Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці судзілі ў Беларусі за заклікі ўвайсьці ў склад Расеі?


Невядомыя людзі раздаюць расейскія і беларускія сьцяжкі каля Акадэміі Навук у Менску

Невядомыя людзі раздаюць расейскія і беларускія сьцяжкі каля Акадэміі Навук у Менску

Юрысты такіх выпадкаў не памятаюць. Паводле юрыста Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча, у беларускім заканадаўстве ёсьць склад злачынства за распальваньне нацыянальнай варожасьці, а таксама за заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Але каб некага прыцягвалі да адказнасьці за заклікі, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі, я не памятаю. А за распальваньне варожасьці былі справы. Напрыклад, справа Аляксандра Зьдзьвіжкова за распальваньне рэлігійнай варожасьці з-за публікацыі ў газэце карыкатуры на прарока Мухамэда. То бок фармальна такі склад ёсьць, але ён не так часта ўжываецца».

Хаця сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны абгрунтаваныя канстытуцыяй і заканадаўствам Беларусі, заклікі да ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі былі. Напрыклад, у 2007 годзе за гэта выказаліся сустаршыня расейска-беларускага фонду «Сацыяльна-эканамічнае партнэрства» Леанід Сініцын і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч. Яны нават падрыхтавалі і распаўсюдзілі Менскі маніфэст беларуска-расейскага яднаньня.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб адзначае, што ў 1994 годзе тагачасны прэм’ер Вячаслаў Кебіч арганізаваў групу і паехаў у Расею, каб аб’яднаць грашовыя адзінкі і ўвесьці ў Беларусі расейскі рубель.

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«І тады сябра гэтай камісіі старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адмовіўся падпісаць гэтае пагадненьне. Яно не адбылося.

І гэта было зроблена ў абход Вярхоўнага савета. Мы даведаліся куды і чаго паехаў Кебіч. І нават былі такія прапановы на прэзыдыюме, каб затрымаць Кебіча для правядзеньня сьледчых дзеяньняў. Але ўзважыўшы ўсе „за“ і „супраць“ мы вырашылі гэта не рабіць. Мы ведалі, што гэта пусты крок, а яго затрыманьне можа быць па рознаму выкарыстана і растлумачана».

Спадар Грыб адзначае, што такія дзеяньні зьяўляюцца дзяржаўным парушэньнем і няма нічога дзіўнага ў тым, што Казахстан прымяніў адпаведныя меры да грамадзянкі краіны. Ён лічыць, што на заклікі ўвайсьці ў склад Расеі цяпер і ў Беларусі будзе адпаведная рэакцыя.

«Гэта ўжо будзе крымінал», — лічыць спадар Грыб.

На пачатку года у мэдыі патрапіла гісторыя пра расейскага нацыяналіста Авяр’янава-Менскага, які цьвердзіць, што яго пазбавілі беларускага грамадзянства і забарнілі ўезд у Беларусь. У сваіх артыкулах пра Беларусь на адным з радыкальных расейскіх парталаў ён пісаў, што беларусы гэта штучная нацыя, памылкова адарваная ад «рускага сьвету». Адзін з актывістаў АГП зьвяртаўся ў КДБ з просьбай праверыць публікацыі Авяр’янава-Менскага на наяўнасьць пагрозаў дзяжбясьпецы Беларусі. Аднак КДБ ня ўгледзеў у матэрыялах Авяр’янова заклікаў да падрыву нацыянальнай незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG