Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы крытыкуюць Украіну за расьсьледаваньне падзеяў на Майдане


Кіеў, 20 лютага 2014 году
Кіеў, 20 лютага 2014 году

Камісія Рады Эўропы раскрытыкавала хаду расьсьледаваньня актаў гвалту ў дачыненьні да актывістаў «Эўрамайдану» ва Ўкраіне зь лістападу 2013 году па люты 2014.

«За тры месяцы дэманстрацый не было зроблена ніводнай рэальнай спробы прасунуць расьсьледаваньне», — гаворыцца ў прэзэнтаваным у Кіеве дакладзе Міжнароднай кансультацыйнай групы. Паводле экспэртаў, падчас кіраўніцтва прэзыдэнта Віктара Януковіча праца сьледзтва па фактах крывавых падзей на Майдане «была не адпаведнай патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека».

Пасьля 22 лютага, калі ва Ўкраіне зьмянілася ўлада, расьсьледаваньне сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасьцямі, якія, аднак, ня могуць цалкам апраўдаць недахопаў сьледзтва, гаворыцца ў высновах камісіі. Экспэрты адзначаюць, што ўдзельнікам расьсьледаваньня не хапала незалежнасьці ў тых выпадках, калі гаворка ішла пра выяўленьне магчымых парушэньняў з боку іх жа ведамстваў.

Усё гэта, як падкрэсьліваюць у Радзе Эўропы, азначае, што з самага пачатку сьледзтва не праявіла апэратыўнасьці і абцяжарыла далейшы пошук асобаў, адказных за гвалт. Цяперашнія ўкраінскія ўлады павінны дамагацца аб’ектыўнага расьсьледаваньня, вынікае са справаздачы экспэртаў.

Масавыя антыўрадавыя выступы ва Ўкраіне 2013-2014 гадоў паклалі канец кіраваньню прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Пры разгоне пратэстных акцый у Кіеве летась загінулі больш за 100 чалавек. Па справе аб іх сьмерці праходзяць дзясяткі падазраваных, у тым ліку Віктар Януковіч, экс-кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандр Якіменка і былы міністар унутраных справаў Віталь Захарчанка. Януковіч усклаў адказнасьць за сьмерць людзей на сваіх палітычных праціўнікаў.

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны заявіла, што зьвесткі назіральнікаў Рады Эўропы пра сыстэмныя перашкоды з боку МУС у расьсьледаваньні злачынстваў падчас Майдану «выклікаюць зьдзіўленьне і зьяўляюцца неабгрунтаванымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG