Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл — вялізарны мужык у роварным строі з балаклавай і ў флікернай камізэльцы. У Міхаіла гучны бас, замалы для ягонай камплекцыі ровар і забойчае пачуцьцё гумару. Я сустракаю яго на Манежнай плошчы каля помніка маршалу Жукаву.

Маскоўская грамадзкая апазыцыя прыходзіць сюды штодня хаця б проста пагаварыць. У той вечар, калі я там была, сабралася чалавек трыццаць, рознага ўзроўню адчаю, спадзеву і ўпартасьці. Пераважная большасьць у настроі: «Цяпер кепска, а будзе яшчэ горш».

Але доктар Міша не такі, як усе, і сьмела пасылае на... Лукашэнку пры найменшай маёй спробе заявіць, што ў нас «яшчэ ня так кепска, як у вас».

— Чаго такі сьмелы?

— Я габрэй. Тры тысячы гадоў таму мой народ выйшаў з рабства. За гэта габрэяў і ненавідзяць усе, хто будуе таталітарную сыстэму. Габрэі ім вельмі перашкаджаюць — блытаюцца пад нагамі, бянтэжаць народ. Кажуць, што свабода для чалавека — як кісларод. А яны ўсё хочуць прывучыць рускіх дыхаць мэтанам.

Доктар Міша

Доктар Міша

— Міша, а чаму вы ня зьедзеце ў Ізраіль? Вы ж можаце там спакойна жыць.

— Там вельмі дорага, а ўлетку вельмі горача. Галоўнае нават ня тое, што тут мая радзіма. Я папярэджваў тых, хто мяне слухаў, што гэтыя ўблюдкі ня спыняцца перад ужываньнем ядзернай зброі. І эміграцыя перастала быць рацыянальным спосабам вырашыць праблему.

Калі гэтыя ўблюдкі ўзарвуць ядзерны патэнцыял, то я не разумею, куды ехаць: на Месяц ці на Марс? Бо бліжэй добра ня будзе. Рэальна стаіць пытаньне пра ядзерную вайну. Злачынец і міжнародны тэрарыст сам прызнаўся на камэру пры сьведках, што ён зьбіраўся прымяніць ядзерную зброю падчас крымскага крызісу.

«Уся гэтая гісторыя толькі пачынаецца, і крымскі крызіс быў яшчэ „геніяльнай бяскроўнай апэрацыяй“. Гэта ўсё лухта сабачая, — прадракае доктар Міша. — Усё наперадзе. Сапраўдны крызіс, сапраўдны Данецк, уся гэтая каларадзкая арда, якая тут галаву падымае. Алькаголікі на блёкпастах, як у Данецку, плюс ядзерная зброя — як вам гэта падабаецца?» — прымружвае вочы Міша.

Я ў адказ пытаюся: які сэнс прыходзіць сюды і па некалькі гадзін мерзнуць на брукаванцы? Такое надвор’е, Міхаіл, карыснае толькі для маршальскіх конных помнікаў.

«Самы рацыянальны варыянт паводзінаў у гэтай сытуацыі — гэта стаяць там, дзе ўсё вырашыцца. Пытаньне пра ўладу, пра свабоду і пра будучыню гэтай краіны... Вось тут. Я не разумею толькі, чаму нас дваццаць чалавек, а ў лепшым выпадку пяцьдзясят. Чаму ўсе гэтыя м...і, — Міша з вышыні свайго гіганцкага росту абводзіць позіркам плошчу. — Усе астатнія думаюць, што іх гэта не закране».

«У Данецку, — працягвае Міхаіл, — калі зьбіралі праўкраінскія мітынгі, там таксама розныя прагматычныя людзі казалі, што ў нас справы, у нас дзеці, у нас музычная школа — няма калі.

Ну, і як у вас цяпер справы? З музычнай школай усё ў парадку?» — са скальпелепадобнай бясстраснасьцю пытаецца ён.

«Вось гэтых усіх (Міша зноў абводзіць Манежку позіркам) чакае Данецк зь ядзернай зброяй».

«Майдан» для Расеі — «самы аптымістычны сцэнар», — лічыць доктар Міша.

«Калі мы выходзілі на мітынгі супраць сваёй хунты, кіяўляне там галасавалі за Януковіча. Меркаваць, што там узьнікне крызіс і рэвалюцыя пераможа, было цяжка.

А ў Расеі ўсё гэта адбудзецца праз два тыдні, — заключае Міхаіл. — І дзіўна, што не адбылося два месяцы таму. Мы ўжо выбіваемся з графіку».

На кепскім мабільным фота — доктар Міша і помнік Жукаву. Самы аптымістычны чалавек, якога я сустрэла ў Расеі.

XS
SM
MD
LG