Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Левінаў: «Чаму за бел-чырвона-белыя сьцягі караюць, а за савецкія — не?»


Павал Левінаў

Павал Левінаў

Віцебскі праваабаронца патрабуе знайсьці і пакараць гандляроў сьцяжкамі СССР.

Ён даслаў заяву на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму і паведаміў пра факты неаднаразовага зьяўленьня невядомых асобаў зь чырвонымі сьцяжкамі каля гандлёвага цэнтру «Эвіком».

Да заявы Павал Левінаў прыклаў фатаздымкі хлопца і дзяўчыны, якія 20 і 25 сакавіка парушалі грамадзкі парадак — заміналі праходу мінакоў, чапляліся да іх з прапановамі набыць сымболіку былога Савецкага Саюзу, а таксама дэманстравалі свае грамадзка-палітычныя погляды, паказваючы паперку са словамі «Народжаны ў СССР».

Каля "Эвікома" 20 сакавіка

Каля "Эвікома" 20 сакавіка

На думку праваабаронцы, дзеяньні невядомых падпадаюць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 — арганізацыя і правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства:

Каля "Эвікома" 20 сакавіка

Каля "Эвікома" 20 сакавіка

«Хлопец і дзяўчына, якія 20 і 25 сакавіка знаходзіліся на вуліцы Церашковай, каля гандлёвага цэнтру „Эвіком“, яўна выражалі свае грамадзка-палітычныя інтарэсы. Можна сказаць, што гэта было пікетаваньне з выкарыстаньнем сьцягоў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку. Больш за тое, яны заміналі руху мінакоў. Міліцыя мусіць адрэагаваць адпаведным чынам на гэтае правапарушэньне і пакараць вінаватых — бо караюць жа ў нас за бел-чырвона-белыя сьцягі. Высьветліць асобы пікетоўцаў, я думаю, ня цяжка: я дасылаю начальніку абласнога УУС фатаздымкі з інтэрнэту, а таксама зробленыя мной і маімі сябрамі».

Каля "Эвікома" 25 сакавіка

Каля "Эвікома" 25 сакавіка

Павал Левінаў падкрэсьлівае, што распаўсюднікі савецкіх сьцяжкоў не хаваюцца, дзейнічаюць адкрыта, зьяўляюцца каля «Эвікома» часта і нават фатаграфавацца не бянтэжацца. Толькі не размаўляюць — паказваюць знакамі, што глуханямыя.

Каля "Эвікома" 25 сакавіка

Каля "Эвікома" 25 сакавіка

Праваабаронца просіць, каб начальнік абласной міліцэйскай управы ўзяў гэтую справу пад уласны кантроль і накіраваў яе для разбору сваім падначаленым — у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі:

«Няхай разьбіраюцца, бо закон павінен працаваць аднолькава ў дачыненьні да кожнага грамадзяніна. Вызначыць асобы прыхільнікаў СССР і адпаведнай сымболікі ня цяжка: змог жа начальнік аддзелу аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС маёр Аляксандар Рыбакоў вызначыць удзельнікаў знакамітай фатасэсіі з птушкамі і клеткамі. Журналістаў і актывістаў вызначылі таксама па фатаздымках у інтэрнэце, і маёр Рыбакоў склаў на кожнага пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Хоць у іх нават сьцягоў не было, толькі папяровыя клеткі ды птушкі-арыгамі — і то міліцыя, а потым і суд вырашылі, што мы дэманстравалі грамадзка-палітычныя інтарэсы... Вось людзі з савецкай сымболікай пэўна гэта робяць!»

Каля "Эвікома" 25 сакавіка

Каля "Эвікома" 25 сакавіка

Спадар Левінаў просіць праінфармаваць яго пра ход расьсьледаваньня гэтай справы. Тым больш што распаўсюд савецкіх сьцяжкоў абурае гараджан. Гэтаксама як і навязьлівасьць распаўсюднікаў: хлопец і дзяўчына падпільноўваюць мінакоў, торкаюць у рукі сьцяжок, а потым паказваюць паперку, дзе напісаны кошт — 20 тысяч рублёў. Амаль ніхто не купляе — усе аддаюць сьцяжкі назад, даведаўшыся, што гэта не падарунак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG