Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу некалькі крыніц у адміністрацыі, кіраўніцтве спраў і буфэце службы аховы прэзыдэнта паведамілі пра магчымую адстаўку кіраўніка дзяржавы.

Так, прыбіральшчыца з вышэйшым узроўнем доступу, старшы лейтэнант Дуніна, расказала, што, зайшоўшы з шуфлем і венікам у кабінэт № 1, убачыла кучу скамечаных паперак на стале і падлозе. З прафэсійнай цікаўнасьці разгарнуўшы адну, прачытала:

«Я устал... Я ухожу... Годы берут свое: совмещать государственную деятельность, занятия спортом и воспитание сына становится все сложнее. К тому же у меня хозяйство — корова, сенокос, пахотные земли. 20 лет — достаточный срок, чтобы остаться в памяти не только народной, но и международной...» («народной» и «международной» закрэсьлена —стылёвы ляп недапушчальны для чалавека з трыма вышэйшымі адукацыямі). Але прачытаць запавет цалкам не ўдалося — зайшоў памяняць лямпачкі электрык, маёр Марцінкевіч, і раскіданыя аркушы давялося згарнуць у мех разам з шалупіньнем ад семак і агрызкамі яблык.

Яшчэ да ўзыходу сонца аналягічныя паперкі прыбіральшчыца вымела зь іншых пакояў, суседніх з прэзыдэнцкім, — дарадцы па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, начальніка каравула і асабістага біёграфа. Але не надала гэтаму асаблівага значэньня.

Крыніцы зь меншым узроўнем доступу ўжо адзначалі: апошнія месяцы, прагульваючыся пасьля абеду па калідоры з кіраўніком сваёй адміністрацыі, прэзыдэнт быў надзвычай заклапочаны — маўляў, зусім няма часу, каб пачаць афармляць пэнсію. Градус хваляваньня ўзмацніўся ў апошнія дні мінулага году, калі рэзка абваліўся курс рубля і кошты ў сельпо ў Драздах шалёна падскочылі. У такі час пэнсія была б добрай падтрымкай для бацькі-адзіночкі — малодшы сын усё часьцей выказваў прэтэнзіі да пераходу на вымушаны рацыён «бутэлька кефіру — паўбатона».

У спэцсталоўцы Канстытуцыйнага суду на ўмовах ананімнасьці едакі расказалі, што ведамства атрымала на разгляд прававое абгрунтаваньне ўвядзеньня «імем рэвалюцыі» пасады віцэ-прэзыдэнта — на той час, пакуль сам прэзыдэнт будзе зьбіраць даведкі з ранейшых месцаў працы. Сівыя юрысты пагадзіліся, што выконваць прэзыдэнцкія абавязкі будуць вахтавым мэтадам ягоныя сыны — шляхам ратацыі па 10 дзён кожны. Каб ня лішне парушаць Асноўны закон, непаўналетняму ў натарыяльным парадку аформяць дазвол на права кіраваньня дзяржавай. Гэта пацьвердзілі на вахце ў Міністэрстве юстыцыі. Такі графік захаваецца да прэзыдэнцкіх выбараў, пасьля чаго адстаўка будзе агучаная афіцыйна.

Паводле зьвестак з гардэробу Купалаўскага тэатру, які суседнічае з рэзыдэнцыяй, на наступным тыдні пакуль яшчэ дзейны прэзыдэнт запісаны на прыём да загадчыка аддзелу кадраў Шклоўскага райвыканкаму. Там яго паставяць у чаргу на атрыманьне даведак аб працы настаўнікам у сярэдняй школе і дырэктарам у саўгасе «Гарадзец». Па вяртаньні ў Менск ён наведае канцылярыю Вярхоўнага Савету — дзейнасьць у рангу народнага дэпутата абяцае найбольшыя даходы.

Немалаважнае пытаньне — легалізацыя ў сталіцы. Прадбачлівыя сыны ня раз папярэджвалі бацьку, што ў выпадку форс-мажору ім ня будзе нават дзе жыць. За 20 гадоў прэзыдэнцтва той так і не прыдбаў маёмасьці, нават не аформіў прапіску, таму цяпер тэрмінова трэба нешта прыдумляць. У іншым выпадку давядзецца вяртацца туды, адкуль прыехаў — у Рыжкавічы пад Шкловам.

Стала вядома, што ў «Беларусбанку» разглядаюцца дзьве заяўкі на крэдыт для няпоўнай сям’і — на нерухомасьць і на айчынны аўтамабіль «Джылі». Пра гэта расказаў пэнсіянэр з чаргі на афармленьне дэпазыту. У Астрашыцкім гарадку, дзе жылая рэзыдэнцыя прэзыдэнта мяжуе зь лецішчамі творчых саюзаў, прыгледжаная недарагая халупа запойнага артыста, дзе беспрытульнікі змогуць перакантавацца першы час. Гэта Свабодзе пацьвердзіў сам запойны артыст, які працуе на аўтаканвэеры ў Барысаве.

Навіна пра магчымы сыход першага прэзыдэнта ўзарвала палітычную прастору. Мы зьвярнуліся па камэнтары да відных апазыцыйных дзеячаў.

«Я шакаваны, я цалкам спустошаны, губляецца ўсялякі сэнс барацьбы. Але ж мы не здадзімся і будзем у апазыцыі да любой улады...», — толькі і змог вымавіць старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

«Я заўсёды казаў, што менавіта так і будзе, але ўсё пайшло зусім ня так, як я думаў. Выснова: ён нас чарговым разам падставіў», — як заўсёды ўпэўнена адчаканіў палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Першы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч ад хваляваньня глытаў ня толькі асобныя літары, але і словы:

«Александ’ Г’ыго’евич... всё положил на одну задачу — догнать и пе’егнать Зимбабве. Жалко, цель была так близка...»

«Я, б..., яго п..., бо гэты ё... мяне так..., што я проста а... А калі ён х..., то я яго проста б..., п... і н...», — падтрымаў калегу-дэмакрата экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Камуністы са «Справядлівага сьвету» паабяцалі яшчэ мацней згуртавацца вакол таго, чаго няма, але мусіць быць, як піць даць. Сацыял-дэмакраты з «Грамады» ў стане афэкту раскалоліся на тры новыя партыі і не знайшлі таго, хто б узяў на сябе адказнасьць за хаатычнае пачкаваньне ва ўмовах безуладзьдзя.

Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк праз пэйджэр паведаміў, што ад сёньня спыняецца запіс новых сябраў у партыю:

«Партыя не гумовая, усіх пацукоў не прытуліць. Месцы скончыліся», — перадаў ён з эміграцыі.

Па выніках сэлектарнай нарады адраджэнцы аднадушна вырашылі адзначаць 1 красавіка як Дзень Адстаўкі, унёсшы яго ў рэестар партыйных сьвятаў.

Тым часам апэратар галубінай пошты ў адной з краін НАТО дапусьціў «працёк»: палітычны летапісец Сяргей Навумчык тэрмінова спыняе працу над пяцітомнікам у прамежку ад «Дзевяноста пятага» да «Дзевяноста дзявятагага» і цалкам канцэнтруецца на новым творы — «Дзьве тысячы пятнаццаты».

Ад самай раніцы на вакзалах сталіцы пануе ажыўленьне. Мяркуючы па непад’ёмных чамаданах і элемэнтах уніформы, гэта «рускаязычныя граждане» зь ліку членаў БРСМ і «Белай Русі». Нявызначаныя пэрспэктывы вымушаюць іх загадзя шукаць шляхі да адступленьня, найперш разглядаюцца астраўкі дэмакратыі, якія ўсплылі на мапе Эўропы, — Луганская і Данецкая народныя рэспублікі. Кіеўскія аналітыкі выказваюць абазнанасьць: улады Ўкраіны ня будуць пярэчыць гуманітарнаму калідору для праўладных уцекачоў зь Беларусі. Асьветніцкія арганізацыі ДНР і ЛНР гатовыя даць прытулак таксама сябрам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, мастакам з суполкі баталістаў і шахтарам з Салігорску.

Да канца тыдня Цэнтравыбаркам мае склікаць пазачарговае паседжаньне, на якім будзе вызначаная працэдура перадачы ўлады пры добраахвотнай адмове ад сваіх абавязкаў дзейнага кіраўніка краіны. Ня выключана, што з-за адсутнасьці падобнага досьведу давядзецца запрашаць экспэртаў з суседніх краінаў, якія за тыя ж два дзясяткі гадоў мянялі сваіх прэзыдэнтаў пачкамі. Праўда, задача можа ўскладніцца: пасажыры сьцьвярджаюць, што бачылі на вакзале старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну, якая з крыкам «На Парыж!» спрабавала штурмаваць прычапны вагон цягніка «Беларусь — Эўропа».

Зрэшты, як выявілася, паніка пакуль беспадстаўная. Журналісты Свабоды, якія наладзілі культпаход на «Дывэргент. Інсургент» у кінатэатар «Піянэр» насупраць прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, наткнуліся ў буфэце на прэсавую сакратарку кіраўніка краіны. Дзяўчына якраз даядала ссабойку і на просьбу калегаў зрабіла афіцыйную заяву ля ўваходу ў прыбіральню.

Такім чынам, 1 красавіка прэзыдэнт ладзіць вучэньні пад кодавай назвай «Пэнсіянэр». Некалькі начэй ён асабіста падкідваў ліпавыя заявы з «качкай» пра «устал-ухожу», пасьля чаго замыкаўся ў кабінэце аховы і запісваў на сынаў iPhone 6 карцінкі з камэраў відэаназіраньня, таемна ўсталяваных у кабінэтах падначаленых. Паводле папярэдняй інфармацыі, атрыманай ад прыбіральшчыцы Дунінай і электрыка Марцінкевіча, бальшыню «артыстаў», якія дачасна перахрысьцілі «бацьку» ў «дзяды», давядзецца «накланіць», а іншых нават «жэстачайшэ». Вынікі вучэньняў будуць агучаныя заўтра, 2 красавіка, на экстранай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG