Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Укладчыкам «Дэльта Банку» пашанцавала, што яны трапілі пад прэзыдэнцкія выбары


14 тысяч укладчыкаў могуць зьвярнуцца ў аддзяленьні банку ў розных рэгіёнах краіны. Частку крэдытных дамоваў фізычных асобаў «Дэльта Банк» перадаў банку «Масква-Менск».

Камэнтуючы для Свабоды гэтую сытуацыю, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук найперш зьвяртае ўвагу на тое, як надзвычайна хутка яна разьвіваецца. 12 сакавіка Нацбанк прызначыў часовую адміністрацыю «Дэльта Банку», а ўсяго праз тыдзень адклікаў ліцэнзію. Яшчэ праз 10 дзён укладчыкам далі магчымасьць падаваць заявы на вяртаньне грошай. Гэтым людзям пашанцавала, што сёлета ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары:

Я думаю, яны атрымаюць усе свае грошы. Атрымаюць таму, што ўладам трэба паказаць — укладчыкі могуць спаць спакойна да прэзыдэнцкіх выбараў.

«Я думаю, яны атрымаюць усе свае грошы. Атрымаюць таму, што ўладам трэба паказаць — укладчыкі могуць спаць спакойна да прэзыдэнцкіх выбараў. Яны трапілі ў такі добры для іх палітычны пэрыяд, калі ўлады ня могуць дапусьціць нават сумневу, каб людзі раптам падумалі, што ва ўладаў не хапае грошай альбо іх дазволяць ашукаць.

А вось у наступным годзе могуць здарыцца нашмат больш непрыемныя сытуацыі. Я ўпэўнены на 100%, што такое адбудзецца ў 2016 годзе. Адкуль такая ўпэўненасьць? Таму што банкі так ці інакш адлюстроўваюць сытуацыю ў рэальным сэктары эканомікі. Цяпер адбываецца рэцэсія — валютная выручка падае, экспарт падае, інвэстыцыі скарачаюцца. Адкуль жа ў банкаў будуць грошы, каб выплачваць 40–50% прыбытку па рублёвых укладах?

Гэта — піраміда. І чым хутчэй яе ліквідуюць, тым лепш будзе для эканомікі. Але ў працэсе ліквідацыі ня выключана, што некаторыя банкі гэтага ня вытрымаюць. Таму трэба прызвычаіцца да таго, што нас чакаюць банкруцтвы — і прадпрыемстваў, і банкаў. У бліжэйшай будучыні — на 100%».

Нацбанк Беларусі адклікаў ліцэнзію «Дэльта Банку» ў сувязі «зь невыкананьнем ім асобных ліцэнзійных патрабаваньняў, а таксама стварэньнем фінансавага становішча, якое выклікала невыкананьне банкам сваіх абавязаньняў перад укладчыкамі і іншымі крэдыторамі».

Раней ліцэнзіі ў беларускіх банкаў адклікаліся рэдка. Апошні выпадак, які выклікаў вялікі рэзананс, адбыўся ў 2001 годзе, калі банкрутам прызналі банк «БелБалтыя» зь беларуска-латвійскім капіталам. Тады было ўзбуджана некалькі дзясяткаў крымінальных спраў. Падманутым укладчыкам у той час дапамагалі Саўмін і Нацбанк.

Фінансавыя экспэрты ў адзін голас раяць патэнцыйным укладчыкам больш уважліва ставіцца да выбару банку, у якім яны хочуць трымаць свае грошы. Чым большыя стаўкі па дэпазытах прапаноўвае банк, тым большая імавернасьць, што ў яго, а значыць, і ва ўкладчыка, могуць узьнікнуць праблемы.

XS
SM
MD
LG