Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр? Застанесься бяз працы!


Сяргей Васільеў

Сяргей Васільеў

10 красавіка сканчаецца працоўны кантракт у актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Сяргея Васільева зь Мёраў.

Сяргей Васільеў мае дзьве вышэйшыя адукацыі, але мусіў працаваць і грузчыкам, і ахоўнікам у краме. Апошнюю працу, якая называецца прыгожым словам «экспэдытар», але па сутнасьці нічым не адрозьніваецца ад абавязкаў таго ж грузчыка, спадар Васільеў мае пакінуць па стане здароўя. Перавесьці на іншую працу яго ня хочуць — параілі напісаць заяву на адпачынак за свой кошт. Што будзе па сканчэньні кантракту — невядома.

Тым болей што праблемы з працаўладкаваньнем пачаліся ня сёньня і ня ўчора, кажа Сяргей Васільеў:

«Гісторыя пачалася ў 2010 годзе, я тады працаваў настаўнікам у вёсцы. Але мусіў звольніцца — былі праблемы са старэнькай маці, і я аформіўся яе даглядаць. Браў удзел у выбарчай кампаніі — у ініцыятыўнай групе Рымашэўскага, быў удзельнікам Плошчы, мяне асудзілі на 15 сутак. Я іх адбыў, вярнуўся дадому, быў з маці, а ў красавіку яна памерла. Я зноў пачаў шукаць працы. У мяне дзьве адукацыі — адна пэдагагічная, другая культуралягічная. А ўладкавацца змог толькі грузчыкам на камбікормавы завод. Іншых вакансіяў, мне сказалі, няма».

Цяжкая праца на прадпрыемстве, дзе працаваў Сяргей Васільеў, прывяла да праблемаў зь лёгкімі. Пачаў шукаць іншай працы, але зноў прапанавалі нізкакваліфікаваную — быць ахоўнікам у краме. Але і адтуль мусіў сысьці, працягвае спадар Сяргей:

«Даводзілася і п’янтосаў розных выводзіць з крамы... А тут так супала, што ў 2014 годзе я вылучыўся кандыдатам на мясцовых выбарах. І быў вымушаны пабіцца з наведнікам, а гэта быў адстаўны начальнік Мёрскага РАУС. Ён ужо ў адстаўцы, быў п’яны, скандаліў, я яго тройчы за сваё дзяжурства выводзіў... Ну, і пашкодзіў сабе руку падчас гэтай цяганіны. Месяц давялося быць на бальнічным. Вяртаюся на працу, і мне кажуць: калектыў крамы выказаў табе недавер як ахоўніку! Во як! Але зусім мяне ня звольнілі — перавялі вучнем экспэдытара. А па сутнасьці, працаваць трэба тым самым грузчыкам».

І зноў падвяло здароўе: лекары забаранілі Сяргею Васільеву падымаць цяжары — ня больш як 5 кіляграмаў. Ён прайшоў да начальства, дзе яму сказалі: іншай працы няма, а раз лекары не дазваляюць падымаць цяжкое, то трэба звальняцца. Працоўны кантракт у спадара Васільева сканчаецца 10 красавіка, да таго ён месяц падмяняў вартаўніка і яшчэ месяц адбыў у адпачынку за ўласны кошт. Што будзе далей — невядома, кажа актывіст:

«Я, вядома, хаджу па розных кабінэтах, быў у старшыні райвыканкаму Кузьняцова. Той мне амаль адкрыта казаў: „Ну, вы разумееце, вашы сувязі з апазыцыяй...“ Але хутка спахапіўся: калі я спытаўся, ці не праз гэта ў мяне праблемы з працаўладкаваньнем, дык пачаў казаць: „Не, не, не“. А начальнік цэнтру занятасьці Ігар Швец мне нядаўна кляўся, што я прыйду пасьля 10-га і мне будуць шукаць працу па спэцыяльнасьці. Праўда, клясьціся пачаў пасьля таго, як я заявіў, што паклічу журналістаў і яны чаргой стануць пад дзьвярыма на інтэрвію. А так — веры мала».

Яшчэ колькі год таму Сяргею Васільеву казалі розныя людзі, што нібыта ёсьць негалосны загад, каб не працаўладкоўваць яго на тэрыторыі Мёрскага раёну.

Нешта падобнае даводзілася чуць і актывісту з Гарадка Леаніду Аўтухову. Актывіст партыі БНФ страціў працу ў 2008 годзе — яго скарацілі пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў, куды ён балятаваўся. З тае пары ён зрабіў каля 40 спробаў уладкавацца на працу, у тым ліку з дапамогай мясцовага цэнтру занятасьці. Усё безвынікова.

Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Апошні раз яму адмовілі ў працы ўжо пасьля абвешчанай на дзяржаўным узроўні «вайны з дармаедзтвам».

Некаторыя вакансіі «зьнікалі» адразу ж, як толькі вядомы ў рэгіёне апазыцыянэр зьяўляўся на парозе. Леанід Аўтухоў ня раз чуў праз тэлефон, што вакансія ёсьць, а калі прыходзіў і начальнікі разумелі, што на працу просіцца апазыцыянэр, тут жа адмаўлялі: «Выбачайце, вось толькі што прыйшоў іншы чалавек». Так было 32 разы, падлічыў актывіст. Потым ён кінуў гэты занятак — лічыць адмовы па факце зьяўленьня.

А ўрэшце яго і ўвогуле зьнялі з уліку па беспрацоўі — за тое, што нібыта адмаўляўся ад прапанаваных вакансіяў.

Леанід Аўтухоў абураны: у цэнтры занятасьці яму прапаноўвалі вакансіі, якіх насамрэч не існавала. На некаторых прадпрыемствах вакансіі былі, але зусім іншыя, не адпаведныя спэцыяльнасьці Аўтухова, зь вельмі нізкімі заробкамі. Таму лічыць незаконным тое, што яго зьнялі з уліку ў цэнтры занятасьці.

А да таго ж актывіста яшчэ й выклікалі ў падатковую. Каб паказаў, якія прыбыткі меў за апошнія 10 гадоў, кажа Аўтухоў:

«Я прайшоў па Гарадку — можа, думаю, яшчэ каму зь беспрацоўных прыйшла позва? У нас жа беспрацоўе, 5 чалавек працуюць, а 15 — не! Не, нікому не прыйшла. У нас во адзін не працуе 30 гадоў, а ў яго машына і дзьве кватэры — у Віцебску і ў Гарадку. Яго не выклікаюць. З усяго Гарадка ім патрэбны адзін я! Справаздачу трэба за 10 гадоў падаць да 3 красавіка, а калі да гэтай даты не падам, дык будзе адміністрацыйная справа. Кажу ім: «Ды мне няма чаго хаваць, я жыву вельмі сьціпла, прыходзьце — паглядзіце!»

Напэўна, у Гарадку чыноўнікі вывучаюць, як можна выжыць бяз працы і не памерці з голаду. А потым будуць распаўсюджваць наш досьвед далей, сумна жартуе Леанід Аўтухоў.

На думку віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, апазыцыйным актывістам адмаўляюць у працы, бо начальства рознага ўзроўню не жадае быць пад увагай грамадзкасьці:

«Я думаю, што рашэньне прымаецца па кожным чалавеку асабіста. Калі нехта прыходзіць на працу, то яго правяраюць. І калі апазыцыянэр — даюць загад ня браць. Верагодна, у кагосьці такія службовыя абавязкі — не прапускаць апазыцыянэраў. На якім гэта ўзроўні вырашаецца — ня ведаю. Затое ведаю, што ня хочуць зьвязвацца з апазыцыянэрамі і самі начальнікі. Вось таго ж Аўтухова ў Гарадку ўсе ведаюць. Што ён будзе скардзіцца, калі што ня так, ён ведае, як гэта робіцца. А начальнікам хочацца спакою, каб ніхто не цікавіўся ні службовымі, ні асабістымі нейкімі дэталямі. Яны ня хочуць скандалаў. Таму ім ня хочацца мець „галаўны боль“ праз прысутнасьць апазыцыянэра побач».

XS
SM
MD
LG