Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

У чым яшчэ беларусы прайграюць палякам


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Першае ўражаньне – заўсёды слушнае. Памятаю, упершыню зайшоў на варшаўскім Новым Сьвеце ў кнігарню танных кніжак «Дэдалус», а там – некалькі паліц эпісталярных кніг: двухтомнік ліставаньня Чэслава Мілаша зь Ежы Гедройцем, таўшчэразны талмуд лістоў Тадэвуша Ружэвіча да сяброў, Вітальда Гамбровіча да сям’і, тонкая кніжка прыватнага эпісталярнага сяброўства Зьбігнева Гэрбэрта. Зайздрасьць і крыўда.

Толькі адчапіўшыся ад зямлі, пасьля сарака дзён блуканьня па знаёмых мясьцінах, душы польскіх дзеячоў трапляюць у поле ўвагі іміджмэйкераў і мэнэджэраў культуры. Публікуючы эпісталярныя зводы, выдавецтвы ўрабляюць глебу для будучых біёграфаў і гісторыкаў, але найбольш – далучаюць паспалітага чытача да асобы вядомага ім аўтара. Гэта частка кніжнага рынку, зусім не выпадковая, а добра пададзеная. Якая, адпаведна, прадаецца.

Што ў нас з гэтым? Поўны швах. На пальцах можна пералічыць эпісталярныя кнігі: Барадулін, Геніюш, Зоська Верас. Прыватныя праекты, якія «не ўтвараюць паліцу»

Між тым, густоўна аформленая і дбайна ўкамэнтаваная сэрыя эпісталярных кніг магла б раскруціць скруткам усю беларускую гісторыю: бачу наяве трохтамовік ліставаньня вялікіх князёў літоўскіх, магнатаў, канцлераў і беларускага «нізавога» шляхецтва; кнігі эпісталярыю філяматаў і філярэтаў, паўстанцаў 1830-1831 і 1863 гадоў, пісьменьніцкую перапіску ХІХ стагодзьдзя, корпус лістоў часу «Загляне сонца…» і «Нашай Нівы», двухтамовікі заходнебеларускага эпісталярыю і лістоў маладнякоўцаў-узвышэнцаў-белАППаўцаў, пражскіх студэнтаў, том літарацкага ліставаньня ва ўмовах сталінскай турмы, лягеру або высылкі, кнігу лістоў ваеннага часу – магчыма, супольна з «савецкімі» лістамі можна выдрукаваць пісьмы працаўнікоў з акупаваных тэрыторый. Асобная гаворка – эміграцыя. Юрка Віцьбіч, клясык жанру, заслугоўвае і трох тамоў. Два тамы на Антона Адамовіча. Па кнізе – Натальлі Арсеньневай, Алесю Салаўю і Міхасю Міцкевічу. Бясспрэчна, двухбаковым мусіць быць эпісталярый Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Максіма Танка, а таксама «людзей былых»: Ванды Лёсік, Алесі Смоліч, Леанілы Чарняўскай, Юліі Бібілы, Мікалая Улашчыка. Бо ня толькі генэралам увага, а й шараговым ваярам.

Гэткім чынам адкрыецца падшэўка беларускай культуры, схаваная ў «ружовым тумане» шчыльна напластаваных ідэалёгій і мітаў, адкрыюцца замуленыя мастацкімі тэкстамі, падручнікамі і зборнікамі канфэрэнцый чыстыя і роўныя беларускамоўныя галасы.

Ня першы год седзячы ў архівах, ведаю, наколькі аграменны, неверагодна вялікі слой культуры дагэтуль ляжыць неапублікаваным. Найчасьцей гэта тыя самыя лісты. Сядзіш, усьміхаесься нейкаму анэкдоту, распаведзенаму Міколам Прашковічам ці Юльянам Пшырковым, альбо працінаесься стылістычнай мерзлатой ліста Юркі Гаўрука да Максіма Танка з Комі АССР і думаеш – якое багацьце мовы і лёсу!

Можа, таму і пахнуць пальцы бронзай, калі закрываеш чарговы літаратуразнаўчы том, што прыватная гісторыя культуры працягвае заставацца пад слоем архіўнага пылу? І надалей будзем з «чаборам», «ехаў дзедка на кірмаш» і «я лягу-прылягу», пакуль не адкрыюцца жывыя людзі. Пакуль ня зьявіцца дзьве-тры паліцы ў кнігарні, куды будзе прыцягваць як магнітам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG