Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паляваньне на журналістаў-фрылансэраў працягваецца


Алесь Кіркевіч.

Алесь Кіркевіч.

На незалежных журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча завялі адміністрацыйныя справы за працу без акрэдытацыі.

Гарадзенскіх журналістаў-фрылансэраў чакае суд. Алесь Кіркевіч быў выкліканы ў міліцыю ў пятніцу, а Дзянісаў у панядзелак 30 сакавіка атрымаў на рукі копію пратаколу аб правапарушэньні паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Журналістаў абвінавачваюць у тым, што яны зрабілі для тэлеканала «Белсат» без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі, чым нібыта парушылі артыкул 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Паводле журналістаў, у матэрыялах праверкі ёсьць скрыншоты з сайта. Таксама зь іх вынікае, што супрацоўніцу музэю Галіну Хімко, якая фігуруе ў сюжэце, выклікалі на гутарку ў КДБ і ў міліцыю для апазнаньня журналістаў па фатаздымках, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Алесь Дзянісаў не пагадзіўся з пратаколам, складзеным на яго супрацоўнікам міліцыі:

Алесь Дзянісаў.

Алесь Дзянісаў.

«Там напісана, што я рабіў інтэрвію. Калі ўжо на тое пайшло, то я — проста апэратар, я проста націскаў кнопку запісу. А па-другое, у пратаколе напісана «вырабіў і распаўсюдзіў». Але я не СМІ, я сам не магу гэты матэр’ял зрабіць. Бо каб яго зрабіць, яго трэба змантаваць, агучыць, паставіць у эфір — гэтага ўсяго я не магу рабіць, бо не зьяўляюся штатным супрацоўнікам канала «Белсат», — кажа Алесь Дзянісаў.

Былы палітычны вязень, а цяпер журналіст-фрылансэр Алесь Кіркевіч азнаёмлены гродзенскай міліцыяй з адміністрацыйным пратаколам 27 сакавіка. Журналіста таксама абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ).

Пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня склаў маёр міліцыі Алег Кока. Гэтым разам размова ў пратаколе ідзе пра матэрыял, які быў паказаны праз тэлеканал «Белсат» на пачатку сакавіка. Сам Алесь лічыць распачатую супраць яго адміністрацыйную справу абсурднай і перакананы, што не парушаў заканадаўства, бо згодна з дадзеным артыкулам прадугледжваецца адказнасьць юрыдычных асобаў — сродкаў масавай інфармацыі.

Па падліках БАЖ, у 2015 годзе суды пяць разоў штрафавалі незалежных журналістаў: Алеся Ляўчука (Берасьце), Аліну Літвінчук (Берасьце) — два разы, Тамару Шчапёткіну (Бяроза, Берасьцейская вобласьць) і Ларысу Шчыракову (Гомель).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG