Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Аўганістане асуджаны паліцыянт, які забіў фатографа Associated Press


Аня Нідрынгхаўз

Аня Нідрынгхаўз

У красавіку 2014 паліцыянт адкрыў агонь па фатографу Ане Нідрынгхаўс і карэспандэнтцы Кэці Гэнан, якія асьвятлялі хаду прэзыдэнцкіх выбараў у Аўганістане.

Вярхоўны суд Аўганістана асудзіў да 20 гадоў турмы былога паліцыянта, прызнанага вінаватым у забойстве і раненьні супрацоўнікаў агенцтва Associated Press. Суд першай інстанцыі ў ліпені 2014 асудзіў паліцыянта па імені Накібула да сьмяротнага пакараньня. Вярхоўны суд Аўганістану на гэтым тыдні пацьвердзіў рашэньне апэляцыйнага суда, які замяніў у студзені вышэйшую меру пакараньня 20-гадовым турэмным тэрмінам, які зьяўляецца максымальным у Аўганістане.

4 красавіка мінулага году Накібула без папярэджаньня адкрыў агонь па фатографе Ані Нідрынгхаўс і карэспандэнтцы Кэці Гэнан, якія асьвятлялі правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у правінцыі Хост на паўднёвым усходзе Аўганістану.

Грамадзянка Германіі Нідрынгхаўс загінула на месцы, журналістка з Канады Гэнан была параненая, у яе трапіла шэсьць куль. Зараз яна праходзіць курс лекаваньня ў сябе на радзіме.

Як адзначае Associated Press, у 2005 годзе Аня Нідрынгхаус атрымала Пулітцэраўскую прэмію за асьвятленьне ірацкай вайны. У тым жа годзе яна была ўзнагароджаная Міжнародным фондам жанчын, якія працуюць у СМІ, за мужнасьць у журналістыцы.

XS
SM
MD
LG