Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскія дачнікі супраць хімікатаў


У Бабруйскім раёне будуюць пункт захоўваньня й загрузкі хімічных рэагентаў для зімовай пасыпкі аўтадарогі Менск-Гомель — усяго ў ста мэтрах ад лецішчаў. Дачнікі пратэстуюць супраць будоўлі.

Узводзіць пункт захоўваньня пачалі на навагоднія сьвяты. Потым дачнікі заўважылі на пашпарце аб’екту нешта нэўтральнае «інжынэрны комплекс кіраваньня рухам і зімовым утрыманьнем трасы М5».

Калі яны даведаліся што тут будуць захоўваць хімічныя рэагенты для пасыпкі дарог — пачалі закідваць афіцыйныя інстанцыі пытаньнямі й пратэстамі. Паводле будаўнікоў, тэхнічная вада з аб’екту будзе зьлівацца проста ў глебу ў бок лецішчаў.

Від на будоўлю ад дачных участкаў

Від на будоўлю ад дачных участкаў

У тым месцы праходзіць рэчышча, з ухілам у бок лецішчаў, і 6 дачных каапэратываў стаяць на адным ваданосным пласьце. Калі атрута патрапіць у глебу пад адным участкам, то ўсе дачнікі застануцца без вады. А праводка сьцёкаў да агульнай каналізацыі праектам не прадугледжаная.

Як заявілі прадстаўнікі «Аўтадору»: «Хто нам дазволіць? Гэта ж загубіць прыроду».

«А прыроду лецішчаў і людзей губіць можна?!» — абураюцца дачнікі.

Пашпарт аб’екту з малазразумелай назвай

Пашпарт аб’екту з малазразумелай назвай

Траса М5 праходзіць за тры кілямэтры ад будучага інжынэрнага комплексу — чаму не пабудаваць яго каля самой трасы? У адказе Магілёўскага аблвыканкаму старшыні дачнага каапэратыву «Камунальнік» Генадзю Кожычу тлумачыцца: «каб дарожныя рабочыя дабіраліся да месца працы грамадзкім транспартам». Чаму не пабудаваць хаця б праз дарогу? — а дачнікам у адказ: «Бо рабочым будзе небясьпечна перасякаць праезную частку».

«Так пра людзей клапоцяцца! — не хавае сарказму дачніца Галіна Храмянкова, — калі гэта свае працоўныя. А пра нас клопату няма».

Інжынэры будоўлі, якія пажадалі выказацца ананімна, прызнаюць, што месца магчыма няўдалае, але раяць незадаволеным зьвяртацца да эколягаў і ўладаў, як тыя прапусьцілі праект і дазволілі гэтую пляцоўку. Але ж у лісьце Бабруйскага райвыканкаму сказана, што месца пад гэты аб’ект яшчэ ня вызначанае! А будоўля ідзе поўным ходам.

Дзе будаваць, вырашым потым, а пакуль пабудуем.

Дзе будаваць, вырашым потым, а пакуль пабудуем.

«Наш каапэратыў аштрафавалі за адзін пакецік, што быў выкінуты ля дарогі, — расказвае дачніца Марыя Вялічка, што й была сьведкам вырубкі дубовага гаю 2-3 студзеня, — а што тут робіцца з экалёгіяй?
Абласныя эколягі запэўніваюць што насыпацца рэагенты будуць у закрытым памяшканьні, што зьліву забруджанай вады ў глебу ня будзе, вада будзе ачышчацца на дарагім імпартным абсталяваньні і пацячэ на зямлю «чысьцюткай».

Старшыня ж дачнага каапэратыву Генадзь Кожыч нагадвае: штогод пры залевах і моцных вятрах — двойчы-тройчы ў месяц — ва ўсім раёне лецішчаў энэргетыкі на доўгі час адключаюць электрычнасьць. Як будзе працаваць тое абсталяваньне?

«Гэта ж міна запаволенага дзеяньня, — кажа спадар Кожыч. — Праз год пабудуюць, год праз 5-7 яно абавязкова праточыцца ў глебу — і што будзе з вадой?»

Прадстаўнік абласнога камітэту аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксей Стасюкевіч па тэлефоне сказаў Кожычу:

«Чаго вы цяпер шуміце? Вось праз 7 гадоў зробіце замеры, і калі будзе кепская вада — тады зьвяртайцеся хоць у суд, хоць куды».

Бабруйчане ж нязгодныя чакаць пакуль «грымне новы міні-Чарнобыль», не давяраюць сваім уладам і кітайскім інвэстарам — і ўжо сабралі подпісы пад пратэстам супраць хімічнай будоўлі.

Дачнікі супраць

Дачнікі супраць

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG