Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяточнае мерапрыемства ў Маямі сабрала як беларусаў, якія пражываюць у Паўднёвай Флорыдзе, так і прыежджых.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і сакратар па адукацыі Рады Ала Орса-Рамана далучыліся да сьвяточных мерапрыемстваў, арганізаваных суполкай Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня БАЗА ў Паўдневай Флорыдзе.

Урачыстая канфэрэнцыя прайшла пад назвай «Беларусь: Мы Маем Надзею». У яе межах выступілі некалькі прамоўцаў, якія падкрэсьлілі, што Беларусь мае вялікі шанец вярнуцца да дэмакратычнага ладу.

Як адзначыла Івонка Сурвіла, падмуркі закладзеныя былі амаль сто гадоў таму. Абвяшчэньне БНР — адна з самых значных падзей для сучаснай гісторыі Беларусі, бо менавіта БНР, а не БССР, заклала аснову беларускай дзяржаўнасці. Івонка Сурвіла правяла паралель зь вядомай прамовай Марціна Лютэра Кінга «Маю мару» пра Амэрыку ў 60-ых. Яны, чорнаскурыя амэрыканцы, марылі мець праўдзівую дэмакратыю і роўнасьць у сваёй краіне. І беларусы таксама маюць усе падставы мець надзею на свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Сакратарка Паўднёва-Флорыдзкага аддзелу БАЗА Паліна Прысмакова ў сваім выступе распавяла, што наведвала больш за 50 арганізацыяў Гарадзенскай вобласці, мэта якіх дапамагаць беспрацоўным, сталым, вэтэранам і шматдзетным сем’ям. Паводле вынікаў дасьледаваньня, прадстаўнікі недзяржаўных і дзяржаўных арганізацыяў ахвотна ўдзельнічаюць у дабрачынных праектах.

«Свабодная дэмакратычная Беларусь мае надзею на існаваньне, пакуль у ёй жывуць такія цудоўныя людзі, — падсумавала Паліна. — Бо калі запытаесься іх, каго яны любяць? Адказ будзе: люблю Беларусь! А то ўзаемна!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG