Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымайце, партызаны, самалёт


Савецкі бамбавік Су-24
Савецкі бамбавік Су-24

Зэльвенскія партызаны атрымаюць да Дня Перамогі самалёт.

А ці мелі партызаны сваю авіяцыю? Пытаньне наіўнае. Іншая рэч: ці мелі лётчыкі дачыненьне да партызанскага руху? Адназначна мелі. Самалёты закідалі ў нямецкі тыл спэцгрупы НКВД і забясьпечвалі лясныя атрады патронамі і ўлёткамі.

Але ці гэта падстава, каб мэмарыял савецкіх салдат і партызанаў «узбагаціць» асобнікам Су-24, аб якім мясцовая прэса з гонарам паведамляе, што быў прыняты на ўзбраеньне ў 1984 годзе? Дакладна праз сорак гадоў пасьля вызваленьня Зэльвы ад немцаў. Дадатковая інфармацыя: самалёт з базы ў Росі Ваўкавыскага раёну перавялі ў Баранавічы, там сьпісалі і прывезьлі ў разабраным выглядзе ў Зэльву.

Помнік «са столі» ў Зэльве ўжо ёсьць, даўно стаіць на пастамэнце савецкі Т-55. Пры самай дарозе, па якой транспарт з Польшчы ідзе на Менск. На цьвярозую галаву такія машыны ставяць у двух выпадках. Калі ў райцэнтры існаваў, дапусьцім, танкавы гарадок, чаго ў Зэльве ніколі не было. І – як помнік перамозе, здабытай тут. Аднак у інтэрнэце поўна здымкаў за 1941 год: менавіта на гэтым месцы, дзе цяпер Т-55, немцы фатаграфуюцца з цэлым і падбітым савецкімі танкамі. На іншых здымках мноства кінутай у Зэльве або зьнішчанай бронетэхнікі, у тым ліку напалову затопленай, побач з млыном, каля моста. Значыць, помнік няхай няўдалым, але напэўна гераічным спробам абароны мог бы мець падставу. Але пры чым тут Т-55? Такія танкі выкарыстоўваліся на Галянскіх вышынях Эгіптам і ў вайне паміж Іракам ды Іранам.

Аднак начальства такімі падрабязнасьцямі сваю галаву ніколі не абцяжарвала, вось паставілі некалі з нагоды чарговай гадавіны перамогі савецкага народу на фашызмам і кропка. З такім жа посьпехам можна было і падлодку прыцягнуць у Зэльву. Яна б мела хоць нейкае ляндшафтнае апраўданьне: танкавая руля глядзіць у бок шыкоўнага вадасховішча. Але чаму ўсё ж Т-55? Мы ніколі не даведаемся. Магчыма, райцэнтраўскае начальства марыла некалі пра танкавы шлем і напяваць любіла кінапесьню «браня крапка і танкі нашы быстры». Ці, ня выключана, трапіўшы ў такі мядзьведжы кут, мясцовы ваенкам наталяў сваю настальгію па былой бранятанкавай службе.

Аляксей Карпюк распавядаў, што праехаўшы ўлетку 1941-га ад Беластоку да Ваўкавыску, налічыў больш за сто кінутых ці спаленых савецкіх танкаў. Наступная за Ваўкавыскам праз трыццаць кілямэтраў якраз Зэльва. Рэальны помнік такому «танкаваму шляху» быў бы адзнакай сапраўдных падзеяў, якія адбыліся менавіта тут, а ня высмактаныя з пальца.

Сёньня мы назіраем паўторную хвалю пастаноўкі на п’едэсталы савецкай бронетэхнікі. У суседнім Ваўкавыску, напрыклад, апынуўся над галовамі людзей вялізны «Іосіф Сталін». Адкрыць помнік прыяжджаў сам «губэрнатар», што не ўратавала яго ад пераводу з Горадні. Прыяжджаў і міністар абароны (яго цяпер сьпісалі ў запас), які сказаў, што па Беларусі толькі танкаў-помнікаў часоў вайны цэлых сорак, але гэтага замала, таму будуць ставіць новыя. Бо кожны будзе «цаглінкай у справу выхаваньня маладога пакаленьня». Мінабароны раней прапанавала свайго «Іосіфа Сталіна» Баранавічам, але там начальству не захацелася (хоць у горадзе, між іншым, існавала савецкая танкавая часьць), а ў Ваўкавыску – з радасьцю пагадзілася.

Дарэчы, новы «губэрнатар» днямі рабіў выязны прыём скаргаў ад насельніцтва ў той самай Зэльве. І што турбуе людзей? Забарона гадаваць кабаноў. «Губэрнатар» параіў мясцоваму начальству дапамагчы сялянам, «якія пазбаўленыя магчымасьці самастойна забясьпечыць сябе таннай сьвінінай». Трэба «як мінімум, да сьвятаў» прадаваць ім мяса без нацэнкі.

Але народ цікавіць ня толькі сьвініна. Адна фірма ня супраць пабудаваць турыстычны гарадок там, дзе дазволяць. І абласны кіраўнік прапанаваў Зэльвенскае вадасховішча, выдатную адпачынковую мясьціну ў маштабах усёй Гарадзеншчыны, якая дагэтуль амаль не выкарыстоўваецца. Мясцовае начальства атрымала заданьне заняцца прыцягненьнем турыстаў і інвэстараў. Першы крок ужо, можна сказаць, зроблены: партызаны атрымаюць самалёт.

З аднаго боку савецкія танкі і самалёты ў цалкам дэмілітарызаваным райцэнтры, з другога – нежаданьне начальства паставіць помнік Ларысе Геніюш, якая прынамсі назву Зэльвы замацавала ў гісторыі беларускай літаратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG