Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба настойваць на выкананьні Будапэшцкага мэмарандуму, а не прыдумляць нейкія псэўдаініцыятывы, — Лябедзька


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

2 красавіка Літву наведае дэлегацыя амэрыканскіх кангрэсмэнаў, якую ачольвае Мак Торнбэры — старшыня Камітэту ўзброеных сілаў кангрэсу. Пра гэта афіцыйна паведаміла амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Літве.

«Ці запрошаны хто з прадстаўнікоў беларускай апазыцыі на размовы з амэрыканскімі палітыкамі?» — запытаўся карэспандэнт Свабоды ў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

«Раней нас сапраўды запрашалі на падобныя сустрэчы. Але гэта ня той выпадак. Гэта выключна кропкавая дэлегацыя. Гэта — рэакцыя на тое, што некаторыя краіны Эўразьвязу, у прыватнасьці Літва, занепакоеныя ваеннымі пагрозамі з боку Расеі. І таму Вільня вымушаная лабіраваць павелічэньне вайсковага кантынгенту НАТО на сваёй тэрыторыі».

Амэрыканскія кангрэсмэны прыедуць у Літву, ужо пабываўшы ў Румыніі, Украіне, Латвіі і Польшчы. Беларусі ў гэтым сьпісе няма.

«І пакуль ня можа быць», — упэўнены лідэр АГП:

«Гэта рэфлексія названых краінаў. Вайна ва Ўкраіне паставіла ў парадак дня праблему бясьпекі. І яна актуальная ня толькі для пералічаных краін, але і для Беларусі. Іншая справа, што ў нас ня той узровень дачыненьняў з ЗША, каб да нас прыяжджалі такія дэлегацыі.

На месцы МЗС Беларусі я б займаўся сёньня не піярам ініцыятыў, якіх няма ў рэчаіснасьці. Я б заняўся напаўненьнем зьместу Будапэшцкага мэмарандуму, які, на вялікі жаль, не функцыянуе. Гэта тая праблема, якой павінна займацца Беларусь, калі яна сапраўды думае пра сваю бясьпеку. Трэба знаходзіць у гэтай справе падтрымку Ўкраіны і Казахстану і супольна ставіць пытаньне аб гарантыях бясьпекі перад кіраўнікамі ядзерных дзяржаў. Той фармат не спрацаваў, але ягоныя палажэньні цяпер застаюцца як ніколі актуальнымі для Беларусі».

_________________________________________

5 сьнежня 1994 году ў Будапэшце быў падпісаны «Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі». Паводле гэтага дакумэнту Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязак вывесьці з сваёй тэрыторыі ядзерную зброю, якая была разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі кіраўніцтвам СССР. Узамен на гэта Расея, Вялікая Брытанія і ЗША бралі на сябе, сярод іншага, наступныя абавязкі: паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існуючыя межы Рэспублікі Беларусь; устрымлівацца ад пагрозы сілы або яе ўжываньня супраць тэрытарыяльнае цэласьці Рэспублікі Беларусь; устрымлівацца ад эканамічнага прымусу, скіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, уласьцівых яе сувэрэнітэту; дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН дзеля дапамогі Рэспубліцы Беларусь у выпадку, калі Рэспубліка Беларусь стане ахвяраю акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі".

Аналягічныя мэмарандумы былі падпісаныя таксама з Украінаю і Казахстанам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG