Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

29 сакавіка ва Ўзбэкістане чацьвёрты раз пасьля здабыцьця краінай незалежнасьці прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Паводле праваабаронцаў, у гэтай краіне за кратамі — 12 тысяч палітвязьняў.

«Выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, парушэньняў не зарэгістравана», — заявіў намесьнік старшыні ЦВК Узбэкістана Камілжон Адзілаў. Папярэднія вынікі будуць абвешчаныя 30 сакавіка.

Тым часам Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) у сваім тэрміновым паведамленьні выказвае глыбокую заклапочанасьць у сувязі з адсутнасьцю ў ходзе перадвыбарнай кампаніі празрыстасьці, законнасьці і асноўных свабодаў.

Іслам Карымаў

Іслам Карымаў

Паводле вынікаў усіх папярэдніх выбараў — у 1991, 2000 і 2007 гадах — дзейны прэзыдэнт Узбэкістана Іслам Карымаў абіраўся на пасаду кіраўніка дзяржавы пераважнай большасьцю галасоў. Няма сумневу ў тым, сьцьвярджаюць у FIDH, што і гэтым разам перамога дастанецца 77-гадоваму Ісламу Карымаву, хоць само вылучэньне яго кандыдатуры парушае Канстытуцыю, якая абмяжоўвае час знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта двума поўнымі тэрмінамі запар.

Ва Ўзбэкістане неабходна спыніць палітыку сыстэматычных пагрозаў, перасьледу і запалохваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

«Ва Ўзбэкістане неабходна спыніць палітыку сыстэматычных пагрозаў, перасьледу і запалохваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. Улады павінны гарантаваць павагу да вяршэнства закону і належнага дзяржаўнага кіраваньня, роўна як і да захаваньня асноўных правоў і свабодаў, уключаючы права на свабодныя справядлівыя выбары і разнастайнасьць палітычнага ляндшафту», — заявіў Карым Лахіджы, прэзыдэнт FIDH.

За пасаду кіраўніка Ўзбэкістана змагаліся чацьвёра: дзейны прэзыдэнт і кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Іслам Карымаў, прадстаўнік Народна-дэмакратычнай партыі Хатамжон Кетмонаў, сябра Дэмакратычнай партыі «Мільлій тыкланіш» Акмаль Саідаў і прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі «Адалат» Нарымон Умараў.

Ніводзін з трох кандыдатаў, якія вылучылі сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, ня можа лічыцца сур’ёзным канкурэнтам Карымаву. Для ўдзелу ў кампаніі ня быў зарэгістраваны ніводзін незалежны кандыдат. Кааліцыя актывістаў грамадзянскай супольнасьці, уключна з праваабарончай асацыяцыяй «Клюб палымяных cэрцаў», заклапочаная непразрыстасьцю, у якой праводзіцца перадвыбарчая кампанія, стварыла віртуальную выбарчую камісію па правядзеньні альтэрнатыўных — свабодных і справядлівых — прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак на сайт камісіі напалі хакеры, і ён быў вымушаны спыніць працу.
Насуперак прынятым стандартам свабодных і справядлівых выбараў, заканадаўства Ўзбэкістана чыніць перашкоды для рэгістрацыі незалежных палітыкаў. Толькі афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі маюць права вылучаць кандыдатаў у прэзыдэнты. Незалежныя галасы ня могуць сфармаваць палітычныя партыі.

FIDH выказвае глыбокую заклапочанасьць у сувязі з масавымі злоўжываньнямі і парушэньнямі правоў чалавека ў краіне. «Рэжым жорстка кіруе жыцьцём грамадзтва, душачы любую крытыку, якая выкрывае парушэньні правоў чалавека. У ліку такіх парушэньняў — прымусовая праца і выкарыстаньне рабскай працы дзяцей на баваўняных палях, прымусовая стэрылізацыя жанчын, адсутнасьць незалежных сродкаў масавай інфармацыі і палітычнага ўдзелу насельніцтва ў жыцьці краіны, адвольныя затрыманьні і катаваньні», — цьвердзяць праваабаронцы FIDH.

На працягу 26 гадоў кіраваньня прэзыдэнта Карымава за кратамі ва Ўзбэкістане былі і застаюцца тысячы палітычных зьняволеных. На думку праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» — вядучай праваабарончай арганізацыі ў Расеі — іх лік перавышае 10 000, а ўзбэцкія праваабарончыя арганізацыі лічаць, што ў краіне звыш 12 000 чалавек знаходзяцца ў зьняволеньні праз палітычна матываваныя абвінавачаньні.

У лютым 2015 году, у ходзе абвешчанай у канцы 2014 году амністыі, былі вызваленыя звыш 50 000 зьняволеных. Аднак праз амністыю на волю выйшлі толькі асуджаныя за такія правапарушэньні, «якія не ўяўляюць пагрозы для грамадзтва». Гэтая фармулёўка выключыла прымяненьне амністыі да палітычных зьняволеных і крытыкаў рэжыму. Больш за тое, у зьняволеньні застаюцца праваабаронцы, якія ўжо адбылі тэрміны зьняволеньня — у прыватнасьці, гэта Насім Ісакаў і Зафар Рахімаў.

«Ва Ўзбэкістане, як і ў Беларусі, выбары — гэта проста традыцыя», — Лабковіч

Сытуацыя ва Ўзбэкістане і ў Беларусі мае шмат падабенстваў, лічыць юрыст і праваабаронца цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.

Падабенства — нязьменны лідэр, які абіраецца на „выбарах“, якіх ніхто не прызнае. Як і ў Беларусі, ва Ўзбэкістане няма выбарчага працэсу, ёсьць палітычныя вязьні, сярод якіх шмат праваабаронцаў.

«Падабенства — нязьменны лідэр, які абіраецца на „выбарах“, якіх ніхто не прызнае. Як і ў Беларусі, ва Ўзбэкістане няма выбарчага працэсу, ёсьць палітычныя вязьні, сярод якіх шмат праваабаронцаў. Але трэба адзначыць, што дыктатура ва Ўзбэкістане мае значна большую моц і яна больш таталітарная, чым у Беларусі. Ва Ўзбэкістане фактычна цалкам адсутнічае плюралізм. Напрыклад, усе кандыдаты ў прэзыдэнты, якія цяпер балятаваліся як апанэнты дзейнаму прэзыдэнту Ісламу Карымаву, — альбо чальцы праўрадавых структур і праўрадавых партыяў, альбо знаходзяцца ва ўладзе. Безумоўна, яны выконваюць ролю статыстаў у гэтай кампаніі. Ва Ўзбэкістане вельмі слабая і разгромленая грамадзянская супольнасьць, сапраўдная апазыцыя альбо ў турмах, альбо ў эміграцыі і фактычна ня ўдзельнічае ў палітычным жыцьці краіны. Таму сытуацыя там значна больш жорсткая, чым у Беларусі. Гэта зьвязана з асаблівасьцямі рэгіёна, аддаленасьцю яго ад уплыву Эўропы. Але таксама трэба адзначыць, што татальнае і сыстэмнае парушэньне правоў чалавека ва Ўзбэкістане адбываецца на фоне даволі мяккай крытыкі рэжыму з боку Эўразьвязу і ЗША. Што, у сваю чаргу, сьведчыць пра тое, што калі геапалітычныя інтарэсы пераважаюць над каштоўнаснымі, то ў першую чаргу пакутуюць грамадзяне краіны, якія становяцца закладнікамі дыктатарскіх рэжымаў».

Уладзімер Лабковіч адзначыў, што пасьля выбараў у краіне ня будзе назірацца ніякіх зьменаў. Яны будуць магчымыя толькі тады, калі на пасаду прэзыдэнта прыйдзе іншая асоба.

«Улічваючы, што рэжым Карымава — гэта абсалютна пэрсанальны рэжым, завязаны на асобу, культ якой вельмі моцны ў грамадзтве, то зьмены рэжыму магчымыя толькі пры зьмене асобы кіраўніка. А пераабраньне, якое адбываецца кожны раз, — гэта даніна традыцыі. Насамрэч ні да якіх зьменаў палітычных вэктараў такія выбары не прыводзяць».

XS
SM
MD
LG