканаміст са Швэцыі Андэрс Аслунд атрымалі запрашэньні ад прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ўвайсьці ў ягоную каманду замежных дарадцаў.

Гэтыя прозьвішчы «Балтыйскай службе навінаў» сёньня раніцай назваў Андрус Кубілюс. Экс-прэм’ер сказаў, што такое запрашэньне яму перадаў увечары 31 сакавіка былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які непасрэдна ачольвае Міжнародную кансультатыўную раду па рэформах пры прэзыдэнце Ўкраіны:

«Ён мне патэлефанаваў, сказаў, хто можа ўвайсьці ў склад гэтай рады зь іншых вядомых эўрапейскіх палітыкаў, і я пагадзіўся».

Экс-кіраўнік ураду Літвы таксама адзначыў, што рада будзе працаваць у іншым фармаце, чым тыя замежныя экспэрты, якія стала знаходзяцца ва Ўкраіне:

Аднак, маючы такі досьвед працы на чале ўрадаў альбо на іншых высокіх пасадах, можна даць болей рэкамэндацыяў ураду Ўкраіны, як ажыцьцяўляць рэформы, і адначасова быць адвакатамі праграмаў гэтых рэформаў на Захадзе

«Аднак, маючы такі досьвед працы на чале ўрадаў альбо на іншых высокіх пасадах, можна даць болей рэкамэндацыяў ураду Ўкраіны, як ажыцьцяўляць рэформы, і адначасова быць адвакатамі праграмаў гэтых рэформаў на Захадзе».

Спадар Кубілюс лічыць, што галоўныя рэформы ва Ўкраіне яшчэ трэба правесьці. Найбольш зьмяненьняў патрабуюць эканоміка, кіраваньне, барацьба з карупцыяй, ахова правапарадку. Літоўскі палітык заявіў, што рэформы для Ўкраіны — ня менш важная справа, чым вайна з сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея.

Андрус Кубілюс днямі даў інтэрвію беларускай Свабодзе. У ім экс-прэм’ер, у прыватнасьці, заявіў, што ў дачыненьнях Беларусі з Эўразьвязам «вельмі шмат будзе залежаць ад таго, як будуць праходзіць так званыя выбары ў Беларусі ў гэтым годзе, наколькі спадар Лукашэнка дазволіць апазыцыі ўдзельнічаць у іх. Але мы павінны рыхтавацца да доўгатэрміновых працэсаў. І тут лёсавызначальным для Беларусі будзе посьпех Украіны, тыя дэмакратычныя зьмены, якія там адбываюцца і якія адбудуцца».

А на пытаньне «Калі б Беларусь прапанавала вам заўтра партфэль прэм’ер-міністра, ці пагадзіліся б вы і што б зрабілі найперш?» спадар Кубілюс адказаў:

«Так, пагадзіўся б. Тым больш што свой першы крок у Беларусі бачу абсалютна дакладна — я б зруйнаваў у вашай краіне помнікі Леніну».

Андрус Кубілюс нарадзіўся ў 1956 годзе. Прэм’ер-міністрам быў у 1999–2000 і ў 2008–2012 гадах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG