Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск заяўляе пра «пэўную нармалізацыю» дачыненьняў з ЗША


У незалежных экспэртаў ацэнкі больш стрыманыя.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў 31 сакавіка на онлайн-канфэрэнцыі заявіў пра пачатак нармалізацыі дачыненьняў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

У прыватнасьці, віцэ-міністар адзначыў:

«Беларусь заўжды была зацікаўленая ў падтрыманьні з ЗША паўнавартасных партнэрскіх дачыненьняў. Нават у самыя складаныя для беларуска-амэрыканскага ўзаемадзеяньня гады нашы краіны не спынялі супрацоўніцтва ў пытаньнях забесьпячэньня глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі і прадухіленьня незаконнага транзыту ядзерных матэрыялаў. Апошнім часам коштам узаемных высілкаў дачыненьні паміж нашымі краінамі паляпшаюцца. Ёсьць падставы гаварыць пра пэўную нармалізацыю дачыненьняў».

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«ЗША ніколі не выказваліся пра тое, што яны ня хочуць нармальных дачыненьняў зь Беларусьсю», — падкрэсьлівае ў размове са Свабодай міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Але, як неаднаразова падкрэсьліваў Вашынгтон, такія дачыненьні павінны будавацца на ясных прынцыпах. У прыватнасьці, прыярытэт для ЗША — правы чалавека і дэмакратычныя свабоды. А ад Гур’янава мы пра гэта ня чуем.

Калі спадар Гур’янаў пад нармалізацыяй дачыненьняў разумее тое, што штат амбасады ЗША ў Менску нядаўна павялічыўся аж на адну адзінку, то наўрад ці гэта можна назваць адчувальным прагрэсам.

Хачу нагадаць, што да вядомага абвастрэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў у амбасадзе ЗША працавалі 35 чалавек. Пасьля афіцыйны Менск настаяў на парытэце супрацоўнікаў абедзьвюх амбасад. У кожнай засталося толькі па 5 чалавек. Прычым гэтая ініцыятыва адбывалася на тле наўпроставых абвінавачваньняў з боку беларускіх уладаў на адрас амэрыканскіх дыпляматаў, якія нібыта ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі. І гэта прывяло да фактычнага выдварэньня амбасадаркі ЗША зь Беларусі. Яе адмовіліся ўпусьціць назад, у Менск.

Тады Беларусь і ЗША былі на мяжы разрыву дыпляматычных дачыненьняў. І, мне падаецца, трэба аддаць належнае тагачаснаму Дзяржсакратару ЗША Кандалізе Райс. Яна вырашыла, што як бы цяжка ні было, але амэрыканская прысутнасьць у Беларусі, амэрыканскі сьцяг над амбасадай павінны заставацца. Гэта азначала, што амэрыканцы не зачынілі наглуха дзьверы ад Беларусі.

І да сёньняшняга дня статус кіраўніка дыпмісіі застаецца паніжаны — і ў Менску, і ў Вашынгтоне працуюць не паўнавартасныя амбасадары, а толькі часовыя павераныя. Неяк мне не зразумела, дзе ж тут „пэўная нармалізацыя“?».

Спадар Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу яшчэ на адзін фрагмэнт з адказу намесьніка міністра замежных спраў Беларусі, дзе той кажа: «Працягваецца ўзаемадзеяньне паміж беларускімі і амэрыканскімі праваахоўнымі органамі»:

«Амэрыканцы вельмі ўважліва і пільна ставяцца да барацьбы з тэрарызмам. І гэта, зразумела, тычыцца і праваахоўных органаў. Асабіста мне хацелася б пачуць ад таварыша Гур’янава, ці быў запрошаны хтосьці з высокіх беларускіх чыноўнікаў на нядаўнюю Вашынгтонскую канфэрэнцыю па супрацьдзеяньні гвалтоўнаму экстрэмізму? Менавіта з чыноўнікаў вельмі высокага рангу, а не зь дзяжурных дыпляматаў, якія працуюць у ЗША. Чаму гэта цікава? Таму што, напрыклад, Казахстан прадстаўляў генэральны пракурор, Расею — дырэктар ФСБ. А пра Беларусь нічога не было чуваць. Можа, там Бортнікаў прадстаўляў інтарэсы так званай Саюзнай дзяржавы?»

Пра тое, што стан беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў нельга назваць аптымістычным, гаварылі 28 сакавіка ўдзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі, якую арганізаваў праект Belarus Security Blog. Так, былы супрацоўнік МЗС Беларусі Валер Кавалеўскі, які восем гадоў займаўся якраз дачыненьнямі Беларусі і ЗША, адзначыў: на тле Ўкраіны Беларусь не ўваходзіць у сьпіс прыярытэтаў Злучаных Штатаў:

«Цяпер ЗША перасунулі беларускі парадак дня ў кантэкст канфлікту ва Ўкраіне. Гэта вымушае Вашынгтон, як мінімум, ураўнаважыць прагматызм і стаўку на каштоўнасьці. Падставай для зьмяненьня сталі адносна нэўтральная пазыцыя Беларусі і правядзеньне ў Менску перамоваў...

Мэта ЗША — утрыманьне нэўтралітэту Беларусі адносна Ўкраіны. Дзеля гэтага ЗША зьнялі санкцыі з „Траст-Банку“ і „Беларуснафты“, правялі шэраг сустрэчаў на высокім роўні, у тым ліку з прэзыдэнтам Беларусі, далі дазвол на пастаўкі „Беларуськалія“, які год таму вывелі са складу „Белнафтахіму“...

Разам з тым стаўленьне ЗША да беларускага рэжыму застаецца нязьменным. За апошнія гады ЗША стварылі прававыя інструмэнты, якія выключаюць рэзкі разварот у дачыненьнях. Найперш — гэта „Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі“, санкцыі адносна шэрагу беларускіх фізычных і юрыдычных асобаў. Без рашэньня пытаньняў, якія прапісаныя ў гэтым дакумэнце, і без дэмакратычных выбараў нельга чакаць пераходу дачыненьняў да нармальнага роўню».

Валер Кавалеўскі прагназуе:

Валер Кавалеўскі

Валер Кавалеўскі

«Да выбараў у Беларусі амэрыканцы будуць захоўваць асьцярожнасьць. Магчымыя далейшыя паслабленьні ў рэжыме санкцыяў, спарадычныя кантакты на высокім роўні, абмены візытамі, садзейнічаньне ў атрыманьні крэдыту МВФ.

Яшчэ больш асьцярожна будзе паводзіць сябе беларускі рэжым, каб ня даць падставаў Крамлю засумнявацца ў сваёй ляяльнасьці.

Для ЗША зараз прыярытэт — дапамагчы Ўкраіне абараніцца ад расейскай агрэсіі. Каб утрымаць нэўтралітэт Беларусі, Вашынгтон з агаворкамі ідзе на нармалізацыю дачыненьняў зь ёю. Аднак бакі далёка не прасунуцца ў гэтым працэсе датуль, пакуль захоўваюцца разыходжаньні ў ацэнцы сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратычнымі інстытутамі ў Беларусі».

XS
SM
MD
LG