Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Яшын: Крывавы сьлед зь месца забойства Нямцова ідзе ў кабінэт Кадырава


Ільля Яшын
Ільля Яшын

Паплечнік Барыса Нямцова, старшыня рэгіянальнага аддзяленьня партыі «РПР-Парнас» і адзін з заснавальнікаў руху «Салідарнасьць», 31-гадовы палітык Ільля Яшын лічыць, што сьледзтва па забойстве Нямцова ўжо зайшло ў тупік. Яшын распавядае, што даклад Барыса Нямцова «Пуцін. Вайна» пра ўдзел расейскіх вайскоўцаў у падзеях ва Ўкраіне будзе апублікаваны пры канцы красавіка.

Ільля Яшын адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Як зьменіцца ці ўжо зьмянілася Расея пасьля забойства Нямцова?

Я ня бачу вялікіх зьменаў у настроях улады. Як была атмасфэра нянавісьці да забойства Нямцова, так яна і захоўваецца. Прычым пасьля забойства яна часта прымае нават больш выродлівыя формы. Я не чакаў, што нашы апанэнты апусьцяцца да абсалютна кашчунных і зьняважлівых акцыяў на месцы забойства нашага таварыша на Маскварэцкім мосьце. Прычым настолькі нездаровая сытуацыя ў грамадзтве, што тыя людзі, якія прыходзяць таптаць кветкі і ламаць фатаздымкі Нямцова, ня тое што не хаваюць гэтага, а ганарацца, вывешваюць фатаздымкі ў інтэрнэце, робяць у сувязі з гэтым заявы. Яна абсалютна перакананыя, што так і трэба.

Улада ня тое што не перашкаджае гэтаму. Яна, хутчэй, заахвочвае гэта сваім бязьдзеяньнем, адсутнасьцю афіцыйнай рэакцыі. І гэта разьвязвае рукі вандалам на далейшыя падобныя акцыі.

Зь іншага боку, я бачу пэўную мабілізацыю на апазыцыйным флянгу. Я бачу, як больш цьвяроза і лідэры, і актывісты апазыцыі сталі ацэньваць сытуацыю, менш высьвятляць стасункі паміж сабой. І прыходзяць да разуменьня, што калі мы не згуртуемся, нас усіх па адным пераб’юць і перасаджаюць ці павыганяюць з краіны. І гэтая мабілізацыя і кансалідацыя, якая хоць і ня надта дынамічна, але ўсё ж ідзе, пакідае спадзеў на аптымізм.

Гэтая кансалідацыя, пра якую вы кажаце, да чаго павінна прывесьці?

Па-першае, да фармаваньня сьпісу аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі на выбарах 2016 году. І я спадзяюся, што нам удасца дасягнуць посьпеху. І па-другое, трэба захоўваць вулічны ціск на ўладу. Як паказвае практыка, адзіны голас, які чуе Крэмль, гэта голас з вуліцы. Толькі масавыя дэманстрацыі, на якія зьбіраюцца дзясяткі тысяч людзей, здольныя мяняць парадак дня ў нашай краіне і дабівацца хаця б нейкай рэакцыі ўлады на тыя рэчы, якія мы лічым важнымі.

Апроч таго, важна арганізаваць маштабныя кампаніі асьветніцтва. Гэта можна рабіць толькі сумеснымі намаганьнямі апазыцыі. Толькі гэта можа зьмяніць грамадзкую думку на фоне прапагандысцкага ціску на грамадзян, які мы назіраем усе гэтыя гады. І даклад Нямцова, які мы хутка апублікуем, я разглядаю якраз у гэтым кантэксьце.

Даклад, які рыхтаваў Барыс Яфімавіч да сваёй трагічнай сьмерці, — у якім ён стане?

Мы паступова выходзім на фінішную прамую. Падрыхтаваныя ўжо некалькі частак, мы сабралі вялікую колькасьць матэрыялаў. Цяпер ідзе апрацоўка, і тэкст рыхтуецца да публікацыі. У другой палове красавіка мы спадзяемся яго прадставіць.

Нам удалося пагаварыць з крыніцамі Нямцова, якія зь ім кантактавалі незадоўга да забойства. Дзякуючы ім, нам удалося раскрыць некаторыя дэталі таго, як расейскіх салдат засылалі на ўсход Украіны для баявых дзеяньняў, якія кампэнсацыі выплочвалі сваякам загінулых салдат, як менавіта афармляліся гэтыя паездкі.

Ёсьць складанасьці. Мы сутыкнуліся зь вялізнай сьцяной страху і негатовасьці людзей гаварыць публічна, ці даваць нейкія паказаньні як сьведкі, ці прадстаўляць дакумэнты. Вялізны страх людзей за сваё жыцьцё і бясьпеку. Многія былі вымушаныя даць падпіску пра неразгалошваньне пад пагрозай крымінальнага перасьледу, камусьці проста заплацілі грошы як кампэнсацыю за гібель сваякоў. Разгаварыць людзей вельмі складана. І да забойства людзі баяліся, я пасьля забойства сьмеласьці ў іх не паболела.

Як ідзе расьсьледаваньне забойства Барыса Нямцова? Да якой вэрсіі цяпер схіляюцца ягоныя паплечнікі?

Расьсьледаваньне зайшло ў тупік, бо сьледчыя ня ў стане правесьці паўнавартнасныя сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да людзей, якіх яны яўна падазраюць. У прыватнасьці, у дачыненьні да Руслана Герамеева — гэта паплечнік арыштаванага галоўнага падазраванага Заура Дадаева. Яны разам прыляцелі ў Маскву, жылі ў кватэры Герамеева напярэдадні забойства. Але Герамееў пасьпеў дабегчы да Чачні, і цяпер ён на волі пад аховай кадыраўскіх сілавікоў. Дадаеў не пасьпеў, і цяпер ён за кратамі.

Расьсьледаваньне праявіла адну з галоўных праблем сучаснай Расеі — гэта спэцыфічны статус Чачні і яе палітычнага кіраўніцтва, у прыватнасьці Рамзана Кадырава. Па-сутнасьці — гэта дзяржава ў дзяржаве, зь якой няма выдачы, якая жыве па сваіх законах і на тэрыторыю якой не распаўсюджваецца расейскі сувэрэнітэт. Калі сьледчыя хочуць правесьці нейкія дзеяньні на тэрыторыі Чачні, ім трэба згода Рамзана Кадырава. Калі Рамзан Кадыраў ня хоча выдаваць чалавека і не дапускае аніякіх сьледчых дзеяньняў, ён гэта проста блякуе. І ў гісторыі з забойствам Нямцова мы гэта бачым у поўнай меры.

Падазраваныя ў забойстве Барыса Нямцова
Падазраваныя ў забойстве Барыса Нямцова

У мяне няма сумненьняў, што крывавы сьлед зь Вялікага Маскварэцкага моста ідзе наўпрост у кабінэт Кадырава. Магчыма, і вышэй. Але тое, што Кадыраў, па сутнасьці, знаходзіцца ў касьце недатыкальных, не дазваляе разьлічваць на аб’ектыўнае расьсьледаваньне. Прынамсі, да той пары, пакуль Пуцін у Крамлі, бо менавіта ён даў Кадыраву гэты статус.

Вы верыце ў тое, што затрыманыя людзі сапраўды маюць дачыненьне да забойства? (Па справе аб забойстве затрыманыя Заур Дадаеў, Анзор і Шадзід Губашавы, Хамзат Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў. — РС)

Я мяркую, што затрыманыя людзі сапраўды маюць дачыненьне да забойства. Але я разумею, што гэта ня больш як выканаўцы. Ключавыя арганізатары і, самае галоўнае, замоўцы, несумненна, дагэтуль на волі.

У Беларусі ўжо шмат гадоў апазыцыя ня можа дамовіцца, хто будзе адзіным кандыдатам. Як вы думаеце, ці ўдасца гэта расейскай апазыцыі?

У нас таксама няпростая сытуацыя з прэзыдэнцкімі выбарамі. Я пакуль не гатовы гэта абмяркоўваць, бо да прэзыдэнцкіх выбараў у нас будуць вялікія парлямэнцкія выбары, і на сёньня больш актуальнае для нас пытаньне — гэта сфармаваць сьпіс аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі і дамагчыся яго ўдзелу ў выбарах. Але калі гэта здарыцца, у мяне няма сумненьняў, што мы сфармуем у Дзяржаўнай Думе вялікую фракцыю.

У 2005 годзе вы правялі некалькі сутак у менскай турме на Акрэсьціна за ўдзел у Чарнобыльскім шляху (арганізацыя «Міжнародная амністыя» тады назвала затрыманых пасьля Чарнобыльскага шляху вязьнямі сумленьня. — РС). Згадваеце гэта?

Акрэсьціна... Памятаю, што там было жудасна холадна. Не было аніякага ацяпленьня, нават ложка. Мы былі вымушаныя на такой адмысловай «сцэне» начаваць, прыціскаючыся адзін да аднаго. Шмат хто захварэў. Жахлівыя ўмовы, але мы нічога іншага і не чакалі. Трэба сказаць, што ў спэцпрымальніках у Маскве сытуацыя нашмат больш цывілізаваная ў параўнаньні з тым, з чым я сутыкнуўся тады на Акрэсьціна. Было адчуваньне, што з нас адмыслова зьдзекуюцца і робяць горшыя ўмовы.

Але мы разумелі, што сядзім за слушную справу, выказваем салідарнасьць брацкаму беларускаму народу. За сьцяной сядзелі беларусы, за другой сьцяной сядзелі грузіны, далей украінцы. Такое было постсавецкае правільнае здаровае аб’яднаньне актывістаў дэмакратычнай апазыцыі. Успаміны ў мяне засталіся сьветлыя. Я перажываю за тых беларусаў, якія і пасьля адчувалі перасьлед. І «зубраўцы», і іншыя хлопцы.

Спадзяюся, што ўрэшце і Расея будзе свабоднай, і Беларусь будзе свабоднай, і нашы краіны будуць жыць у межах эўрапейскай сям’і, грунтуючыся не на чыіхсьці імпэрскіх амбіцыях, а на добрым суседзтве і павазе адзін да аднаго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG