Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Перамовы па ядзернай праграме Ірану падоўжаныя


Напярэдадні адкрыцьця пленарнага пасяджэньня па іранскай ядзернай праграме ў Лязане, Швайцарыя. 31 сакавіка 2015 году

Напярэдадні адкрыцьця пленарнага пасяджэньня па іранскай ядзернай праграме ў Лязане, Швайцарыя. 31 сакавіка 2015 году

Перамовы шасьцёркі буйных краінаў сьвету і Ірану пра будучыню іранскай ядзернай праграмы, якія праходзяць у Лязане, падоўжаныя яшчэ на адзін дзень.

«Дасягнутага прагрэсу дастаткова, каб дэлегацыі засталіся ў Лязане да серады. Некалькі складаных пытаньняў застаюцца нявырашанымі», — паведаміла ў аўторак ўвечары прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША Мэры Харф.

Паводле прадстаўніка Белага дома Джоша Эрнэста, «мае сэнс затрымацца, паколькі дыялёг праходзіць у канструктыўнай атмасфэры».

Да 31 сакавіка бакі павінны былі завяршыць перамовы па рамачным пагадненьні, у якім павінны сфармуляваць прынцыповыя пункты будучай дамоўленасьці. Апошні тэрмін выпрацоўкі канчатковага пагадненьня, які ахоплівае ўсе тэхнічныя дэталі, прызначаны на 30 чэрвеня.

Паводле неафіцыйных зьвестак, рознагалосьсі захоўваюцца па трох асноўных пытаньнях: якімі тэмпамі Іран зможа праводзіць ядзерныя дасьледаваньні ў апошнія пяць гадоў дзеяньня 15-гадовага пагадненьня? Як хутка будзе адменены рэжым санкцыяў супраць Ірану? І ці будзе мець права міжнародная супольнасьць аднавіць санкцыі ў выпадку парушэньня Іранам умоў дамоўленасьці?

Нявырашаным застаецца і пытаньне пра лёс ужо наяўных у Ірана запасаў узбагачанага ўрану, аднак Злучаныя Штаты далі зразумець, што ня лічаць яго надзвычай важным.

XS
SM
MD
LG