Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ера Ізраілю прызналі вінаватым у махлярстве


Эхуд Ольмэрт

Эхуд Ольмэрт

Эхуда Ольмэрта прызналі вінаватым па справе, па якой ён быў апраўданы ў 2012 годзе.

Былы прэм’ер-міністар Ізраілю Эхуд Ольмэрт прызнаны вінаватым у махлярстве і злоўжываньні даверам у рамках паўторнага працэсу па справе аб карупцыі.

Паводле сьледзтва, Ольмэрт атрымліваў незаконныя выплаты ад амэрыканскага бізнэсоўцы, які мае інтарэсы ў Ізраілі. Экс-прэм’ер нібыта браў хабар наяўнымі грашыма, якія перадаваліся яму ў канвэртах.

Эхуд Ольмэрт, якому цяпер 69 гадоў, у 2012 годзе быў апраўданы па гэтых абвінавачваньнях, але разьбіральніцтва аднавілі ў сувязі са сьведчаньнямі аднаго зь яго былых памочнікаў. Гэты чалавек заключыў са сьледзтвам зьдзелку.

Магчыма, што адвакаты Ольмэрта абскардзяць апошняе рашэньне Акруговага суду Ерусаліму. Тэрмін зьняволеньня пакуль не абвешчаны.

У траўні 2014 году Ольмэрта прысудзілі да шасьці гадоў турмы па абвінавачваньні ў атрыманьні хабару на 160 тысяч даляраў на пасадзе мэра Ерусаліму. Незаконныя выплаты былі зьвязаны са зьдзелкай, якая тычыцца нерухомасьці. Гэты вэрдыкт абарона абскардзіла ў Вярхоўным судзе.

Эхуд Ольмэрт, які адмаўляе сваю віну, узначальваў ізраільскі ўрад з 2006-га па 2009-ы гады.

XS
SM
MD
LG