Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Казахстане асудзілі жанчыну за заклікі далучыцца да Расеі і абразу казахаў


Тацьцяна Шаўцова-Валава гаворыць з карэспандэнтамі падчас судовага працэсу раней сёлета

Тацьцяна Шаўцова-Валава гаворыць з карэспандэнтамі падчас судовага працэсу раней сёлета

Суд у Казахстане прысудзіў грамадзянку гэтай краіны за распальваньне міжэтнічнай варожасьці праз зьневажальныя выказваньні пра казахаў і заклікі да ўваходжаньня Казахстану ў склад Расеі.

У выніку рашэньня суда Алматы, Тацяна Шаўцова-Валава, якая зьяўляецца этнічнай расейкай, атрымала ўмоўны 4-гадовы тэрмін. Гэта значыць, што яна ня трапіць за краты, калі ня зробіць іншых парушэньняў.

Як заявілі сьледчыя, у паведамленьнях ў сацыяльных сетках жанчына называла казахаў «чуркамі». Яна таксама пісала, што Казахстан павінен стаць часткай Расеі, як Крым, які Масква анэксавала летась.

Анэксія Крыму і падтрымка Масквой прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны выклікалі асьцярогі адносна намераў Крамля ў Казахстане, паўночныя рэгіёны якога населеныя шматлікай расейскай меншасьцю.

Тацьцяну Шаўцову-Валаву прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці на падставе заявы некалькіх карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія палічылі, што яе пасты ўяўляюць сабою абразу і дыскрымінацыю па этнічнай прыналежнасьці. Шаўцову-Валаву ўзялі пад хатні арышт на час сьледзтва і суду.

Судовы разбор у гэтай справе пачаўся сёлета ў студзені. Жанчына абвінавачваньні на свой адрас адмаўляла.

15 сьнежня суд у Астане, прысудзіў грамадзяніна Казахстану Яўгена Ўдавенку да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня за змаганьне на баку прарасейскіх сэпаратыстаў ва Ўсходняй Украіне, дзе больш за 6000 чалавек загінулі з красавіка.

Казахстан зьяўляецца ключавым партнэрам Расеі і Ўладзіміра Пуціна ў пытаньнях рэгіянальнай бясьпекі і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Казахстан стаў апошняй савецкай рэспублікай, якая абвясьціла пра сваю незалежнасьць у 1991 годзе.

Каля 25% ад 17-мільённага насельніцтва Казахстану складаюць этнічныя расейцы, большасьць зь якіх жыве ў паўночных рэгіёнах, якія мяжуюць з Расеяй — на тэрыторыях, дзе межы зьмяняліся некалькі разоў падчас царскай і савецкай эпохі. Мяжа Казахстану і Расеі складае 7000 кілямэтраў і зьяўляецца найдаўжэйшай у Эўразіі.

У канцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, калі Савецкі Саюз распаўся, расейскія нацыяналістычныя групы ў Казахстане і Расеі часта заклікалі да рэфэрэндуму, каб некаторыя тэрыторыі Казахстану далучыць да Расейскай Фэдэрацыі.

Канфлікт ва Ўкраіне і рыторыка Пуціна выклікаюць асьцярогу ў Казахстане. Прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў у адказ пачаў зьвяртаць увагу на гісторыю краіны і ідэнтычнасьць казахаў як нацыі. Гэтак, 15 сьнежня, Назарбаеў павіншаваў народ напярэдадні сьвяткаваньня Дня незалежнасьці, заявіўшы, што незалежнасьць Казахстану «зьяўляецца вынікам намаганьняў нашых продкаў, іх потам і крывёю, іх заклікам да кожнага казаха абараняць краіну да апошняй кроплі крыві». Назарбаеў сказаў, што ў 2015 годзе Казахстан адзначыць 550-годзьдзе Казахскага ханства.

Яго словы сталі наўпроставым адказам на заяву Пуціна летась у жніўні, што казахі ніколі ня мелі дзяржаўнасьці.

Назарбаеў, які быў першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Казахстану, у 2011 годзе пераабраны на чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін. У красавіку ён абвясьціў, што стартуе ў датэрміновых выбарах кіраўніка краіны, якія прызначаныя на канец красавіка 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG