Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Сьліж: У ВКЛ шлюбная здрада каралася сьмерцю


Натальля Сьліж

Натальля Сьліж

Што азначаў выраз: «Маскву пабіць — як дзіця зрабіць»? Ці мог вялікі князь зьявіцца на публіцы з пазашлюбным сынам? Калі ў ВКЛ замацаваўся інстытут сям’і? Пра ўсё гэта можна прачытаць у кнізе Натальлі Сьліж «Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стагодзьдзях». Сёньня гісторык — госьцяй перадачы.

— Натальля, у адной старадаўняй песьні пяецца: «Ехаў шляхціч да нявесты — пад капытам камень трэснуў». У гэтай мэтафары — і нецярпеньне, і жарсьць. Але, як вынікае з Вашай кнігі, нявесьце той магло быць усяго 15 гадоў. Чаму ў ВКЛ так рана дзяўчаты выходзілі замуж?

Кніга Натальлі Сьліж "Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стагодзьдзях".

Кніга Натальлі Сьліж "Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стагодзьдзях".

— Гэта ня рана, калі ўзгадаць сярэднюю працягласьць жыцьця ў тыя часы. Калі чалавек пражываў 50 гадоў, ён лічыўся доўгажыхаром. Тады людзі і псыхалягічна сталелі значна хутчэй. Юнак ужо з 12 гадоў браўся ў вайсковыя паходы. Да таго ж, роды нярэдка маглі скончыцца сьмерцю. Антысэптычных сродкаў не хапала, вельмі лёгка можна было атрымаць інфэкцыю. Скажам, родавая гарачка тады заканчвалася фатальна. Таму калі пры такім раньнім шлюбе жанчына пасьпявала нарадзіць некалькіх дзяцей, гэта было вельмі добра. У мужчынаў працягласьць жыцьця была таксама невялікая, бо ўвесь час праходзілі войны. І перад тым, як паехаць на вайну, мужчына пісаў тастамэнт. Існавала вялікая праблема — дагадаваць дзяцей да сталасьці. Таму, як толькі надыходзіў дзетародны ўзрост, заключаўся шлюб, каб былі нашчадкі.

— Нас і сёньня абурае, што полацкая князёўна Рагнеда кіеўскім князем Ўладзімерам была ўзятая за жонку гвалтам. Але ці не было гэта ў той час і пазьней звычайнай справай?

— Не, звычайнай справай гэта не было. Тут трэба зьвярнуць увагу на адзін момант. Быў стан міру і стан вайны. Сытуацыя Ўладзімера і Рагнеды — якраз стан вайны. Гвалт над дачкой пераможанага быў дэманстрацыяй падпарадкаваньня дзяржавы, акт прыніжэньня. Кожны заваёўнік гвалтаваў жанчынаў на той тэрыторыі, якую падпарадкаваў. Гэта быў паказ сілы і дэманстрацыя таго, што з гэтай тэрыторыяй і яе насельніцтвам пераможца зробіць усё, што заўгодна.

— «Гэта сапраўднае мастацтва — і Маскву пабіць, і дзіця зрабіць», — пісаў адзін з Радзівілаў другому Радзівілу, які камандаваў войскам ВКЛ. Няўжо ў той час адносіны ў ложку прыраўноўваліся да вайсковага подзьвігу?

Лічылася, наколькі мужчына добры ваяр, настолькі ён добры і ў сэксе.

— Тут справа ня ў подзьвігах. Справа ў тым, што праява мужчынскай моцы вымяралася яго вайсковымі ўчынкамі. І публічнай дэманстрацыяй мужчынскай патэнцыі былі менавіта вайсковыя ўчынкі. Калі мы кажам пра гендэрныя стэрэатыпы таго часу, то мужчына найперш мусіў быць добрым ваяром. Калі мы чытаем панегірычныя казаньні на хвалу нейкага роду, то там заўсёды падкрэсьліваюцца вайсковыя ўчынкі: удзелы ў бітвах, камандаваньне вайсковымі адзінкамі і г.д. Вайсковая мужнасьць атаясамлівалася з сэксуальнай патэнцыяй.

— Як рэгуляваліся шлюбныя адносіны ў ВКЛ? Якія правы мелі мужчыны, а якія жанчыны?

Займацца распустай з гледзішча Статуту ВКЛ маглі толькі жанчыны....

— Гендэрная няроўнасьць была прапісаная нават у заканадаўстве. Напрыклад, каб выйсьці замуж, дзяўчыне патрабаваўся афіцыйны дазвол бацькоў. Мужчыну — не. У трэцім Статуце ВКЛ ёсьць артыкул, які пазбаўляе дзяўчыну маёмасьці, калі яна не жадае выйсьці замуж і вядзе распусны лад жыцьця. Такога ж артыкулу адносна мужчыны няма. Такім чынам, займацца распустай з гледзішча Статуту ВКЛ маглі толькі жанчыны.... Шляхецкаму грамадзтву патрэбныя былі нашчадкі, ваяры, таму мужчыны і мелі перавагу. Большыя правы зьяўляліся ў жанчыны, калі яна станавілася ўдавою. Тады ёй ніхто ня мог нічога сказаць. Яна сама займалася гаспадаркай, калі хацела — другі раз ішла замуж, не хацела — яе ніхто ня мог прымусіць.

Займацца распустай з гледзішча Статуту ВКЛ маглі толькі жанчыны....

— Наколькі ў тыя часы былі пашыраныя дашлюбныя адносіны?

— Дашлюбныя адносіны мелі месца, іх не асабліва пільнавалі, асабліва ў ніжэйшых слаях грамадзтва. Былі і нявенчаныя шлюбы. Таму можна сказаць, што ў ХVІ стагодзьдзі з норавамі было свабадней. Вялікім князям літоўскім падаваліся скаргі, маўляў, ніяк ня можам насельніцтва ўпільнаваць, з кім хочуць, з тым шлюбы бяруць, з кім хочуць, з тым і жывуць. Асабліва гэтаму садзейнічаў Рэнэсанс, які зьвяртаўся да культу цела, да антычнасьці. Павевы Рэнэсансу былі ў нас вельмі моцныя.

— Як каралася тагачасным заканадаўствам шлюбная здрада?

— Артыкул пра шлюбную здраду зьявіўся ў трэцім Статуце ВКЛ, у 1588 годзе. Дзяржава была зацікаўленая ў стабільных сем’ях. Калі ёсьць сям’я з добрым эканамічным падмуркам, існуе сацыяльная герархія, то мае месца і стабільнасьць у грамадзтве. А калі нехта сыходзіць зь сям’і, то — ідзе эканамічнае разбурэньне, дзеці недапільнаваныя. Калі ў той час пералюбнікаў лавілі на гарачым учынку, іх чакала сьмяротнае пакараньне. Прычым калі муж прабачаў жонку, то яна магла атрымаць дараваньне. Калі засьпетага на гарачым пералюбніка муж забіваў, то ён за гэта не караўся. Пакараньне «на горла» прадугледжвалася таксама за згвалтаваньне. Калі караўся шляхціч, яму адсякалі галаву. Прадстаўнікоў ніжэйшага стану адпраўлялі на шыбеніцу.

— А якое пакараньне прадугледжвалася для нявернага мужа?

— Адносна мужчынаў такога артыкулу няма. Як правіла, усё заканчвалася разводам. Прычым справа не афішавалася. Напрыклад, калі Дарагастайскі высьветліў, з кім з роду Радзівілаў здраджвала яму жонка, то абодва бакі настойвалі, каб Радзівіла судзілі не за шлюбную здраду, а за крадзеж каштоўнасьцяў нявернае жонкі. Вельмі цяжка такія судовыя справы знайсьці ў архівах, бо іх ня вельмі ахвотна выносілі на людзі, тым больш іх старалася не афішаваць шляхта. Каб захаваць гонар.

— А што магло быць падставай для разводу?

— Хвароба, імпатэнцыя мужа, дрэннае сумеснае жыцьцё, зьбіцьцё жонкі, жаданьне каго-небудзь з сужэнцаў прыняць манаскі пострыг. Парадак быў такі: спачатку справу разглядаў духоўны суд, пасьля — суд сьвецкі. Духоўны займаўся прычынамі скасаваньня шлюбу, сьвецкі — маёмаснымі пытаньнямі.

— Ваярскія перамогі ў часы ВКЛ збольшага вядомыя. А ці вядомыя героі на амурным фронце?

— Тут можна ўзгадаць Багуслава Радзівіла — канюшага ВКЛ, які на гэтым фронце праславіўся за мяжою — у Францыі, у Нямеччыне. Ён меў шмат каханак пры францускім двары і нават трапіў у Бастылію, адкуль яго вызвалялі кардынал Мазарыні і каралева Ганна Аўстрыйская. Так што Багуслаў Радзівіл быў вядомы кавалер. Герой Бітвы пад Воршай Канстанцін Астроскі стаў двойчы бацькам у 67 гадоў.

— Вось хто таксама меў поўнае права сказаць: «Маскву пабіць — як дзіця зрабіць». А Ягайла ў колькі гадоў заснаваў дынастыю Ягелёнаў?

— Можа, ён, а можа, і ня ён... За семдзесят яму было ўжо.

— А хіба ў гісторыкаў ёсьць сумненьні?

— У гісторыкаў шмат што выклікае сумненьні. Гэтага немагчыма ні пацьвердзіць, ні адпрэчыць — ніхто ж са сьвечкай не стаяў... Але факт застаецца фактам — дынастыя Ягелёнаў была запачаткаваная. Бо калі кароль памірае без нашчадкаў, гэта заўсёды вялікая праблема для каралеўства.

— Давайце напрыканцы нашай гутаркі зьвернемся да сучаснасьці. Як бы ў ВКЛ былі ўспрынятыя паводзіны кіраўніка Беларусі? З жонкай не разьведзены, пазашлюбнага сына дэманстратыўна возіць з сабой...

Вялікі князь ніколі не зьяўляўся на публіцы адзін — толькі з жонкай.

— Адназначна былі б ацэненыя вельмі нэгатыўна. Вялікі князь ніколі не зьяўляўся на публіцы адзін — толькі з жонкай. Дзеці прызнаваліся толькі законныя. Пазашлюбныя дзеці пазбаўляліся спадчыны і афіцыйна пры бацьку не маглі нават паказвацца. Вядома, ва ўсе часы існавалі фаварыткі. Вазьміце любую краіну — ні адзін кароль не пражыў з адной жанчынай. Гэта жыцьцё, да гэтага трэба ставіцца адпаведна. Але трон — асобна, а пагуляць — асобна. На афіцыйных прыёмах кароль любой краіны ці вялікі князь ВКЛ — толькі з жонкамі. І ніяк іначай. Гэта быў строга вызначаны дворны этыкет. Паводзіны першай асобы, дворны цырыманіял — усё гэта было вельмі важна, усё мусіла адпавядаць традыцыям і звычаям. Паводзіны вялікага князя — прыклад для іншых. І калі ён паводзіў сябе насуперак правілам, гэта было абразай для ўсяго роду і нават магло скончыцца адхіленьнем ад пасады. Гісторыя неаднойчы пацьвердзіла: калі ідзе сур’ёзны заняпад маральных прынцыпаў у вярхушцы дзяржаўнай улады, гэта заўсёды прыводзіць да заняпаду дзяржавы.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG