Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Даніі: Расейская прапаганда «агідная»


Міністар замежных справаў Даніі Марцін Ліндэгард сказаў, што Брусэль разважае праект стварэньня расейскамоўнага СМІ для расейцаў па-за межамі Расейскай Фэдэрацыі, каб супрацьстаяць крамлёўскай прапагандзе.

У інтэрвію нямецкай газэце Die Welt Ліндэгард патлумачыў прычыны паводзінаў расейскага прэзыдэнта ва ўсходняй Украіне:

«Адна з прычынаў дзеяньняў Пуціна заключаецца ў тым, што ён разумее, што эўрапейская грамадзкая мадэль, у канчатковым выніку, вядзе да дэмакратыі, большага дабрабыту і зьніжэньня карупцыі. У тым выпадку, калі Ўкраіне ўдасца пераняць гэтую эўрапейскую мадэль, жыцьцё грамадзянаў Украіны палепшыцца. І ў выніку гэтага наступнымі, хто захоча ўвесьці гэтую мадэль у сябе, могуць стаць расейцы. Але Пуцін ня хоча гэтага, ён баіцца гэтай мадэлі, паколькі яна абмяжуе яго ўладу» — заявіў Ліндэгард.

На думку кіраўніка дацкага МЗС, расейскамоўная меншасьць ва Ўкраіне і ў іншых краінах павінна мець «доступ да карэктнай інфармацыі».

«У цяперашні час Данія разам зь іншымі эўрапейскімі дзяржавамі вядзе працу над жыцьцяздольным адказам на расейскую прапаганду. У прыватнасьці, мы склалі ліст у Эўракамісію і падалі заяўку ў Эўрапейскую Раду на стварэньне незалежнага расейскамоўнага СМІ. Расейская прапагандысцкая машына велізарная і, шчыра кажучы, проста агідная, і таму мы павінны зрабіць так, каб расейскамоўная меншасьць ва Ўкраіне і ў іншых краінах атрымлівала доступ да карэктнай інфармацыі. Я баюся расейскай прапаганды гэтак жа, як і ваеннага канфлікту» — сказаў Ліндэгард.

Ліндэгард таксама пракамэнтаваў нядаўнюю пагрозу Крамля ў адрас Даніі нацэліць ядзерныя ракеты на дацкія ваенныя караблі ў тым выпадку, калі Капэнгаген далучыцца да сыстэмы супрацьракетнай абароны НАТО. Паводле дацкага міністра, пагроза зьяўляецца «непрымальнай» і «неабгрунтаванай».

Я баюся расейскай прапаганды гэтак жа, як і ваеннага канфлікту, — сказаў Ліндэгард

«Усім вядома, што сыстэма ПРА зьяўляецца абарончай сыстэмай, якая ня мае і ня будзе мець ніякага дачыненьня да Расеі — падкрэсьліў Ліндэгард. — На жаль, нядаўняе выказваньне стала чарговым прыкладам вельмі ваяўнічых заяваў з расейскага боку. Але за больш чым год майго знаходжаньня на пасадзе кіраўніка МЗС я зразумеў, што пра Расею варта меркаваць па яе дзеяньнях, а не па выказваньнях. Таму мы спынімся на тым, што выкажам асуджэньне нядаўняй заявы, паколькі мы ня хочам падліваць алею ў агонь».

Ліндэгард заявіў, што Данія «ўскладае адказнасьць за канфлікт ва Ўкраіне на Расею і гэтак жа, як і многія іншыя эўрапейскія дзяржавы, лічыць неабходным прымаць захады супраць расейскай агрэсіі». Гаворка пра паслабленьне санкцый можа зайсьці тады, калі дамоўленасьці «Менск-2» будуць рэалізаваныя на самай справе, у выпадку ж далейшага абвастрэньня сытуацыі санкцыі, паводле дацкага дыплямата, варта зрабіць больш жорсткімі.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG