Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б Лукашэнка быў жанчынай...


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

То, перафразуючы вядомую прымаўку, быў бы не дзядулем, а бабуляй. І наўрад ці быў бы прэзыдэнтам.

Ініцыятары вылучэньня ў прэзыдэнты кандыдатак спрабуюць гэтую гіпотэзу абвергнуць. Аднак сама па сабе ідэя вылучыць кандыдатам на прэзыдэнта менавіта жанчыну выглядае крыху сумнеўнай менавіта з пункту гледжаньня гендэрнай роўнасьці. Калі ў свой час вылучалі Ганчарыка, Мілінкевіча ці Някляева, ніхто пры гэтым не казаў — а давайце вылучым мужчыну. Зь іншага боку, Голду Меір, Індзіру Гандзі, Маргарэт Тэтчэр ці сучасных Далю Грыбаўскайце, Ангелу Мэркэль, Юлію Цімашэнку вылучалі і падтрымлівалі не таму, што яны былі жанчынамі, а таму, што былі моцнымі палітыкамі, якім было што сказаць сваім народам і зрабіць для іх.

Ці дапамагаў ім пол? У барацьбе за ўладу — хутчэй перашкаджаў. Пэўны кансэрватызм у гэтым пытаньні ўласьцівы, напэўна, ўсім грамадзтвам. У прыватнасьці, беларускаму ён уласьцівы ў вельмі вялікай ступені. Паводле сацыялягічных апытаньняў, прыкладна 7% на прэзыдэнцкіх выбарах аддалі б перавагу кандыдату-жанчыне, 43%(!) - кандыдату-мужчыне і для 46% пол кандыдата ня мае значэньня. Тое, што для 46% пол кандыдата, па іх словах, ня мае значэньня, сьведчыць, што Беларусь — усе ж не Саудаўская Арабія ў гэтым пытаньні, але 43% , амаль палова, якія супраць жанчыны-лідэра ў прынцыпе — гэта моцна. Магчыма, гэтая ўстаноўка не такая і нязломная, залежыць ад кандыдатуры, але апрыёрная ўстаноўка прысутнічае і яна даволі распаўсюджаная.

Давайце правядзем мысьленны экспэрымэнт — ўявім сабе, што кандыдаткі, імёны якіх называюцца цяпер, зь іх жыцьцёвым шляхам, аўтарытэтам, зробленымі справамі — мужчыны. Наколькі тады яны былі б цікавыя беларускаму грамадзтву? Не кажу, што нецікавыя, прапаную абстрагавацца ад іх полу і ацаніць.

І выкажу сьціплае меркаваньне, што тады яны б патрапілі ў пэўны, прычым ня першы, шэраг айчынных палітыкаў. Але да таго ж, як сьведчаць пададзеныя вышэй лічбы апытаньняў, тое, што кандыдаткі ўсё ж жанчыны — гэта хутчэй перашкода, чым спрыяльны фактар посьпеху.

Памятаю забаўную гісторыю — такі журналісцкі фальклёр. 1997 год, справа Шарамета, адміністрацыя Лукашэнкі склікае тэрміновую прэсавую канфэрэнцыю, якая і адбываецца на прыступках рэзыдэнцыі. Ірына Халіп задае пытаньне: «Аляксандар Рыгоравіч, а вось днямі ў Менску прайшла маніфэстацыя пад лёзунгам „Шарамета — у прэзыдэнты“. Што вы пра гэта думаеце?». Лукашэнка адказаў: «Ірачка, я б больш турбаваўся, калі б там было напісана — вас у прэзыдэнты».

Прысутныя зарагаталі — Лукашэнка ўдала перавёў праблему ў іншую плашчыню: мужчына-жанчына, галянтнасьць, усе справы.

Так выглядае, што цяпер ня ён, а апазыцыя спрабуе зрабіць такі самы перанос — перавесьці палітычную дыскусію ў гэткі турнір галянтнасьці. Гульня, у якой жанчына прайграе ад пачатку.

Ну, магчыма, калі няма адказаў на пытаньні, пастаўленыя ўкраінскім крызісам, дык яно і мае пэўны сэнс. Чым адказваць, напрыклад, на пытаньне, як у выпадку посьпеху апазыцыйнага кандыдата прадухіліць візыт «зялёных чалавечкаў», лепш распавядаць, што жанчына больш чульлівая за мужчыну і будзе кіраваць народнай гаспадаркай як дбайная гаспадыня — хатняй.

Такі аграглямур часопісу «Работніца і сялянка».

Пры абмеркаваньні ідэі вылучэньня кандыдата-жанчыны выказвалася меркаваньне, што мэта — «уцяпліць» вобраз апазыцыі, паказаць, што яе тварам могуць быць не суворыя вулічныя барацьбіты, а мілыя чалавечыя абліччы. Ну гэта і сапраўды міла, на мілыя твары звычайна глядзець больш прыемна, чым на суворыя. Але калі? Як той казаў, добры чалавек — гэта не прафэсія. Усё ж масавыя пажаданьні да кандыдата на кіраўніка дзяржавы крыху іншыя.

Праўда, можа ўсе гэтыя пярэчаньні дарэмныя. Натуральная мэта ўдзелу ў выбарах — перамагчы і менавіта на іх, у цяперашніх беларускіх умовах недасягальная з шэрагу вядомых прычынаў. З улікам гэтага можна кіравацца мудрасьцю Чашырскага Ката з «Алісы ў краіне цудаў»: калі ўсё роўна, куды хочаш патрапіць, тады ўсё роўна, куды ісьці, куды-небудзь ды патрапіш, калі будзеш ісьці дастаткова доўга.

Можна, скажам, разглядаць выбары, як працэдуру вызначэньня лідэра апазыцыі. Аднак выглядае, што ніхто кандыдатак у такой якасьці не разглядае нават тэарэтычна. Яны ўзьнікнуць і яны зьнікнуць.

Можна проста імкнуцца прапанаваць грамадзтву новую постаць. У гэтым сэнсе жаночы пол прапановы навізну сапраўды гарантуе — не было ж раней ніколі. Была Натальля Машэрава, ды не дайшла нават да рэгістрацыі. А так ніводнай не было. Навідавоку будзе лібэралізацыя нормаў беларускага грамадзтва: вось думалі, што жанчыны толькі боршч варыць здатныя, а яны вось што могуць — нават у прэзыдэнцкіх выбарах паўдзельнічаць. Жанчына — таксама чалавек.

Чаму не? Чым ня мэта? Але ўсё ж шкада, калі яна менавіта такая і ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG