Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя кажуць, што пілёт Андрэас Любіц, які справакаваў катастрофу авіялайнэра А320 ў Альпах, «утойваў хваробу». Паводле неафіцыйных зьвестак, ён вырашыў зьвесьці рахункі з жыцьцём з-за таго, што яго кінула дзяўчына. Сусьветная прэса на мінулым тыдні працягвала абмяркоўваць трагедыю, у якой загінулі 150 чалавек.

«Андрэас Любіц роўна і спакойна дыхаў у апошнія імгненьні перад крушэньнем машыны 9525 кампаніі Germanwings. Гэта быў адзіны гук унутры кабіны пілётаў, зафіксаваны гуказапісвальным апаратам пасьля таго, як памочнік камандзіра экіпажу Любіц накіраваў самалёт на зьніжэньне», — піша The New York Times.

Гукі, якія даносіліся з другога боку дзвярэй, былі зусім іншымі: грук і просьбы камандзіра экіпажа ўпусціць яго, потым лютыя ўдары ў дзверы і, нарэшце, крыкі пасажыраў за некалькі хвілін да таго, як самалёт урэзаўся ў горны схіл у Францускіх Альпах.

Да таго, як 27-гадовы Любіц прыблізна праз паўгадзіны пасьля вылету з Барсэлёны ў Дзюсэльдорф адправіў самалёт у 10-хвіліннае фатальнае зьніжэнне, бартавы самапісец у кабіне фіксаваў толькі звычайны «сьцёб» пілётаў, «ветлівую» і «вясёлую» размову. Потым камандзір экіпажу папрасіў Любіца зьмяніць яго. На запісе можна пачуць, як сядзеньне адсунулася назад і дзьверы зачыніліся, калі капітан выйшаў з кабіны. Падчас зьніжэння, паводле словаў сьледчага Робіна, авіядыспэтчары неаднаразова спрабавалі зьвязацца з самалётам, але не атрымалі адказу.

Пракурор Робін заявіў журналістам, што прыкметаў тэракту не існуе і што Любіц ня быў раней вядомы праваахоўным органам. На пытаніне аб тым, ці Любіц зьдзейсьніў, па сутнасьці, самагубства, Робін адказаў: «Я ня выкарыстаў слова „самагубства“».

Паводле меркаваньня кіраўніка кампаніі Lufthansa Карстэна Шпора, Любіц зьдзейсніў дзеяньне іншага маштабу. «Я не юрыст — сказаў Шпор. — Але калі нехта разам з сабой пасылае на сьмерць яшчэ 149 чалавек, для гэтага ёсьць іншае слова, чым „самагубства“».

Калі пацьвердзіцца вэрсія, што другі пілёт A320 сьвядома разьбіў самалёт са 150 людзьмі на борце, зачыніўшыся ў кабіне, прыйдзецца прызнаць: тое, што здарылася, было «ўскосным наступствам больш строгіх правілаў бясьпекі, уведзеных авіякампаніямі ў ЗША і па ўсім сьвеце пасля тэрактаў 11 верасня», піша Джош Санбэрн у амэрыканскім часопісе Time. У 2002 годзе Фэдэральнае ўпраўленьне грамадзянскай авіяцыі ЗША прадпісала ўсталёўваць паміж кабінай пілётаў і пасажырскім салёнам больш моцныя дзьверы з унутранай запорнай прыладай. У самалёце мадэлі A320 дзьверы ў кабіну пілётаў звонку можна адкрыць, набраўшы код на клявіятуры, але гэты мэханізм можа быць заблякаваны знутры.

Паводле авіяцыйнага экспэрта Крыса Ейтса, каб выключыць падобныя выпадкі ў будучыні, можна прыбраць магчымасьць блякавання дзвярэй, але прасьцей ўвесьці правіла, ужо дзеючае на амэрыканскіх рэйсах: калі адзін з пілётаў пакідае кабіну, то яго месца часова займае бортправаднік.

Андрэас Любіц каля паўтара года праходзіў лячэньне ў псыхіятра — у 2009 годзе ў яго дыягнаставалі «працяглую цяжкую дэпрэсію», паведамляе нямецкі таблоід Bild са спасылкай на крыніцы ў авіякампаніі Lufthansa. З гэтай прычыны яму нават прыйшлося перапыніць навучаньне ў школе пілётаў, яго некалькі разоў адхілялі ад палётаў з фармулёўкай «да палётаў не прыдатны», але ён усё ж скончыў школу ў 2013 годзе.

У справе Любіца ў Фэдэральным ведамстве грамадзянскай авіяцыі ФРГ, па дадзеных выдання, змяшчалася пазнака: патрабуецца «рэгулярны мэдычны агляд» — адзначае Bild. Такая ж пазнака знаходзілася і ў ліцэнзіі пілёта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG