Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарот зьнешняга гандлю Беларусі абрынуўся больш чым на 30% — і гэта надоўга


Леанід Злотнікаў, эканаміст

Леанід Злотнікаў, эканаміст

Афіцыйная беларуская статыстыка зафіксавала значнае падзеньне паказчыкаў зьнешняга гандлю таварамі.

Паводле дадзеных Белстату, абарот зьнешняга гандлю таварамі Беларусі ў студзені-лютым 2015 году ў параўнаньні са студзенем-лютым 2014-га ўпаў на 30,2%, экспарт — на 29,4%, імпарт — на 30,9%.

Падзеньне паказчыкаў адбылося ў першую чаргу за кошт гандлю з краінамі СНД. Тут агульны абарот упаў на 36,6%, экспарт — 40,5%, імпарт — 33,4%.

У гандлю з астатнім сьветам таксама назіраецца падзеньне паказчыкаў, аднак менш значнае: абарот упаў на 21,1%, экспарт — на 16,2%, імпарт — на 26,8%.

Пры гэтым з Эўразьвязам абарот гандлю ўпаў на 29,3%, экспарт — на 23,3%, а імпарт — на 38,9%.

Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што абвал абароту зьнешняга гандлю зьвязаны адразу зь некалькімі фактарамі.

Па-першае, падзеньне экспарту прадукцыі машынабудаўніцтва і арганічнай хіміі назіраецца на працягу апошніх 2,5 гадоў у сувязі зь яе неканкурэнтаздольнасьцю. Па-другое, абвал абароту зьяўляецца вынікам дэвальвацыі (перш за ўсё — у Расеі), якая пагоршыла ўмовы зьнешняга гандлю.

«Безумоўна, круты спад выкліканы перш за ўсё фактарам дэвальвацыі. Тым больш, калі браць зь 1 студзеня 2014 году, дэвальвацыя беларускага рубля была менш глыбокай, чым дэвальвацыя расейскага рубля. То бок, адмоўны эфэкт дэвальвацыі расейскага рубля ня быў пераадолены беларускай дэвальвацыяй», — кажа экспэрт.

Але, паводле слоў Злотнікава, базавай прычынай абвалу зьнешняга гандлю зьяўляецца ўсё ж такі адсутнасьць эканамічнага росту ў Беларусі і Расеі. Прычым у Расеі эканамічныя паказчыкі пачалі падаць яшчэ да ўвядзеньня санкцыяў Захаду, зьвяртае ўвагу эканаміст.

«Гэта такая базавая эканамічная прычына: тое, што і расейская эканоміка, і беларуская папалі ў так званую пастку сярэдняга даходу — гэта значыць, што абедзьве краіны апынуліся ў сытуацыі, калі выпускаць сучасную высокатэхналягічную прадукцыю яны ня могуць, бо ў гэтай галіне яны неканкурэнтаздольныя ў параўнаньні з разьвітымі краінамі, а выпускаць прадукцыю менш тэхналягічную, той жа лёгкай прамысловасьці, дык тут нашы краіны ня могуць канкураваць з краінамі, якія разьвіваюцца — Кітаем, Індыяй або Бразыліяй», — кажа Леанід Злотнікаў.

Зьніжэньне экспарту ў сваю чаргу вядзе да падзеньня валютных даходаў краіны.

Хуткага аднаўленьня ўзроўню зьнешняга гандлю Злотнікаў не прагназуе:

«Калі казаць пра пастку сярэдняга даходу, то выходзяць з гэтай пасткі дзесяцігодзьдзямі. То бок, гэта вельмі ўстойлівае падзеньне канкурэнтаздольнасьці».

XS
SM
MD
LG