Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы па іранскай ядзернай праграме ўвайшлі ў фінальную стадыю


Іранскія чыноўнікі і прадстаўнікі ААН падчас перамоваў у Тэгеране па ядзернай праграме Ірана

Іранскія чыноўнікі і прадстаўнікі ААН падчас перамоваў у Тэгеране па ядзернай праграме Ірана

На перамовах па іранскай ядзернай праграме, якія праходзяць у Лязане, бакі пагадзіліся з плянам паступовага скарачэньня Іранам сваіх ядзерных магутнасьцяў у абмен на паслабленьне заходніх санкцыяў.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры правёў у Швайцарыі сустрэчу зь міністрам замежных спраў Ірану Махамадам Джавадам Зарыфам. Бакі прыкладаюць намаганьні да таго, каб рамачнае пагадненьне па іранскай ядзернай праграме было заключанае да бліжэйшага аўторка, як было заплянавана раней.

Паколькі часу застаецца ўсё менш, Кэры вырашыў не вяртацца ў ЗША ў нядзелю для ўдзелу ў мерапрыемстве, у якім ён плянаваў прыняць удзел.

Перамовы ў Лязане ўвайшлі ў вырашальную стадыю. Пры гэтым кожны з бакоў лічыць, што другі бок павінен пайсьці на саступкі.

У мінулую суботу міністар замежных спраў Ірану Махамад Джавад Зарыф паведаміў у Twitter, што Іран гатовы заключыць выгадную зьдзелку і чакае таго ж ад процілеглага боку. Аднак прадстаўнікі шасьці сусьветных дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у перамовах, лічаць, што на кампраміс варта пайсьці Ірану.

У нядзелю прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нетаньягу заявіў, што зьдзелка, якая можа быць заключаная, ня толькі пацьвярджае ягоныя асьцярогі, але «можа апынуцца яшчэ горшай». Ізраільскі прэм’ер-міністар, які імкнецца пераканаць сусьветныя дзяржавы ў тым, што з Іранам дамовіцца нельга, заявіў, што «вось Іран-Лязана-Емэн уяўляе велізарную пагрозу для чалавецтва, і што яе неабходна спыніць».

Як паведаміў у суботу высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, «сур’ёзная, але цяжкая праца працягваецца».

«Мы чакаем, — працягваў ён, — што працэс паскорыцца, як толькі мы зразумеем, што паразуменьне можа быць дасягнутае».

Іран і дзяржавы, якія вядуць перамовы ў фармаце «пяць плюс адзін», — Вялікабрытанія, Кітай, Францыя, Расея, ЗША і ФРГ, — павінны заключыць рамачнае пагадненьне да ўстаноўленай імі даты — 31 сакавіка. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем Іран павінен скараціць маштабы ўзбагачэньня ўрану, што пазбавіць яго магчымасьці стварыць ядзерную зброю. Са свайго боку, заходнія краіны павінны адмяніць санкцыі, ад якіх церпіць эканоміка Ірану.

Іран настойвае на неадкладнай адмене санкцыяў. Аднак міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіус заявіў у суботу, што пытаньне аб магчымасьці назіраньня за тым, як Іран выконвае ўмовы пагадненьня, выклікае непакой.

Іранскі бок па-ранейшаму заяўляе, што Іран не імкнецца да стварэньня ядзернай зброі, і настойвае на тым, што ядзерная праграма Тэгерана носіць выключна мірны характар.

Тым часам прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст падкрэсьліў у тэлеінтэрвію, што «для іранцаў, нарэшце, настаў час паслаць міжнароднай супольнасьці ясны сыгнал — ці маюць яны намер узяць на сябе вымаганыя ад іх сур’ёзныя абавязацельствы і, па-сутнасьці, пацьвердзіць справай свае заявы аб тым, што яны не імкнуцца абзавесьціся ядзернай зброяй».

Міністар замежных спраў Германіі Франк Вальтэр Штайнмаер ахарактарызаваў атмасфэру на перамовах як «вельмі добрую». Разам з тым ён папярэдзіў, што на шляху да дасягненьня пагадненьня пакуль захоўваюцца перашкоды, паведамляе «Голас Амэрыкі».

XS
SM
MD
LG